У фальклёры і літаратуры цэлага шэрагу эўрапейскіх краінаў вельмі часта сустракаюцца таямнічыя, загадкавыя пэрсанажы - камінары. Камінары, якія ноччу могуць пранікаць у дом, якіх чакаюць і ў той жа час баяцца.
Камінары незаслужана засталіся забыты ў сучасным гарадскім фальклёры, а той фальклёр, які прапагандаваўся ў савецкі час - гэта вясковы. Комін заўжды быў у гарадскіх жыхароў і шляхты, а таксама ў гандляроў, купцоў і рамесьнікаў, пачынаючы з канца ХV - пачатку ХVІ стагодзьдзя. Утой час кафляная печ становіцца галоўным элемэнтам інтэр’еру любога заможнага будынку, як культавага, так і свецкага. І кафляная печ заўжды мела вельмі высокі цагляны комін, які наверсе даху трэба было даглядаць. Менавіта тады і з'явіліся ў Горадні камінары. Першапачаткова яны абслугоўвалі дамы знатных гараджанаў, бровары і кляштары. Натуральна, не кожны просты жыхар меў магчымасць наладзіць сабе мураваны комін: у большасці выпадкаў коміны рабіліся з лазы, абмазанай глінай, альбо нават дамы тапіліся па-чорнаму. Даглядчыкі за комінамі і атрымалі назву “камінар”, ад грэцкага “камінас” - “печ”. Радзімай камінараў лічыцца Італія. Нездарма ў 1541 г., ураджэнка гэтай краіны, каралева Бона загадала, каб гарадзенскі магістрат наглядаў за спраўным станам дымавых труб, “каб коміны ў кожным доме былі пабудаваны, выпраўлены, вычышчаны, вымецены і добра агледжаны, каб ад агню былі бяспечныя”.
Камінары на медзярыце Chr. Weigel, 1698 г.
Але, вядома ж, рэдка якія пастановы выконваліся: у канцы XVIII ст. шмат жыхароў карысталася “плеценымі або дошкамі абкладзенымі печкамі”
У XVIII ст. камінары ўваходзілі ў зборны цэх каменшчыкаў. Паводле дадзеных, у 1789 г. былі чатыры камінары-майстры, чатыры чаляднікі і “хлопцы”. Камінары, канкуруючы паміж сабою , заключалі з домаўласнікамі кантракты на ачыстку комінаў. Магістрат стараўся сачыць за гэтым. Калі з прычыны няспраўнасці коміна адбываўся пажар, або нават калі валілі іскры, магістрат рабіў праверку, шукаючы вінаватага: домаўласнік, які не заключыў кантракт з камінарам, ці нядбалы камінар, які нерэгулярна чысціць комін. Коміны ў тых будынках, дзе заўсёды палаў агонь, як то ў “кухнях, печах, камінах, броварах, пякарнях” камінары павінны былі чысціць штотыдзень.
Упачатку ХІХ ст. у паўсядзённым жыцці гарадзенскіх камінараў нічога прынцыпова новага не адбылося. Як і раней, металічная гіра і венік з бярозавых прутоў з’яўляліся нязменнымі атрыбутамі іх прафесійнай экіпіроўкі, як і сама тэхналогія чысткі дымавых трубаў. Металічны шар, над якім мацаваўся ёршык, апускаўся на вяроўцы ў трубу. Шар прабіваў невялікія завалы, а ёршык адначасова ачышчаў са сценак дымахода сажу.
Працавалі камінары звычайна групамі з трох чалавек, якія складаліся з майстра, падмайстра і вучня. Такі склад групы быў звязаны са складанасцю работы, а таксама з падзелам абавязкаў кожнага.
Кожны камінар меў вызначаную тэрыторыю “па заведзенаму з даўніх часоў парадку” і меў “поўнае права займацца майстэрствам свайго рамяства па цэламу гораду без усялякіх перашкод”. У п.п. ХІХ ст. у горадзе былі тры камінары-майстры: Антон Капчынскі, які ачышчаў палову горада і Занёманскі фарштат (пазней яго тэрыторыя адышла Антону Ажахоўскаму), Ліберман і “іншаземец” Іаган Нэйдшыльд, які займаўся чышчэннем на Гарадніцы.
Камінары-хлопчыкі выконвалі найбольш цяжкую працу. Часам, пры прачышчэнні недаступных мясцін, самі залазілі ў комін. Крыніцы др.п. ХІХ ст. указваюць, што ў Горадні ледзь ці не кожны камінар меў непаўнагадовых памочнікаў.
З ростам насельніцтва Горадні попыт на працу камінараў павялічваўся. У 60-х гадах ХІХ ст. у дамах гараджан было каля 2700 комінаў, кожны з якіх “з усёй акуратнасцю і спраўнасцю” чысцілі камінары, стараючыся “паслужлівасцю сваёй дагадзіць гаспадарам”. Камінары канкуравалі паміж сабой, што, часам, прыводзіла да канфліктаў.
У 1854 г. камінар Беньямін Ліберман, пакідаючы горад, пераўступіў сваю тэрыторыю Міхалу Каплану, папярэдне звярнуўшыся ў паліцыю. Камінар Ажахоўскі спачатку з цярпеннем аднёсся да новага канкурэнта, аднак, калі той пачаў “удзірацца” на тую тэрыторыю, якую кантраляваў Ажахоўскі, апошні звярнуўся са скаргаю ў гарадскую паліцыю, грунтуючыся тым, што “нідзе не запісаны выхрэст з габрэяў Міхал Каплан … робіць яму велькія страты”. Паліцыя, са слоў Ажахоўскага, замест таго, каб задаволіць скаргу, пачала патрабаваць ад істца “ва ўгоду Каплану падпіску ў тым, што ён больш не будзе займацца трубачышчэннем”. Больш таго, паліцыя прызнала, што Ажахоўскі увесь час займаўся рамяством самавольна, з чым апошні не мог пагадзіцца і прасіў дазволу працягваць працаваць. Паліцыя адмовіла просьбу і прапанавала кампраміснае рашэнне: супрацоўнічаць з Капланам і плаціць яму па 8 руб. штомесяц, на што абое згадзіліся. Каплан павінен быў, акрамя таго, “наглядаць за Ажэхоўскім і … адказваць за яго”.
Майстрам-камінарам Каплану і Ажахоўскаму было дазволена свабодна займацца рамяством разам з вучнямі і падмайстрамі колькі заўгодна. У пошуку кліентаў час ад часу яны заходзілі не на сваю тэрыторыю, і, відаць згрызотаў сумлення ў іх не было: у 1858 г. яны звярнуліся са скаргаю ў паліцыю з тым, што камінар Нэйдшыльд перашкаджае ім займацца чысткаю трубаў на Гарадніцы, хоць гэта тэрыторыя належала ўвесь час толькі яму. Больш за тое, у кастрычніку таго ж года Ажахоўскі прасіў аб спагнанні ў яго карысць ужо з Каплана 25 руб.
Як бачна, канфлікты паміж камінарамі ў горадзе часта ўзнікалі з-за тэрыторый. Канешне, такой барацьбы ў Горадні як у Коўне не было, калі ў пачатку ХХ ст. быў да 20-ці гадоў катаргі прыгавораны камінар Альтман, які забіў іншага камінара з-за канкурэнцыі. Але, тым ня менш, асабліва жорстка ішла барацьба з новымі камінарамі, якія прыяжджалі ў горад з іншых рэгіёнаў, хоць юрыдычна стаць у Гародні камінарам было няпроста: прадаставіць дакументы, прайсці атэстацыю па рамяству камінара, далей агульная рамесная ўправа залічвала ў цэх гарадзенскіх камінараў і давала аб тым пісьмовае пасведчанне, якое патрэбна было прадаставіць у гарадскую думу. На практыцы мяшчанін, каб стаць камінарам, меў пэўныя цяжкасці, звязаныя з узаемаадносінамі з іншымі камінарамі. Часам, без падтрымкі гарадскога кіраўніцтва нічога не атрымлівалася.
У жніўні 1869 г. майстры цэха камінараў Міхал Каплан, Іаган Нэйдшыльд, Антон Цулькоўскі і Міна Каляда звярнуліся са скаргаю на паліцэйскае ўпраўленне за тое, што яно “ва ўгоду нейкаму прыбыламу камінару Ратовічу на аснове быццам бы распаражэння гарадской думы спыняе істцоў ад іх заняткаў, раздзяляе рамясло на нейкія ўчасткі і ... прымушае іх падпісаць акт аб раздзяленні горада на ўчасткі”. Калі майстры адмовіліся падпісваць акт, зважаючы, што ён будзе толькі абцяжарваць іх працу і не прынясе ніякай карысці домаўласнікам, паліцыя прыгразіла ім затрыманнем.
Хрыстыматыйны вобраз камінара. Фота к. ХІХ ст. Расейская імперыя.
Гарадскія ўлады вырашылі разабрацца ў гэтай сітуацыі. Высветлілася, што паліцыя дзейнічала супраць распараджэння губернскага праўлення і выдзеліла камінару Ратовічу “асаблівы адзін з важнейшых участкаў горада і гэтым прыводзіць істцоў да разарэння”.
Гарадзенскія камінары і, ў асаблівасці, Каплан прасілі адмяніць распараджэння Паліцыі аб выдзяленні камінару Ратовічу ўчастка. Тым ня меньш, гарадская дума вырашыла, што Ратовіч быў бы “больш карысны”, чым другія гарадскія камінары, але так як горад не быў падзелены на ўчасткі, дума папрасіла паліцмайстра выбраць важнейшы ўчастак па колькасці дзяржаўных будынкаў. Паліцэйскае ўпраўленне вырашыла выдзеліць Ратовічу першы гарадскі паліцэйскі ўчастак.
Як аказалася, прыбылы ў Гародню камінар Пётр Ратовіч быў адстаўным ўнтэр-афіцэрам. Становіцца адразу зразумелым, чаму за яго так заступаўся паліцмайстар.
Узнагарода за працу камінара ўстанаўлівалася па дамове з домаўласнікам і, як правіла, была немалой. Напрыклад, у 1979 г. жыхары Брэста плацілі за камінарскія паслугі так: на ускрайку горада - 70 кап., у цэнтры - 1 руб. 50 кап. ад коміна з люфтом, у драўляных дамах без люфта - 75 кап., з мураваных дамоў -2 руб., з пякарняў -2 руб. 50 кап. і фабрык - 5 руб. У Беластоку, апроч таго, аплата магла залежаць ад канструкцыі коміна і печы, сярод якіх адрозніваліся рускія, галандскія печы і пліты. Заробак беластоцкага камінара Левіна ў канцы ХІХ ст. складаў каля 700 руб. , што было немалой сумаю. У Менску палова ўсіх камінараў-майстроў мелі ўласныя дамы, а некаторыя нават і па некалькі. Некоторые заможныя камінары займаліся апроч таго і гандлем, і ў іх былі свае гандлёвыя лаўкі.
У сярэдзіне 1870-х гадоў у горадзе камінарскай справай займаліся майстры-камінары: Ратовіч, Шымуль, Кашэўнік, Цулькоўскі.
Пасля пажару 1885 г. стаўленне гарадскіх уладаў і паліцыі да чышчэння комінаў было нашмат сур’ёзней. У чэрвені 1886 г. “для больш правільнага распарадку ачысткі комінаў” горад быў падзелены на шэсць пажарных участкаў, у кожны з якіх назначаўся камінар. У першы ўчастак камінарам быў назначаны Пётр Ратовіч, у другі - Ян Ржэчыцкі, у трэці - Антон Цулькоўскі, у чацвёрты - Міна Каляда, у пяты - Якаў Шабайла і ў шосты - Адольф Жалудко. Гарадская дума была занепакоена тым, што “раздзяленне горада на ўчасткі паміж камінарамі ўстанаўлівае свайго роду манаполію, пазбаўляючы домаўладальнікаў права свабодна карыстацца паслугамі выбраным імі асоб за дамоўленую плату”.
Для ўсіх падмайстраў і вучняў камінараў па дамове паліцмайстра і рамесленнай управы былі ўстаноўлены бляшкі, у якіх пазначаўся нумар участка, нумар бляхі і прозвішча камінара-майстра, які абслугоўваў участак. Усе падмайстры і вучні павінны былі насіць гэтыя бляхі падчас працы. Акрамя таго, кожны камінар-майстар пры прыёме да сябе падмайстра або вучня, папярэдне павінен быў атрымаць ад паліцыі пасведчанне аб яго добранадзейнасці.
Паліцыя ўстанавіла норму ачысткі комінаў у будынках з узмоцненай топкай не менш чым раз на тыдзень. Камінары-падмайстры і вучні камінараў павінны былі дакладваць камінару-майстру аб адмове домаўласнікаў ачышчаць коміны, а таксама аб няспраўнасці комінаў, а той, у сваю чаргу, у паліцыю. За недобрасумленную працу, у прыватнасці, за дрэнную ачыстку комінаў, уся адказнасць ляжала на майстру. Выдадзены ў 1889 г. “Сборник обязательных для жителей города Гродны постановлений Гродненской городской думы” замацаваў некаторыя палажэнні адносна ачысткі комінаў. У прыватнасці, кожны домаўласнік абавязаны быў наглядаць, каб комін у яго доме вычышчаўся не менш чым раз у месяц, а ў такіх месцах, як хлебапякарні, ганчарныя і іншыя будынкі, коміны трэба было чысціць раз у тыдзень. Адказнасць за невыкананне гэтых правілаў падала на домаўласнікаў, калі тыя, “не маючы пастаяннага камінара”, самі не прымалі меры для своечасовай ачысткі комінаў, а таксама на камінараў, якіх наймалі домаўласнікі, калі яны “дапусцілі несвоечасовую ачыстку комінаў”, або “не давялі да ведама” управы і паліцыі аб заўважаных імі няспраўнасцях дымавых комінаў і печаў.
Нягледзячы на пастанаўленні ўладаў, праблема добраўпарадкавання комінаў з’яўлялася вельмі актуальнай для гарадзенцаў. З аднаго боку, большасць жыхароў мала клапацілася ачысткаю комінаў, што прыводзіла да частых пажараў. У пачатку ХХ ст. тры з чатырох пажараў у Горадні адбываліся з-за няспраўнасці комінаў. З другога боку, той колькасці камінараў, якія абслугоўвалі горад, было недастаткова. Для таго, каб знайсці камінара, якія ў асноўным жылі на ўскрайках горада, трэба было патраціць нямала часу. У 1903 г. гарадское грамадскае ўпраўленне вырашыла ўпарадкаваць справу ачысткі комінаў, але, як пісала газета “Гродненские губернские ведомости” ў адным з вясенніх нумароў за 1905 г., задача не была вырашана, бо “адшукаць камінара ў выпадку патрэбы вельмі цяжка”.