Днямі праглядаў некалькі цікавых справаў др. п. ХІХ ст. у архіве аб перабудове Сафійскага сабора (Фары Вітаўта). Там змяшчаецца вельмі значны пласт інфармацыі аб “праваслаўным” перыядзе гісторыі каталіцкага храма. Хачу падзяліцца найбольш цікавымі і малавядомі момантамі, што мне ўдалося даведацца:
1. Вядомая нам Фара Вітаўта ў “праваслаўны” перыяд сваёй гісторыі прадстаўляла з сябе два храма - т.зв. “цёплы”і “халодны”. Цёплым храмам, асвечаным у гонар Мікалая Цудатворцы, з’яўлялася прыбудова з боку вуліцы Замкавай. Халоднай царквою быў увесь храм, асвечаны ў 1807 г. у гонар Сафіі.
Т.зв. Сафійскі сабор меў падлогу з дошак, якую паслалі наверх старажытнай каменнай падлогі.
2. Размовы аб перабудове храма ў “ісціннарускі” стыль вяліся ўжо ў др.п. 1860-х гг. Царкоўныя ўлады з сумам пісалі, што «повсеместная в крае реставрация храмов после 1860-х гг. не коснулась Софийского Собора». Тады, відаць, у перыяд , калі ў нас паўсюль узводзіліся т.зв. цэрквы-мураўёўкі і пайшла мода на залатыя цыбуліны (перыяд рускага “рэнесансу)”, ва ўладаў банальна не хапіла грошай, каб пачаць перабудову храма.
3.Цікавая эвалюцыя адносін праваслаўя да “прыгажосці”. Яшчэ ў 1840-50-я гг. былі відавочныммі праеўрапейскія павевы ў храмавым будаўніцтве. Успомніце незрэалізаваны праект перабудовы сабора 1843 г.,выкананы
Тамашам Тышэцкім. У 1847 г. (ці 1850?) над алтарнай часткай быў прыбудаваны неабарочны атык. Сабор гарманічна ўпісваўся ў архітэктурны воблік еўрапейскага горада (мал. 1). Аўрамій, епіскап брэсцкі, пісаў: “В настоящее время собор находится в таком виде: стены готического стиля 15-16 вв. с наружными колоннами и арками представляют прочное здание изящной лёгкой архитектуры, обезображенное по местам пристройками и прилепками позднейшего происхождения, с неуклюжей громоздкой и крутой крышей, не осененной даже крестом, с пристроеным на фасаде алтаря фронтоном костельного вида. … Внутри: стены здания своими незакрытыми пустыми нишами, вмещавшими некогда латинские престолы и скульптурные изображения (sic!) теперь напоминают только красоту бывшего костёла”.
4. У др.п. ХІХ ст. расейская ўлада катэгарычна памяняла свае погляды ў адносінах да “прэўкраснага”. У 1885 г. мы чытаем: “Здание соборного храма прочное, но по своему виду не соответствует значению православного собора, особенно в губернском городе. Снаружи собор более походил на костёл, чем на православную церковь. Бедность внутренней отделки не соответствует красивым формам здания”. Ідэя “беднасці ўнутранага аздаблення” храма і “несоответствии истинно православным традициям” чытаецца ледзь ці не ў кожным аркушы паперы.
Першы праект перабудовы сабора паводле М.Чагіна.
5. Першым архітэктарам, які прапанаваў сваё бачанне перабудовы храма, быў
Коля Чагін. У 1889 г. ён абсалютна задарма і “по собственной инициативе” намаляваў канцэпцыю перабудовы Сафійскага сабора “в будущем или отдалённом будущем” (мал.2). Аднак ні мясцовым уладам, ні пецярбургскім праект не спадабаўся, бо царква “не получит характера православного храма”.
6. У 1880-я гг., яшчэ да пажару 1892 г., калі згарэў храм, улады ўсур'ёз разглядалі рэалізацыю ідэі яго перабудовы. Самае што цікавае - ніводная канцэпцыя, з прапанаваных (усяго іх было некалькі, малюнкі і чарцяжы якіх знаходзяцца ў архіве) не прадугледжвала карэннай перабудовы, а толькі вонкавай (надбудова вежачак, цыбулін і т.д. з захаваннем аўтэнтычнага корпуса будынка) трансфармацыі. Нават першы праект Чагіна прадугледжваў надбудову купала над саборам і нязначную перабудову званіцы.Гэта было меншае зло, паверце, бо падчас брутальнай рэканструкцыя царквы 1896-1898 гг.нанесла аўтэнтыцы храма непаўторныя страты.
7. Гіпотэза (мая асабістая): пажар 1892 г. быў вынікам наўмыснага падпалу. Далейшыя падзеі паказваюць, што выйгралі ад гэтага многа хто: і царскія чыноўнікі і чыноўнікі духоўныя.
8. Стваральнікам канцэпцыі перабудовы храма ў “ісцінным” стылі быў архітэктар Жыбер. Ён “сделал набросок” у 1866 г., які надта спадабаўся чыноўнікам. Чагіну і губернскім архітэктарам было паручана дапрацаваць гэты малюнак і стварыць нармальны “чалавечаскі” чарцёж са з рахункамі і т.д. Так што сабор быў перабудаваны не зусім па праекту Чагіна, як паўсюль пішуць. І праект перабудовы быў ужо гатовы да 1892 г. Засталося было толькі дачакацца ... пажару, і грошай з Піцера на будаўнічыя работы.
Фара Вітаўта ў змяінай шкуры.
9. У архіве ёсць падрабязнае апісанне ўнутранай канструкцыі храма да перабудовы. Вельмі спатрэбіцца пры аднаўленні Касцёла. Неяк пры нагодзе апублікую (многабукаф).