Згодзен
vital_stan at
Запозненыя сантыменты "Сярод забітых у Катыні афіцэраў польскага войска былі і беларусы!" Як паражае гэтае выказванне! За гэтым тэзісам, які чуеш ад палякаў, не чуваць шчырасці - хіба імкненне маніпуляцыі, гульні на пачуццях. Маўляў, мы мелі рацыю, за намі справядлівасць і годнасць, а вы - далучайцеся таксама, не будзьце ў баку.
Але:
- Польскае войска на Беларусі было акупацыйным. Зларадства з-за таго, што яно пацярпела, няма, бо пацярпела ад іншых злыдняў. Скажам так, акупанты пабілі акупантаў, гэта іх справы. Тое, што савецкія былі злыднямі, не робіць аўтаматычна анёлкамі польскіх. СССР быў падступным да палякаў, але ж ці не палякі ў Рызе дамаўляліся з СССР, каб падзяліць Беларусь? Ці ж не яны рабілі гэта за спіной Беларусі? З кім дамаўляліся, ад таго і атрымалі. Маглі б здагадацца з досведу, наколькі сумленнымі будуць пагадненні з Расіяй.
- Беларусы трапілі ў польскае войска ў выніку акупацыі, і ім давялося ваяваць за чужую краіну. У Савецкай Арміі і НКВД таксама былі беларусы, магчыма, нават расстрэльвалі тых самых афіцэраў, што з гэтага - хіба гэта прычына любіць СА і НКВД?
- Увесь час польскай акупацыі беларусаў не прызнавалі як такіх, апалячвалі, засылалі асаднікаў. Тады нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў Польшча не дапускала, пагатоў, у рамках войска. І вядома, як Армія Краёва супрацьдзейнічала ёй падчас нямецкай акупацыі. Вядома пра іх супрацьдзеянне беларускасці і ў войсках хаўруснікаў пры канцы вайны (апісана ў "Змагарных дарогах"). І вось цяпер, калі Беларусь фармальна незалежная, Польшча - так і быць! - прызнае права тагачасных"суайчыннікаў" беларускай нацыянальнасці на беларускасць, калі гэтыя беларусы ўжо мёртвыя. Вялікая ласка, панове. Інакш кажучы згадзіліся прызнаць беларусаў беларусамі толькі праз іх труп. Дый то - калі Польшчы гэта стала патрэбна.
Па-добраму было б перапрасіць, маўляў, выбачайце, што дзялілі вас за вашай спіной, выбачайце за акупацыю, выбачайце ў тым ліку і за ўцягванне ў войска беларусаў, загінулых праз нашу віну, выбачайце за ўціск беларускасці падчас акупацыі. Вось гэта было б паважлівым падыходам, а не тыя крыхі таннай ліслівасці, у якой беларускія нацыянальна-арыентаваныя колы, на жаль, бачаць павагу да нацыі. Дый нават калі без прабачэнняў, нават улічыўшы дабро, якое Польшча паспела зрабіць у сучаснасці - не трэба лічыць беларусаў дурнямі, не трэба гэтага няшчырага падлашчвання. Часам лепш памаўчаць.