Па лугах, палях і рэках, па глухіх лясах - калі яшчэ ня быў, то да сустрэчы на БАСах!

Jul 29, 2015 16:26

Вось такія моманты я вельмі люблю! Марыш пра нешта пэўны час без асаблівай надзеі на спраўджэнне, потым з цягам часу мара падзабываецца, пераходзячы ў разрад жаданняў зрабіцца касманаўтам ці знайсці клад: быццам бы і дагэтуль актуальна, але нічога не робіш дзеля гэтага.. а потым бац! І высвятляецца, што прыспеў адпаведны момант, і можна браць бычка за рогі і паставіць яшчэ адзін пункцік "Залічана" у метафізічны чэкліст жыццёвага вопыту. А пра што гэта я так прастранна разгаманіўся? Дык пра "Басовішча" ж!!





Памятаю сваю 6 класу, першыя касэткі НРМ і НейраДзюбель, першыя складанкі "Слухай сваё!" і першыя для мяне экземпляры "Музычнай Газеты", дзе тагачаснай беларускай рок-сцэне надавалася даволі шмат увагі. Вельмі цягне кінуцца ў настальгію па першых наведаных канцэртах, але эпоху таўстапузых "Ляпісаў" у ДК ХімВалакно, бадай, апусцім, а вось "Народны Альбом" у Магілёве, куды я хадзіў разам з татам, - гэта была мая кропка ўваходу у сусвет бел-чырвона-белай неарамантыкі! Тады стала зразумела, што музыка можа ня толькі забаўляць, але і натхняць, узрушваць прагненне чыстага, светлага, добрага. Вельмі люблю тыя часы - яшчэ не выдавалася ўсё такім закарэлым, яшчэ не было блэк-лістоў, надзеі на перамены і рух наперад яшчэ насіліся ў паветры, а галасы Вольскага, Кулінковіча, Варашкевіча, Вайцюшкевіча і іншых яшчэ падаваліся галасамі пакалення.

Менавіта з тых часоў мара пра вандроўку у Польшу на "Басовішча" пасялілася ў маёй падсвядомасці. Зразумела, тады гэта была абсалютна фантастычная рэч: хто б мяне, мелкага, пусціў туды, за мяжу, на свята бел-чырвона-белых сцягоў і ракенролу? Потым вучоба і іншыя справы адсунулі "Басовішча" на дальнюю паліцу непрыярытэтных жаданняў, дзе слой пылу да нядаўняга часу прыхоўваў яго да зручнага моманту. Да мінулага уікэнду )

Нечакана сярод летніх планаў, падчас агляду польскіх фестываляў, знайшлася інфа пра выступ "Dzieciuki" на "Басовішчы" .. ну і гэтага аднаго ўжо было дастаткова! Хуценька вырашылі з verasiavka , што паедзем, набылі усе патрэбныя квіткі на аўтобусы, і пачалі чакаць. Неўзабаве высветлілася, што Сярога таксама паедзе з Мінску, а яшчэ Анюта разам з сябрам Генрыхам вырашылі зладзіць трансгранічны аўта-фэста-стоп і таксама далучыцца да мерапрыемства, таму кампанія падабралася такая, як трэба.



Праз рэйкі можна было дайсці з возера да фестывалю, даволі маляўнічы шлях, таму шмат фотак - адтуль )





На БАСы мы прыехалі, калі там стаяла максімум 15 намётаў - я яшчэ падумаў тады: "І гэта - ўсё?!", але ж бліжэй да вечару народ падцягнуўся, відаць, ня ўсе здолелі саскочыць з працы, як мы! Першае, што мы зрабілі, як паставілі намёт - заваліліся спаць, бо фестываліць трэба з добрай энергіяй! А калі прачнуліся, то вакол ужо хапала намётаў, мястэчка патроху напаўнялася. Па-роўнаму было чуваць польскую і беларускую гаворку, колькасць БЧБ і вышыванак на квадратны кіламетр значна павялічылася. Да першых канцыкаў было яшчэ досыць часу, і мы пайшлі па навігатары шукаць возера, пра якое ўсе чулі, але ніхто ня ведае, дзе яно. У нас адных быў навігатар па Польшчы, таму за намі сабраўся цэлы хвост такіх жа "перванахаў", як і мы. Паглядзеўшы на жыццё ў Грудку, мы выйшлі-такі на возера, пакупаліся ў сцюдзёнай вадзіцы ачмурэнна клёвага возера, насалодзіліся піццем піва на вуліцы і пагналі на фэст, маючы на мэце паспець на конкурс маладых выканаўцаў. Парадваў гурт EXEGUTOR, што даволі нечакана, бо метал я ня слухаю ужо шмат год. А потым нечакана мы натыкнуліся на Сярогу, і панеслася )



Наступны наш падыход да сцэны быў ужо на AKUTE, якіх я не слухаю таксама, бо ў іх усе песні аднолькавыя, але ж Магілёўскіх пацаноў трэба было падтрымаць! Дзеўкі пішчалі, музыкі зграбна рухаліся па сцэне ў абліпоністых джынсах, а мы проста радаваліся таму, што можна вось так па-чалавечы фестываліць без мянтоў, назірання, бычых твараў, але дзеля гэтага, нажаль, трэба выязджаць з роднага краю.
Ну а Вольскі, канешне, ёсць Вольскі.. Я быў думаў пра яго "Вось засранец, разваліў НРМ і пяе вясёлыя песенькі", але ж нельга адмовіць яму ў тым, што песні ён піша крутыя, як раней, так і зараз. Старыя хіты проста выбухнулі, і стары і малы скакалі пад "Песні пра каханне" ці "Партызаны", трымалі сцягі пад "Паветраны шар" і "Менск і Мінск", ірвалі кашулі на грудзях пад "Еду-еду" і "Тры чарапахі". Маім асабістым суперхітом таго вечара стала "Геадэзія-Картаграфія", бо ZET і дагэтуль я лічу лепшым праектам Вольскага.



Трэба адзначыць, што сцэна была шыкоўная, а гук - на вельмі добрым узроўні. Ня ведаю, колькі гэта каштавала арганізатарам, але яны сапраўды не змарнавалі грошы! Ды і ўвогуле, усё было зладжана проста экстра: туалеты і вада, ежа-пітво, уваходы-выхады, намётавае мястэчка, магу толькі адзначыць, што .. ды не, нічога не магу адзначыць, усё было проста супер! Пасля Вольскага паслухалі яшчэ гурт FOLCORE, даволі круты, дарэчы, і пагналі адпачываць, бо для першага дню было дастаткова ураджанняў, і на дыскатэку не засталіся.

Бетонныя стэлы тут не ў фасоне


І ніякі жэс ня трэба пытаць па дазвол


Падчас выступу Yegor Zabelov Trio


Чорны хлеб і гарбата


Жыве вольная незалежная Беларусь!


Другі дзень выдаўся увогуле чылаўтным - сонейка шчодра апальвала нашыя тулавы, і было такое ўражанне, што ўсё БАСовішча пераехала на возера. Так было кайфова і прыемна, што чулі сябе як на вакацыях! Але ў прадчуваннях надыходзячай навальніцы мы рушылі ў лагер, акурат паспеўшы прыгатаваць ежу перад тым, як дождж загнаў нас у намёты. А што рабіць у дождж у намёце? Альбо піць, альбо спаць. Мы выбралі другі варыянт, і гэта дапамагло потым не вырубіцца да сярэдзіны ночы і дачакацца "Дзецюкоў". Дарэчы, я зразумеў, што раней мы фестывалілі няправільна - трэба крута тусіць, потым спаць, потым зноў тусіць крута-крута, потым зноў класціся.. так за дзень можна паспець паспаць 3-4 разы, каб на ўсе цікавосткі хапіла сіл. Вельмі клёва выступілі YZT, потым нас прыемна здзівіў пастрайнелы і павесялелы Памідораў, які дазваляў сабе нават скокі каленямі да грудзяў (пры ягонай ранейшай камплекцыі ён праламіў бы сцэну такім рухам), даволі ўдала выступіў. Адносна "Brutto" маё меркаванне не змянілася, старыя ляпісаўскія песні яшчэ ок, але новыя ну проста не мая эстэтыка. Зашмат агрэсіі, маханняў рукамі-нагамі, нагадала паводзіны павіянаў, якіх мы бачылі ў Гданьскім заапарку, важак-Міхалок і маладыя ды небяспечныя паплечнікі. Іхні фанклуб пранёс фаеры на пляцоўку і запаліў іх пад "Ваяроў святла" - выйшла прыгожа і цікава, але ахова хутка адрэагавала. Вельмі ўразіў выступ польскага гурта Lao Che. Вось дзе сур'ёзны падыход да якасці гучання! Цікавы гурт, недарэмна менавіта на іхні выступ уся пляцоўка запоўнілася панаехаўшымі спецыяльна дзеля гэтага з Беластоку палякамі. Ну а калі усю неверагодную колькасць апаратуры Lao Che прыбралі, і на сцэну выйшлі "Dzieciuki", то бачна было, што яны й самі разгубленыя, бо з парай гітарак і дудой яны выглядалі амаль бардаўскім калектывам :) Але ж на "Дзецюках" былі годныя танцы! Хаця ж хлопцы-балахоўцы і адпачывалі з піўком на возеры цэлы дзень, да ночы яны усё ж датрывалі, і далі вагню, як і мае быць. Сапраўды, на дадзены момант гэта адзін з найкруцейшых беларускіх гуртоў! Шчыры, сапраўдны, годны. "Мы ня будзем тут з вамі крычаць Жыве Беларусь" - кажа са сцэны вакаліст Дзянісаў, - "бо тут кожны можа гэта рабіць колькі ўлезе. А ты ТАМ пакрычы!". Па-мойму, даволі праўдзівыя словы..

Карацей, усё адбылося вельмі і вельмі крута, шкада было ў нядзелю рана адпраўляцца дамоў, але ж у наступным годзе мы дакладна паедзем ізноў, спадзяюся, што здолеем сабраць яшчэ больш сяброў!

П.С. Вельмі уразіла беларуская мова з вуснаў палякаў - жыхароў Падляшша. Бабулі, як толькі чулі, што мы не мясцовыя, адразу пераходзілі на польска-беларускую гаворку, а моладзь дык увогуле так цікава і нязвычна карыстаецца мовай, што хочацца ўсміхацца ад радасці! Як спяваюць "Дзецюкі",

"Каб жылося ганарова,
Дык трымайся годна,
Каб ня згасла наша мова,
Балбачы штодзённа!"

Радзiма, фэсты, Муззззыка, Свядомасць, ФрэндЫ, Путешествия, Полония, Концертики, Лето

Previous post Next post
Up