Што кажуць аб нас палякі?

Oct 28, 2011 10:19

Originally posted by buyalski at Што кажуць аб нас палякі?
От такія мы, беларусы! Калі верыць характарыстыцы, разьмешчанай у № 39 "Нашай Нівы" 1912 г. (каб тэкст быў чытэльным, я трошкі зьмяніў яго: паставіў свае знакі прыпынку, усучасьніў правапіс ды выдаліў пэўныя сказы, а дзе-ні-дзе зьмяніў парадак словаў):

"У польскай газэце "Ziemia" М. Ф. друкуе абшырную стаццю пад загалоўкам "Вітэбск і вітэбшчына", у каторай разьбірае гісторыю гэтай нашай старонкі. У адным з апошніх нумароў гэтай часопісі М. Ф. дае характарыстыку натуры беларускага народу і вось што ён піша:

"Беларус на пагляд неказісты, каранасты, сярэдняга ўзросту, ня вельмі лоўкі, мае валасы сьветлыя, вочы шэрыя, глыбока пасаджаныя, твар круглую, па большай часьці асалавелую, а разам з гэтым ён цяжкі, лянівы і нехлямажы. Нягледзячы на гэта, беларус бязьмерна вытрывалы, ня менш цьвёрды, але робіць усё і гаворыць з расстаноўкай, памалу, паводле прыказкі: "памаленьку - далей станем".

Натура беларуса - ягоная душа! Хто ж лепей мог пазнаць яе за мяне, - піша М. Ф., - каторы ссябраваўся, пакумаўся, акружаны хрэсьнікамі, каторыя называюць мяне "бацькам" і "дзядзькам", з грамадай "кумоў" і слуг - ня слуг, але верных і душой мне адданых прыяцеляў, быццам пад роднай страхой гадоў з паўкапы паміж імі пражыў - я, перш з кпінкамі і недавер'ем мазурам празываны.

О, бо і ня лёгка, доўгіх гадоў трэба, пакуль гэту душу дзіўна скрытную і вечна падайзрывую скааптуеш ды зьяднаеш. Зь беларусам трэба перш мяшок солі зьесьці, трэба перш пераняць ягоны сьветагляд, аддаць належную пашану яго спрадвечным установам (звычаёваму праву), да каторых больш чым да Бога ён прывязаны. Трэба перш пераняць прастату мудраца і ягоны спакой, а тады атрасьціся зусім з панскай фанабэрыі і ня сказам, а паказам прамаўляць.

І калі толькі зможаш накінуць гэткія ланцугі на сваю душу, зможаш гэтак перамяніцца, тады можаш быць пэвен, што раней-пазьней сэрца беларуса здабудзеш, а, здабыўшы, можаш ужо на яго лічыць больш, чым на прыказковага "мужыка-мазура" і на ўсіх казакоў легендарнага эміра!

"На Украіну даўней палякі пасылалі сваіх сыноў па багацце, на Літву і Беларусь - па розум". Там цябе "людзкіх звычаяў" навучаць, а разам з гэтым цябе навучаць панаваць над сабой, зялезнай вытрываласьці, нечуванай цярплівасьці.

Едучы на Беларусь, гадзіннік можаш сьмела каму-колечы падарыць на памятку, бо там дарогі пустыя, магільная ціш, не пералюднена. Работа там робіцца не паводле гадзінніка, а паводле розуму і варункаў і ня йначай, як толькі на меру. Гэтак парабак летам, калі авадні пачынаюць дакучаць жывёле, закурыўшы люльку, не пытаючыся, ідзе з плугам і, да сьнедання адваліўшы адмераны кавалак поля, пасьля ўжо цэлы дзень дагары брухам ляжыць, пакуль сонца ня зьнізіцца.

Паважны і ўважны беларус заўсёды мяркуецца, заўсёды крытычны да сьвету, да людзей, нават да Бога самога, таксама паткпівае сабе з палешука і з кароннага паляка. Праўда, жвавасьць, энэргія, зручнасьць і здольнасьць апошняга дзівіць яго, а агладу паляка беларус заўсёды пахваляе, толькі з усім гэтым глядзіць на яго з паблажкай - вось, як на дзіця!

Бо беларус, як гэта ўжо я вышэй намякнуў, скрытны ў такой меры, што яму не разьвяжа языка нават і той дух, заткнёны ў бутэльцы, калі ў ягонае цела ўступіць. І вось гэта галоўная прычына гэнай паблажкі, бо ў яго розуме паняцце аб нармальным чалавеку нельга пагадзіць з дабрадушнасьцю, шчырасьцю і шчабятлівасьцю, якія адзначаюць мазура. Дык затое аб ніякіх бліжэйшых стасунках з чалавекам, каторы праз сваю шчабятлівасьць мог бы яго разам з сабой выдаць, гутаркі быць ня можа. У пераконанні беларуса сярэдні паляк куды ніжэй стаіць паводле розуму за ягонага сына - блазьнюка, каторы на кожнае пытанне мае пастаянны адказ: "ня ведаю", "ня знаю".

Побач з гэтым разіць яго паляк сваей рызыкай у інтарэсах, спохватам да чыну, сваей лёгкай пастановай, вясёласьцю і гарачай натурай. Беларус пакуль што пастановіць, мае заўсёды гатовы адказ "памяркуюся", "памысьлю" і на гэтым ніколі на траціць. Асьцярожнасьць - галоўная яго азнака. Мазур мае душу рагатую, а беларус, так сказаць, мешкаватую, і ў гэтым іх розьніца. Беларус заўсёды пакорны і ціхі, як вада. Як сьвятая зямля ён прыймае ўсё моўчкі. Умеласьць панаваць над сабой у ім такая, што ён ніколі не пакажа свайго абурэння ды абражэння, асабліва перад сілай.

Упадабаўшы спакой, беларус унікае сварак і змагання і заўсёды гэтак робіць, радзіць, паступае, каб благога ня выклікаць, каб "было ціха ліха". З душы ягонай ніводзін крык не вырываецца гэтак часта, як "сьвяты спакою, добра з табою!" Дык няма дзіва, што вясёлы і лёгкадушны паляк здаецца яму дзіцём, а велікарус зь ягонай "шырокай натурай" і ўсімі добра вядомымі норавамі выклікае ў ім страх і прымушае як можна далей адсувацца ад яго.

Для жыда, каторага дзякуючы сваім хітрыкам беларус часам выводзіць ў поле, ён мае нейкую ўвагу. Каб знаў чэха, немца, напэўна паважаў бы іх, бо з-паміж плямёнаў сярэдне- і ўсходнеславянскіх беларус найбольш прыпамінае немца, ад каторага адрозьнівае яго бязладнасьць і неахайнасьць. Па-за гэтым абодвума кіруе толькі розум, паказваць душы і пачуцця ў паступках сваіх яны ня любяць".

Схарактызаваў беларуса п. М. Ф. цікава, а праўдзіва ці непраўдзіва - судзіце беларусы самі.

Палачанін"
Previous post Next post
Up