Пра крывы дом

Mar 09, 2019 01:47

Ад крывога дома засталіся рожкі ды ножкі. На яго месцы неўзабаве з'явіцца бетонны монстр, хіба самы паскудны будынак у гістарычным цэнтры, які па памерам будзе пераўзыходзіць галоўную дамінанту паўднёва-заходняй часткі вуліцы Вялікай Траецкай - харальную сінагогу. А пакуль караван ідзе, мы крышачку ўспомнім пра апошні грамадскі будынак Школьнага двара.



Крывы дом. Фота 2009 г.


Як вы ўжо здагадаліся, крывы дом атрымаў сваю назву з-за незвычайнага выгнутага фасада. Гэтая частка выходзіла на створаную пасля пажара 1837 г. плошчу, якая ў розны час называлася Школьны двор, Рыбная плошча, Мясны рынак. Да пажару гэтая тэрыторыя была надзвычай шчыльна забудаванай і выглядала так:



План 1832 г. Чырвоным колерам выдзелена тэрыторыя, дзе пасля пажару 1837 г. з'явіцца новая плошча.

Пасля пажару гэты гарадскі квартал набыў новыя абрысы:



План каля 1862 г.

То бок на месцы выгарэлай забудовы была зроблена гандлёвая плошча. Дарэчы, звярніце ўвагу на вялікі цагляны г-падобны будынак у паўднёвай частцы (ружовы колер). Гэты будынак захаваўся, але за апошні год яго моцна перабудавалі:



Фота 2018 г.



Той самы будынак, фота 2019 г. З 170-гадовай камяніцы зляпілі чарговае пенаблочнае фуфло.

Вернемся да нашага крывога дома. На плане гандлёвай плошчы, зробленым у 1857 г., мы бачым, што яе паўночна-заходняя частка мае выгіб. Менавіта на гэтым месцы праз 40 гадоў з'явіцца наш будынак:



Вось, дарэчы, першы вядомы фотаздымак крывога дома, зроблены ў 1898 г.:



Лявей за ім на другім плане віднеецца малітоўня цэху мяснікоў. Яе падмуркі праглыне хутка праглыне новабуд.



Аэрафотаздымак 1915 г.



Пасляваенны здымак. Як бачым, ля крывога дома яшчэ стаіць некалькі дамоў.

P.S. Дзеля таго каб пазбегнуць будаўніцтва бетонных пачвараў на месцы знішчанай забудовы, як у дадзеным выпадку, мы збіраем сродкі на рэалізацыю аднаго вельмі важнага праекта. Падтрымайце, калі ласка: Праект адбудовы квартала вуліц Кляштарная-Замкавая ў Гродне

сінагога, рэканструкцыя

Previous post Next post
Up