Гародня XVI ст., Гродна XVI ст., Гродно XVI в., Grodno XVI w., Каралева Бона, Стэфан Баторый, магістрат, Пётр Раізій, Civitates orbis terrarum, Жыгімонт Стары, архітэктура Гародні, культура Гародні
У XVI ст. Гародня з’яўляўся адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага. Горад быў адным з традыцыйных месц, дзе адбываліся пасяджэнні сойма ВКЛ, якія прайшлі тут у 1501, 1506, 1522, 1535, 1550, 1566, 1568 гады. Горад часта наведвалі замежныя пасольствы. Яго слава даходзіла да Заходняй Еўропы: у 1575 г. кёльнская энцыклапедыя “Civitates orbis terrarum” Г. Браўна ўключыла Гародню ў лік “выдатных гарадоў свету”.
Праз Гародню праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, як сухапутныя, так і рачныя. Кожны, хто ехаў з Кракава ў Вільню, абавязкова праязджаў праз гэты горад.
Адным з першых падарожнікаў, які праязджаў праз Гародню ў XVI ст. (31 снежня 1526 г.), быў нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн У сваёй кнізе “Нататкі аб Масковіі” ён пісаў, што зімы ў гэтай мясцовасці вельмі халодныя.
У 1551 - 1552 гадах Пётр Раізій напісаў верш, у якім былі наступныя радкі: “Бывай, Гародня, і няхай цябе паглынуць твае рэкі…”.
Тут, у Гародні, некаторы час жыў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары (1467 - 1548 гг., вялікі князь літоўскі і кароль польскі з 1506 г.) і яго жонка каралева Бона, Жыгімонт ІІ Аўгуст (1520 - 1572 гг., вялікі князь літоўскі з 1529 г.), Генрых Валуа (1551 - 1589 гг.), які 11 траўня 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім і ўсяго трынаццаць месяцаў пабыў на гэтых пасадах.
У 70-я гады горад выглядаў яшчэ так, як піша Аляксандр Гваньіні у сваёй “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”: “Гродна - драўляны горад, і мураваны замак на пагорку над ракой Нёман ляжыць”.
Але вернемся крыху раней, у канец XV ст. Наданне прывілею на Магдэбургскае права ў 1496 г. стварыла спрыяльныя ўмовы для юрыдычнага афармлення гарадской абшчыны, развіцця яе гаспадаркі і культуры, фарміравання органаў мясцовага самакіравання, у тым ліку мясцовай канцылярыі. На чале горада стаяла рада і два бурмістры - католік і праваслаўны. Паводле магдэбургскага права, гарадская рада кіравала гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю насельніцтва, разглядала іншыя гарадскія пытанні. Войт, якога вялікі князь прызначаў са шляхты, кіраваў судом па крымінальных справах, якія разглядаў разам з выбарнымі ад гараджан. Ен меў шырокія паўнамоцтвы ў разглядзе гарадскіх спраў наогул. Горад быў вызвалены ад непасрэднага падпарадкавання велікакняжацкай адміністрацыі Трокскага ваяводства і Гарадзенскага павета.
Горад складаўся з правабярэжнай і левабярэжнай частак. На правабярэжнай частцы горада жыла асноўная частка рамеснікаў і гандляроў, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй магістрата. На левым беразе, куды можна было прайсці праз пастаянны драўляны мост, жылі рамеснікі, якія залежалі ад замка. У горадзе былі тры плошчы (галоўны, Нямецкі і Занёманскі рынкі) і трыццаць дзве вуліцы. Назвы многіх вуліц паказвалі на прафесійную прыналежнасць жыхароў: Златарская - вуліца ювеліраў, Рэзніцкая - мяснікоў, Гарбарская - гарбароў і інш. Першае ўпамінанне аб гарадзенскім Рынку паходзіць з прывілею Жыгімонта Старога 1507 г., аднак яго фарміраванне пачалося яшчэ ў XIV - XV стст. Да ліку галоўных дамінант панарамы тагачаснай Гародні адносіўся замкавы комплекс, які пасля пажару ў к. XIV ст. быў перабудаваны ў гатычным стылі князем Вітаўтам. Замак звязваўся з Рынкам крывалінейнай вуліцай Замкавай. Да асноўных будынкаў рыначнай плошчы адносіліся драўляны прыходскі касцёл (“фара Вітаўта”), на месцы якога ў другой палове стагоддзя ўзведзены мураваны, ратуша, пабудаваная пасля атрымання горадам магдэбургскага права, мураваная парафіяльная Сімяонаўская царква, гандлёвыя рады, карчма. У сценах ратушы збіраўся магістрат, тут працавала гарадская канцылярыя, адбываліся ўрачыстасці, выконваліся судовыя пакаранні. Згодна з лакацыйным прывілеем, у ратушы знаходзілася гарадская вага ды пастрыгальня. Аб вонкавым выглядзе ратушы можна меркаваць па выяве на медзярыце Матэуса Цюндта. Згодна з ім, гэта быў двухпавярховы будынак, завершаны высокай вежай з гадзіннікам і назіральнай супрацьпажарнай пляцоўкай. Пад будынкам ратушы знаходзілася гарадская вязніца.
Важным межавым пунктам Гародні былі гарадскія ўязныя брамы. Як правіла, яны будаваліся пры ўездзе ў горад, у месцы, дзе гасцінец пераходзіў у вуліцу. Усяго іх было тры: Віленская, Азёрская і Паўднёвая.
Найбольш распаўсюджанай формай гарадской сядзібы з’яўляліся драўляныя дамы. Мяшчанам, у адпаведнасці з прывілеем караля Аляксандра 1506 г., дазвалялася нарыхтоўваць будаўнічыя матэрыялы “для будования домов и грева” з пушчаў ды гаёў, якія атачалі горад. Пераважнае месца ў будоўлі займалі драўляныя ды фахверкавыя адна- і двухпавярховыя пабудовы з падстрэшнікамі, крытыя гонтамі. Існавалі дамы, першы паверх якіх быў мураваны, а другі ўзводзіўся ў тэхніцы прускага муру. Нешматлікія гарадзенскія будоўлі ў XVI ст. былі мураваныя.
Акрамя мяшчанскіх дамоў, у Гародні будаваліся шляхецкія сядзібы. У XVI ст. тут дварамі валодалі гарадзенскі стараста Аляксандр Гальшанскі, ключнік Апанас Дудка, паны Федка Багдановіч і Марцін Храптовічы, гараднічы Федка Меляшковіч. У 40-х гг. XVI ст. у горадзе налічвалася каля 70 шляхецкіх сядзіб. Да ліку найбольш заможных магнацкіх уладальнікаў нерухомасці ў Гародні належалі Радзівілы, Масальскія, Боўфалы.
Сярод культавых збудаванняў, якія існавалі ў гэты час, можна вылучыць праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія. У XVI ст. у горадзе існавалі наступныя праваслаўныя цэрквы: кафедральная царква Прачыстай Багародзіцы, перабудаваная з храма ХІІ ст., царква т. зв. Малога манастыра на Падзамчы, цэрквы Св. Сімяона, Св. Крыжа на Падоле, Св. Міколы, Васкрасенская царква. Акрамя гэтага, захаваліся згадкі аб існаванні царквы Св. Спаса, Св. Іллі Прарока і Траецкую царкву. На Каложскім пасадзе каля царквы Святых Барыса і Глеба знаходзіўся праваслаўны манастыр.
Старэйшай каталіцкай святыняй горада быў драўляны парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Маці Божай, вядомы пад назвай Фарнага касцёла, які размяшчаўся на рыначнай плошчы. У крыніцах XVI ст. паведамляецца аб існаванні капліцы Св. Мікалая. Яшчэ адна капліца размяшчалася пры шпіталі Св. Духа. Пад канец XVI ст. была распачата будоўля мураванага касцёла Адшукання Св. Крыжа (кляштара бернардзінцаў).
Непадалёку ад замка стаяла габрэйская драўляная сінагога, якая ў 1575 - 1578 гг. была перабудавана ў мураваную.
Што датычыць колькасці насельніцтва тагачаснага горада, дык дакладных дадзеных няма. Па падліках Ежы Ахманьскага, толькі ў левабярэжнай частцы пражывала 3468 чалавек. Усяго у горадзе над Нёманам, як лічыць Зіновій Капыскі, пражывала 7 - 8 тысяч жыхароў.
У Гародні было шмат рамеснікаў. Першыя рамесныя карпарацыі, або цэхі, ў горадзе заснаваны ў 2-й палове XVI ст. Яны ствараліся для таго, каб пазбегнуць канкурэнцыі паміж рамеснікамі, а таксама не прапусціць на гарадскі рынак вырабы іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. Тут былі створаны цэх муляроў, цесляроў, бондараў і ганчароў; цэх майстроў металаапрацоўчых спецыяльнасцей, у склад якога ўваходзілі кавалі, кацельшчыкі і мечнікі; шавецкі і кравецкі цэхі.
У горадзе быў развіты гандаль. Штогод праводзіліся 3 кірмашы, на якія прыязджалі купцы з іншых гарадоў ВКЛ, Польшчы, Чэхіі. Акрамя таго, у Гародні збіраліся кожны тыдзень таргі.
Гародня быа заселена прадстаўнікамі розных саслоўяў і этна-канфесійных груп. Аналіз пісьмовых крыніц XVI ст. дае падставу сцвярджаць, што значную частку гарадскога насельніцтва складалі сяляне - выхадцы з суседніх вёсак і шляхецкіх маёнткаў Гарадзенскага павета. У горадзе сяліліся як “пахожыя”, так і “непахожыя”, феадальна залежныя ўцекачы. Мяшчанскае саслоўе папаўнялася за кошт маламаёмаснай шляхты. Апроч карэннага насельніцтва, крыніцай папаўнення гараджанскай супольнасці былі мяшчане, якія паходзілі з іншых рэгіёнаў ВКЛ, а таксама з Польшчы, Чэхіі, нямецкіх земляў, Італіі, Францыі, Швейцарыі, розных рэгіёнаў тагачаснай Вугоршчыны. Пасля перамогі войск ВКЛ пад Воршай у 1514 г. у Гародні былі паселены 37 маскоўскіх купцоў, якім, паводле прывілея Жыгімонта Старога, было дазволена “поспол з местом права майборского вживати”. У 1526 г. кароль у грамаце гарадзенскаму старасце Ю. Мікалаевічу дазваляе ім жыць у горадзе на правах мяшчан.
Значную частку насельніцтва Гародні, а гэта каля 10 %, складалі габрэі. Яшчэ ў траўні 1495 г. усё габрэйскае насельніцтва ВКЛ было выгнана з тэрыторыі дзяржавы. У 1503 г. вялікі князь Аляксандр выдаў грамату, у якой дазволіў гарадзенскім габрэям вярнуцца назад і выкупіць усю адабраную ў іх маёмасць, у тым ліку месца пад сінагогу і могільнік. У 1507 г. гэту грамату пацвердзіў Жыгімонт Стары. У сярэдзіне XVI ст. габрэі ўжо валодалі 61 гарадскім пляцам. У 1540 г. згадваецца збор, або габрэйская школа.
Татары, хоць і не жылі ў горадзе і не набывалі ў ім нерухомасці, іхняе штодзённае жыццё было моцна звязана з Гародняй. Яны сяліліся ў вёсцы Ласосна, што знаходзілася побач з горадам.
У 1508 г. Гародня была ўцягнута ў мяцеж Глінскіх. Міхал Глінскі, сабраўшы атрад з баяр-васалаў і сваякоў, напаў на дом троцкага ваяводы і гарадзенскага намесніка Яна Забярэзінскага каля Гародні і загадаў забіць гаспадара. Адсечаную галаву ваяводы забойцы ўтапілі ў возеры каля мястэчка Азёры. Глінскі ўцёк у Масковію, дзе падгаворваў цара Васіля ІІІ да вайны з ВКЛ.
Вялікі ўклад у развіццё горада зрабілі Жыгімонт І Стары і каралева Бона. Жыгімонт І пацвердзіў ранейшыя прывілеі, дадзеныя Гародні вялікімі князямі літоўскімі і выдаў новыя. Згодна з імі, у 1540 г. войт і магістрат атрымалі афіцыйную пячатку з гербам. У якасці геральдычнага сімвала гарадзенскага герба быў прыняты алень Св. Губерта, які перапрыгвае праз агароджу - сімвал любові да свабоды. Жыхары горада атрымалі шэраг гаспадарчых прывілеяў. Каралева Бона, уладальніца гарадзенскага замка і 180 вёсак гарадзенскай эканоміі, узяла сабе кантроль за парадкам у горадзе. У сваіх паветах яна заснавала земскія суды - першыя акты Гарадзенскага земскага суда адносяцца да 1539 г. З 1541 года пачаў дзейнічаць гарадскі вадаправод, адзін з першых у краіне [4]. Каралева загадала магістрату рабіць справаздачы аб размеркаванні гарадскіх даходаў. Яе спецыяльным загадам быў назначаны загармістр для нагляду за гарадскім гадзіннікам. Каралева стала фундатаркай касцёла Св. Духа і шпіталя пры ім. У 1551 г. пад яе кіраўніцтвам была перабудавана фара Вітаўта.
Вялікую ролю ў насычаным жыцці горада ў XVI ст. адыгрывалі набыткі яго духоўнай культуры. У1543 г. тут па загаду каралевы Боны створана “Літоўская капэла” - адзін з найбольш ранніх музычных калектываў на тэрыторыі ВКЛ.
У гарадзенскай пушчы любіў паляваць Жыгімонт ІІ Аўгуст. У 1543 г. ён паляваў тут у прысутнасці “ўсяго літоўскага двара”. Ён выдаў мяшчанам Гародні прывілеі, паводле якіх памяншаліся падатковыя спагнанні. Па загаду караля С. Дыбоўскім і Л. Войнам быў праведзены вопіс горада, у якім былі ўказаны назвы ўсіх вуліц, указаны плошчы і зямельныя ўладанні. Гэта было першае дэталёвае тапанімічнае даследаванне горада, згодна з якім у Гародні было 543 дамы на правым беразе і 173 - на левым.
У 2-й палове XVI ст. з Заходняй Еўропы сюды дайшлі павевы рэфармацыйнага руху, накіраванага на аслабленне магутнасці каталіцкай царквы. Ёсць звесткі, што ў 1567 г. ў Гародні была надрукавана антытрынітарская брашура, якая, паводле слоў сучасніка, “адмаўляе ўсялякую ўладу, усхваляе свабоду веравызнання, агульнасць маёмасці, знішчэнне саслоўных адрозненняў у дзяржаве і касцёле”.
У 1567 г. кароль прымаў у Гародні маскоўскае, турэцкае і малдаўскае пасольствы. Маскоўскае пасольства - якое ўзначальвалі Ф. І. Умны-Калычаў, Г. І. Нагі, В. Я. Шчалкалаў - складалася з 1200 чалавек, якіх Васіль IV накіраваў для заключэння перамір’я і для хадатайства з мэтай выдачы А. Курбскага. Сустрэча адбылася на левым беразе Нёмана. Г. Адэльгаўзер зрабіў з натуры малюнак гэтай падзеі. На аснове гэтага малюнка М. Цюндт зрабіў гравюру, на якой паказана маскоўскае пасольства на фоне панарамы Гродна: “Сапраўднае адлюстраванне Гародні на Літве”.
У наступным годзе тут адбыўся сейм, на якім Жыгімонт ІІ выдаў мяшчанам Вільні прывілей, а для татараў - пацвердзіў. Гэты сейм падрыхтаваў глебу для Люблінскага сейму 1569 г., паводле якога ВКЛ і Польшча аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву.
Пасля развязвання Інфлянцкай вайны (1558 - 1582 гг.), “памежных войнаў”, рэфармацыйнага руху ўсходні кірунак знешняй палітыкі дзяржавы становіцца галоўным.
3 заключэннем у 1569 г. Люблінскай уніі горад становіцца адным з важнейшых дзяржаўна-палітычных цэнтраў Рэчы Паспалітай. У 1579 г. у Гародню прыбыў Стэфан Баторый. Горад становіцца на нейкі час неафіцыйнай сталіцай не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. Адсюль ідуць шматлікія прывілеі, загады аб скліканні войска і іншыя афіцыйныя дакументы. Тут распрацоўваліся планы новых ваенных паходаў на Усход [2]. Ні адзін з каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх не ўдзяляў столькі ўвагі развіццю і дабрабыту Гародні, як С. Баторый. Нездарма не толькі яго сучаснікі, але і іх нашчадкі называлі Гродна “горадам Баторыя”. Кароль быў уражаны прыгажосцю горада і яго ваколіц. Ен займаўся тут не толькі дзяржаўнымі справамі, але і адпачываў, любіў паляваць у бліжэйшых лясах.
Аднак не толькі знешнепалітычныя абставіны паўплывалі на выбар Баторыем рэзідэнцыі. Кароль рэальна ацэньваў унутранае становішча ў Рэчы Паспалітай. Ен намагаўся палепшыць адносіны паміж Каронай і Княствам. Гародня адпавядала гэтым намерам. Да таго ж Гародня з усіх буйных гарадоў ВКЛ (за выключэннем занятага тады маскоўскім войскам Полацка) быў бліжэй размешчаны на старажытных шляхах да Інфлянтаў (Лівоніі).
У 1576 г. Стэфан Баторый пацвердзіў усе ранейшыя прывілеі, падараваныя Гародні вялікімі князямі літоўскімі. Такім чынам, юрыдычна было замацавана становішча горада як аднаго з важных цэнтраў дзяржавы.
Мяшчанам Гародні былі дадзены выключныя правы на продаж солі, якая прывозілася з Гданьска і Караляўца (Кёнігсберга).
Стэфан Баторый аздобіў горад новымі пабудовамі. Для сваёй рэзідэнцыі ён загадаў пабудаваць новы замак, бо старажытны замак часоў Вітаўта не падыходзіў для размяшчэння караля і яго світы. Была запрошана даволі вялікая група архітэктараў, будаўнікоў і рамеснікаў з ВКЛ і з-за мяжы. Узначальваў яе італьянскі архітэктар Скота з Пармы. У 1580 г. замак быў перароблены і прыстасаваны не толькі для абарончых мэт, але і для пражывання. На 1-м паверсе размяшчаліся канцылярыя, архіў, скарбніца і іншыя пакоі, на 2-м - асабістыя пакоі Баторыя. Каля Рынку па загаду караля быў пабудаваны палац - рэзідэнцыя караля (“дом Баторыя”).
Падчас праўлення Баторыя ў Гародні з’явіліся езуіты. Кароль быў фундатарам езуіцкага калегіума і касцёла (цяпер гэта паезуіцкі касцёл, вядомы пад назвай Фарны), але будова зацягнулася на доўгі час. І толькі ў часы праўлення Яна Казіміра яна была завершана. Па адабрэнню Баторыя быў зроблены праект перабудовы фары Вітаўта з драўлянага храма ў мураваны. Перабудовай кіраваў майсар-каменшчык Антоніо дэ Грота. Працы былі скончаны ў 1586 г.
Некаторы час гарадзенскім ваяводам быў ўраджэнец Трансільваніі Каспар Бекеш, які згрупаваў вакол сябе мясцовых антытрынітарыяў - прыхільнікаў рэфармацыйнага кірунку. Яны адмаўлялі большую частку абрадаў і дагматаў афіцыйнай хрысціянскай царквы. “Грэх” Бекеша перад каталіцкай і праваслаўнай царквой быў настолькі вялікі, што пасля яго смерці святары абедзвюх канфесій адмовіліся хаваць атэіста на сваіх могілках. Паводле загаду манарха цела нябожчыка адвезлі ў Вільню і там пахавалі на вяршыні маляўнічага ўзгорка, на правым беразе ракі Віленкі.
Разам са Стэфанам Баторыем у горад прыбылі прадстаўнікі яго двара, у тым ліку прыдворны гісторык Жан-Мішэль Брута (1515 - 1592 гг.). Сучаснікі лічылі яго авантурнай асобай. Да таго, як трапіць да Баторыя, ен быў бяздомным. Ж.-М. Брута атрымаў адукацыю ў знакамітым Падуанскім універсітэце, быў выдатным стылістам, гісторыкам-рытарам. Кароль яму вельмі давяраў і даручыў апісаць сваё панаванне ў Рэчы Паспалітай. Для рэалізацыі гэтай мэты ён узяў Ж.-М. Брута восенню 1585 г. у Гародню. Венецыянец знаходзіўся пры каралі да самай смерці манарха.
Таксама ў Гародні пры С. Баторыі працаваў малады каралеўскі сакратар, немец па паходжанню, Рэйнольд Гэйдэнштэйн (1553 - 1620 гг.), перад якім стаяла задача напісаць гісторыю Інфлянцкай (Лівонскай) вайны.
У Гародні ў 1581 г. С. Баторый прымаў паслоў Івана Грознага, а ў 1584 г. - пасла англійскай каралевы Лізаветы I Герберта. У 1582 г. кароль сабраў у замку раду сената Рэчы Паспалітай, каб разгледзець прэтэнзіі шляхты. Кароль вырашыў тут справу жыхароў Рыгі, якія не прынялі грыгарыянскі каляндар, а таксама справы Гданьска.
Нарэшце Стэфан Баторый прыбыў у 1585 г. ў Гародню на доўгі час: афіцыйна - каб кіраваць упрыгожаннем замка, а фактычна - каб рыхтаваць тут новую вайну супраць Маскоўскай дзяржавы. Тут, у Гародні, 12 снежня 1586 г. Стэфан Баторый памёр.
Паколькі манарх памёр раптоўна, то асабістыя ўрачы караля - італьянцы Шымон Сымоніус і Мікалай Буцэла - правялі 14 снежня 1586 г. першае на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага анатаміраванне цела караля. Затым цела Баторыя перанеслі ў мураваную фару Вітаўта. Паўтара года астанкі караля знаходзіліся ў Гародні. Потым, насуперак яго волі (бо ён хацеў, каб яго пахавалі ў гэтым горадзе), 29 красавіка 1588 г. жалобны картэж рушыў з Гародні і праз Варшаву прыбыў у Кракаў. Там 24 траўня 1588 г. астанкі караля былі пахаваны ў Вавельскім замку.
Пасля смерці караля горад страціў сваё ранейшае значэнне. Аднак Гародня заставалася другім горадам Вялікага княства Літоўскага пасля Вільні.
У 1588 г. Жыгімонт ІІІ Ваза на Кракаўскім сейму аб’явіў Гарадзенкае староства ўласнасцю караля. Гарадзенскім старастай быў назначаны Ф. Скумін-Тышкевіч. У 1589 г. Гародня стала цэнтрам вялікай каралеўскай эканоміі - дзяржаўнага маёнтка, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне караля, яго двара, дзяржаўнага апарату, войска і інш.
У 1591 г. праваслаўныя жыхары Гародні стварылі брацтва - культурна-рэлігійную арганізацыю, якая супрацьдзейнічала пашырэнню ўплыву каталіцызму ў горадзе. Пры ім заснавалі школу, у якой навучалі дзяцей “пісьму грэчаскаму і рускаму, арыфметыцы”, і друкарню для выдання кніг на старабеларускай мове.
У 1596 г. Жыгімонт ІІІ дазволіў гарадзенскім габрэям шынкарства і забараніў ім займацца іншым гандлем. Гарадзенскі магістрат атрымаў прывілегію на права вядзення аптовага продажу хлеба, солі і сельдзі.
Такім чынам, Гародня ў XVI ст. у палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці стаяў на адным узроўні з вядучымі гарадамі Рэчы Паспалітай. Пасля абрання Гародні каралеўскай рэзідэнцыяй Стэфана Баторыя статус горада значна ўзрос. Унійныя працэсы адбіліся на ўсіх узроўнях гарадскога жыцця. У першую чаргу гэта было выразна відаць на прыкладзе сацыяльнага кампаненту мяшчан, сярод якіх пашыраецца колькасць габрэяў і палякаў. З’яўленне гэтых індывідуумаў у гарадскім асяроддзі выклікала неабходнасць афармлення іх палітычных і эканамічных правоў. Адначасова з гэтым яны з’яўляліся носьбітамі сваёй традыцыйнай культуры і рэлігіі. Акрамя гэтага, Люблінская унія, якая кансалідавала два дзяржаўныя ўтварэнні, стварыла ўмовы для лепшага эканамічнага развіцця гарадоў.