Аляксандр Фядута. Абранне апоры для чатырох літараў

Aug 16, 2016 08:08




Алег Трусаў ідзе ва ўладу. Сурʼёзны навуковец, былы дэпутат, адзін, так бы мовіць, з бацькоў цяперашняй незалежнасці. Сэнс будзе.

Выдатная аргументацыя Алега Анатольевіча: «Упершыню зʼявілася шмат людзей, якія прынцыпова прыйдуць за мяне галасаваць на зло уладзе. Будзе яна лічыць галасы ці не будзе - яны прыйдуць і прагаласуюць». І пры гэтым ён жа сцвярджае: «Наша ўлада цяпер раскалолася на тры часткі, якія варагуюць міжсобку. Ёсць частка, якая за незалежнасць, мову і культуру. Ёсць частка, якая за ўваходжанне ў Расею. І трэцяя частка - за вашых і нашых. Таму я і іду на выбары, бо адчуваю, што магу абапірацца на тую частка ва ўладзе, якая за незалежнасць. Паўтаруся, у дэмакратычных і патрыятычных кандыдатаў зʼявіліся невялікія шанцы трапіць у парламент. Але ўсё вырашыцца напярэдадні выбараў - якая фракцыя ва ўладзе пераможа, незалежнікі або прамаскоўскія».

Я не да таго, што я супраць Трусава. Балатуйся ён сёння па маёй акрузе, я дакладна прыехаў бы дадому, каб прагаласаваць за яго. Бо ведаю, што ў Палаце прадстаўнікоў ён маўчаць дакладна не будзе. Ва ўсялякім выпадку, у пытаннях, якія датычаць беларускай мовы. Але вось іншыя пытанні…

У адной з прыведзеных мною вышэй цытатаў кандыдат на дэпутацтва сцвярджае, што ўсё залежыць ад… пазіцыі ўлады. Трэба меркаваць, што ўлады выканаўчай. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, абраны супраць волі тагачаснай галоўнай уладнай структуры - кампартыі (ішоў па адной акрузе з генералам), цяпер дэ-факта прызнаецца, што гатовы атрымаць дэпутацкі мандат з рук не выбарнікаў, а тых, супраць каго яны (выбарнікі), мяркуючы па іншай пададзенай вышэй цытаце, галасуюць?

Не, я згодны з Алегам Трусавым: розныя людзі ёсць ва ўладзе. Улада ўвогуле - структура дастаткова стракатая. Але да гэтага часу я думаў, што цынізм беларускіх апазіцыйных палітыкаў не настолькі далёка зайшоў, каб услых прызнавацца ў тым, што мандат «ад часткі ўлады» іх задавальняе.

Ад патрыятычнай, трэба меркаваць, часткі.

Гэта значыць, ад тых, на каго яны будуць абапірацца ў працэсе выбараў.

Ці ад тых, хто на іх будзе абапірацца пасля выбараў.

Праблема ў тым, што ў свеце ўсё адносна. І калі ты спрабуеш абаперціся на частку ўлады (напрыклад, на яе плячо, паслужліва падстаўленае), то заўтра іншая частка ўлады (напрыклад, азадак) ахвотна абапіраецца на цябе, і ты можаш проста не паспець ухіліцца. А разбірацца табе, што і дзе, могуць не дазволіць.

Але праблема ў іншым яшчэ.

Я ўяўляю, як кандыдат на дэпутацтва Трусаў размаўляе з тымі сваймі выбарнікамі, якія прыйдуць галасаваць на зло ўладзе:

- Калі ласка, тыя, хто галасуе супраць Шэймана, адыдзіце направа, і мы з вамі паразмаўляем наконт таго, што я на яго не буду абапірацца. А вось тыя, хто галасуе супраць Мясніковіча, - вам у левы бок, і я вам прачытаю лекцыю, чаму на яго абапірацца трэба. І на Макея таксама.

І выбарнікі, як і належыць паслухмянаму народу, радасна падзеляцца на групы, каб даведацца, якая менавіта частка гэтай самай улады будзе гэтак ахвотна выкарыстаная Алегам Анатольевічам. Але ж тыя, хто супраць, - яны супраць курсу ўсяго дзяржаўнага карабля, а не асобных яго ветразяў.

Немагчыма быць супраць эканамічнага курсу ўраду, які звязвае нас з расейскім газавым шпрыцам і гірай Мытнага саюзу ў адно цэлае, і адначасова лічыць, што ў нас поўны парадак - вось проста зашыбіся! - з вонкаваю палітыкай! Калі арганізм хворы, то здароўе асобна ўзятай прамой кішкі мала ўплывае на агульнае самаадчуванне.

Гэта я - безадносна асобы Алега Трусава. Паўтаруся: я лічыў і лічу яго сапраўдным патрыётам і прыстойным чалавекам. Але баюся, што ягоных выбарнікаў чакае тое ж, што чакала бальзакаўскага Люсьяна дэ Рубэмпрэ: суцэльныя страчаныя ілюзіі. А ўжо другі раман пра гэтага персанажа называўся яшчэ больш эфектна: «Бляск і галеча куртызанак».

Люсьян там, памятаю, таксама абапіраўся на высакароднага абата Эрэра. А на паверку высветлілася, што абат аказаўся беглым катаржнікам. І вось як гэта потым растлумачыць выбарніку? Што памылка атрымалася? Ці што проста - на цябе абаперлася не рука ўлады, правая ці левая, а проста…
Так, з чатырох літараў…

лукашенко, общество, политика, Трусов, Беларусь, выборы

Previous post Next post
Up