УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

May 07, 2005 17:58

Уладзімір Някляеў
Паланэз. Паэма

1
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку -
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай...

Бывай, Яблонская, бывай!
Я застаюся па-за рамай
Карціны, што праз дождж відна:
Раяль, камін - і ты адна,
Стамлёная любоўнай драмай,
З бакалам белага віна...

Апошні раз прыгубіць дай -
Заторгні на карціне шторы!
Я кінуў твой пякельны рай,
Грукоча ў ночы поезд скоры:
Бывай, Яблонская, бывай!

Ня стаў бакал на самы край!
Сьвятло і цень дрыжаць падманна -
І ўсё разрывіста, туманна...
Цалую рукі, ясна панна,
Бывай, Яблонская, бывай!

Ад клавіш рук не адрывай!
У сьвеце, дзе вішчыць жалеза,
Пранізьліва гучыць няхай
Акорд апошні паланэза -
Бывай!

2
Ja kocham cie...”
Ва ўсіх краях,
Спрасоньня блытаючы мовы,
Я гэтыя пустыя словы
Знаходзіў лёгка на губах:
“I love thou”,
“Я люблю вас”,

“Ах!” -
І галаву кружыла п’яна,
І новымі духамі пах
Сюжэт банальнага рамана.

Я выдумляў яго, як мог...
А тут прыйшлі, каб выдумляцца,
Усе...
І плыў паркет з-пад ног,
І глухла зала ад авацый!..

Яблонская! Ня дай нам Бог
Хоць раз яшчэ ў жыцьці спаткацца!

3
“Я рада вас спаткаць...”
“Вы рады?..”

Прэм’ера.
Вайдаў фільм бяз Вайды.
Міцкевіч з Францыі лісты
Чытае Польшчы ўсёй... Масты
У часе зводзяцца...

На сцэне
Акцёры... Кветкі Тэлімэне,
Якую не сыграла ты -
Саперніцы яе прайграла...

Як на цябе зірнула зала!
Яблонская! Як ты стаяла
Супроць усіх!..
Саперніц мала
Табе на сцэне і ў жыцьці...

Руку маю, што спагадала,
З пляча ты скінула:
“Пусьці!”

4
- Як “Пан Тадэуш” вам?
- Ніяк.

Пустых размоў пусты скразьняк.

- Вы не паляк?
- Літвін.
- Вы з Вільна?

Бамонд. Ківае фраку фрак -
І звоніць тэлефон мабільны:
“Не, сёньня не...
Чаму так сьпешна?..”
Мы ўжо ўдваіх сярод усіх,
Мы ўжо адчулі млосны міг
Спатканьня двух жаданьняў грэшных...

“Аліцыя чытае вершы
Грудзьмі. Нібыта корміць іх”.

Ах, мы акцёры! Брава, брава!
Як ні хітруй, а праўда ў тым,
Што ўсе мы хворыя адным:
Нам едкі дым - чужая слава,
Ну, а свая - салодкі дым.

5
- Пайшлі.
Тут скрозь на тварах грым...
- Я тут свая...
- Але з чужым.
- Я не зьбягаю ад паразы!
“У, ганарыстая, зараза...”

А трэба йсьці было адразу,
Пакуль, як рыбіну ў траву,
Ня кінула мяне ад фразы:
“Пра Польшчу фільм, а не Літву,
І мог Літву ня згадваць Вайда”, -
І ў бок мой - зырк!..

І вадаспадам
Шаленства ў скроні:
“Ну, ка-злы!”

Ска-а-ндал...

- Сказаць, на што ты злы,
З чаго твой форс, адкуль бравада?..
Нідзе Літвы тваёй няма!
А Польшча ёсьць! І гэта праўда,
Бо Польшча ёсьць - як я сама!

- Няма Літвы!?.
Мяне няма?..

- Я рада быць з табой!
- Ты рада?..

На сьцежку восеньскага сада
Ступіла першая зіма.
Previous post Next post
Up