Вось, адбыўся доўгачаканы трып на Радзіму! Шмат прыемных ураджанняў і спатканняў, канцэрты, кепскае надвор‘е, крыху настальгіі - вось як выглядаў гэты тыдзень. Насамрэч, пра кожны дзень можна напісаць вялікі пост, але ж абмяжую сваю графаманію (тым больш што усё роўна 90% маіх ЖЖ-фрэндаў альбо развіртуалізаваліся, альбо зніклі назаўсёды, і не прачытаюць гэтага), і змяшчу усё ў адзін тэкст з малюнкамі.
Дарога на трох цягніках апынулася на здзіўленне даволі лёгкай і размаітай: спачатку хуткасны цягнік з асобным «сямейным» купэ да Варшавы, потым звычайны вагон да Брэста, потым стары добры плацкарт да Менску. Па плацкарце мы сумуем, гэта ж пах нашага бесклапотнага студэнцтва, і гэтым разам мы мелі поўны склад для дэжавю: цягніковая музыка, праваднік з гарбатай за 71 (!!!! чаму не 70 альбо 75, БелЧыгунка?!) капейку, нейкі мужык травіць байкі з крымінальнага мінулага хлопцам-студэнтам, пах курыцы і агуркоў, карацей, вось гэта вось усё, чаго хутка ўжо не застанецца. Роберт тусіў у першым і трэцім цягніках, а увесь другі праспаў. Прачнуўся ўжо на мяжы, узяў нашыя карткі ID і мы пачалі гуляцца ў такую гульню: каму Роберт якую картку дасць, той і выконвае гэтую ролю. Я стаўся «Робертам»,
verasiavka - «Папай», а Роберт - «Мамай». Пытаюся ў «мамы» пісклявым голасам, ці нам яшчэ далёка ехаць да бабуляў з дзядулямі. «Мама» адказвае тлумачальным тонам: «Трэба яшчэ пачакаць і пасядзець спакойна» - карацей, такі вось сюр.
У Менску нас сустрэлі бацькі, і мы паехалі на тачцы ў Бабруйск, адзначаць Вялікдзень. Жоначка мая даўно увогуле не была ў Беларусі, таму вельмі радавалася і цешылася з усяго навокал. А для Роберта дзядуля прымацаваў арэлі ў альтанцы, і яго было проста адтуль не сагнаць, ён быў гатовы катацца па гадзіне і больш! А каля суседскага плоту знайшлася здаравенная куча пяску, дзе ён таксама падоўгу і з задавальненнем калупаўся. Да таго ж, ў Роберта ёсць улюбёная тэхніка - трактары, а побач з домам бабулі і дзядулі ёсць завод трактарных агрэгатаў. Там перад уваходам экспануюцца новыя мадэлі, з якіх Роберту найбольш спадабалася мадыфікацыя «для паўднёвых краінаў» без кабіны. Можна было залезці і пакруціць баранку!
Карацей, наш хлопец ня меў часу нудзіцца, бо ўвесь час быў заняты і купаўся ў пяшчотах бабуляў і дзядуляў. Верасявачка таксама яшчэ паспела тусануць з аднакласнікамі на сіквэле вечара сустрэч, а я зганяў дадаткова на 2 гадзіны з бацькамі ў Магілёў і забраў сабе карціну, якую тата прывёз 30 год таму з Конга і пад якой я правёў усё дзяцінства - павесім зараз у сябе ў спальні.
Адсвяткаваўшы Вялікдзень і пабіўшыся яйкамі, мы адправіліся назад у Менск. Першым пунктам нашай нядзельнай праграмы значыўся доўгачаканы канцэрт гурта «Dzieciuki», які нам вельмі палюбіўся падчас жыцця ў Кракаве: пару разоў атрымлівалася пабываць на іхніх канцэртах у розных кутках Польшы і нават патусіць з імі крыху. Гурт граў у Менску першы раз за тры гады (з-за «нізкага мастацкага ўзроўню» гарвыканкамаўская камісія не давала гастрольнага пасведчання - ну што за сорам у 21 стагоддзі!!), таму падзея павінна была быць эпахальнай. Так яно і сталася, бо народу набраўся поўны Re:Public. Сцягі, таварыская атмасфера, неяк ня верылася, што ўсё адбываецца насамрэч, бо для Беларусі розныя незапланаваныя пажарныя праверкі ў клубах перад канцэртамі - зусім звыклая з‘ява, на жаль.. Але ж канцэрт быў суперскі, прагучала шмат любімых песень, я наскакаўся ў слэме і нават падпеў Пітону на сцэне, а праз пару дзён знайшоў сябе і Сярогу ў фотарэпартажы з Budzma.by ))
Дарэчы, прыемна было праехацца уначы пасля канцэрту на менскім метро, прайсціся па цэнтры, узяўшыся за рукі - як 10 ці 15 год таму ))
Наконт Менску магу сказаць, што пры ўсім тым, што там з‘явілася новага на працягу апошніх 5 гадоў, агульная атмасфера усё ж захавалася. Той Менск майго студэнцтва, і сённяшні новы Менск, яны пакуль у маіх вачах не канфліктуюць, не змагаюцца. Старыя мясціны яшчэ далей маюць той вайб, утульны сквер Марата Казея, ці Асмолаўка, парк Горкага, альбо праменад уздоўж Свіслачы каля Плошчы Перамогі - усё гэта не крануў час (у пэўным узроўні). Цэнтральны універсам той жа!
Прыемна было правесці час са сваякамі - Паўлік, Даша, Мікіта, Алекс, Марынка, і мы - столькі Сцяржанавых на квадратны метр Менск яшчэ ня бачыў!!
Таксама атрмылася здзейсніць даўнюю мару нашую, пакатацца на чоўне па возеры - і няхай не па Камсамольскім, а на Нямізе - усё роўна кайф! Нават зайздрошчу менчукам, бо ў нас такога няма. Можна на каяку, але ж гэта не тыя кайфы. Менск прыгожы з вады, надвор‘е спрыяла, жоначака ўсміхалася.. кайф!
Яшчэ адзін канцэрт, які атрымалася наведаць, гэта генералы айчыннага року, гурт «Крама». Яны гралі з новым гітарыстам, нават добра выйшла. Што праўда, месца было зусім не нашае, піўны рэстаран з нэрвовымі афіцыянтамі, публіка была таксама з большага з першага пакалення фанатаў гурта, ды і мы былі ўжо стомленыя пасля дзённых прыгодаў. Карацей, нібы і нічога так, але ў рэстаран гэты я не пайду зараз нават на Марка Нопфлера :))
А на наступны дзень мы паехалі на вёску да Сярогі з Наталляй, і зрабілі сабе сапраўдныя загарадныя канікулы, за што ім аграменны дзякуй! Мець домік на вёсцы - гэта вельмі крута. Канешне, калі ты гатовы ўкладаць шмат грошай, часу і моцы ў гэтую справу. Затое можна мець альтанку з печкай, музычны пакой для сябе, батут для дзіцяці, цішыню і спакой для усёй сям‘і. Сябры нас прынялі вельмі цёпла, нагатавалі тры тоны ежы, запакавалі сутарэнне півам, спецыяльна пад наш візіт набылі лядоўню і надзьмуханы матрас. Дзеткі нашыя трошкі біліся паміж сабой, але і пагулялі разам таксама. Розніца ва ўзросце яшчэ занадта вялікая пакуль што..
Не пашанцавала з надвор‘ем: на другі дзень на Вязынцы пайшоў дождж і не сканчваўся амаль увесь дзень. Таму мы не трапілі на рыбалку, не пайшлі ў лес, і тусаваліся з большага ў хаце. Затое увечары самі ўжо прымалі гасцей - нечакана апынулася, што Вова
vovidza прыехаў з Марынай у Беларусь і тусуецца ў 50км ад нас таксама на вёсцы. Вось яны і скокнулі ў тачку і прыехалі нас праведаць! 5 гадоў не бачыліся, хіба. Было вельмі прыемна ўбачыць, што ў чувакоў усё добра і яны рухаюцца ў правільным кірунку, і амаль не змяніліся, усё такія ж няшкі.
Ну а з вёскі, вядома, вярнуліся ў горад. Надвор‘е так і не направілася, таму вечарыну рабілі ўжо у хаце - пабачыліся з
truzhenik_sela і
meganogti , а калі дождж скончыўся, прыкладна а 22:00, мы парушалі закон, распіваючы піва на дзіцячай пляцоўцы, пакуль Роберт лазіў сабе па лесвіцах )) Роберт вельмі палюбіў гэтых хлопцаў, і распавядаў усім на наступны дзень: «А да нас прыходзілі учора Дрэ і Меганогці!!»
Карацей, усяго так і не распавядзеш у падрабязнасцях - і як хадзілі на каруселі і паркі з Робертам, і як тусілі ў краме ў Машкі на Зыбіцкай, і як з Бакушкамі цёрліся па завадскіх руінах на вуліцы Кастрычніцкай, і як стрытфуд менскі каштавалі, і як з Бэзілам піва пілі..
Хацелася б падзякаваць нашым бацькам за дапамогу з Робертам, дзякуючы ім у нас было трошкі часу пабыць удваіх, што зазвычай зрэдку атрымліваецца :))
Дзякуй усім сябрам, сваякам, і гораду-герою Менску!! Да сустрэчы!