Пачатак

Sep 25, 2015 22:45

Гэты ЖЖ створаны для захавання памяці пра мінскую Старажоўку - адзін з самых старажытных раёнаў горада, які страчаем, як і ўвесь Мінск. На захаванне "матэрыяльнага" гораду я паўплываць не магу - і большасць з нас не можа. Але губляць балюча. Каб суцішыць боль мінулых і будучых стратаў, я вырашыла захоўваць успаміны пры месцы, падзеі, людзей роднага горада. Успаміны - вусныя і пісьмовыя, у выглядзе расповедаў і фота - гэта вечнае, тое, што адняць ужо немагчыма.

Для збору і захавання матэрыялаў я абрала раён Мінска, у якім кожны мінчук і наведнік Мінска быў хоць раз, з якім кожны мае свае асацыяцыі і згадкі, але пра які мы ведаем надзвычай мала - Старажоўку-Пярэспу.


Французскі філосаф П'ер Нара, аўтар тэрміну "месца памяці", сказаў, што наш час - гэта час страты памяці, пра што сведчыць узрастанне колькасці архіваў і музеяў (калі памяць немагчыма захоўваць перадаючы вусна, прыходзіцца яе кансерваваць). І гэты ЖЖ (у будучым, спадзяюся, і сайт) - такі сабе архіў-музей успамінаў розных людзей пра жыццё і смерць на берагах Пярэспы, старажоўцаў, пахі і смакі, колеры і гукі.

Гэта таксама і спроба сістэматызаваць наяўную, шукаць новую інфармацыю пра тыя самыя месцы памяці, якімі могуць з'яўляцца не толькі месцы ў прасторы, але нават і
- людзі ("обувщик брал туфлю, начинал что-то бормотать на неизвестном языке..."),
- пахі ("ячмень, хлеб, хмель... але пах з бісквітнай фабрыкі заўжды быў найвыдатнейшы),
- любыя сімвалы - аб'екты, аб якія "спатыкаецца" памяць.

Фрагменты інтэрв'ю будуць дапаўняцца архіўнымі ды бібліятэчнымі знаходкамі.
Усе матэрыялы - тэксты ды выявы - буду імкнуцца змяшчаць верхнім допісе - на
Мапе месцаў памяці і вусных успамінаў мінскага гістарычнага раёна Старажоўка.

Буду вельмі-вельмі-вельмі ўдзячная за любую інфармацыю, падказкі, кантакты былых і цяперашніх жыхароў Крапоткіна, Мопраўскай-Камуністычнай, Старажоўскай-Кісялёва, Старавіленскай, Даўмана, Маладзечанскай, Радашкоўскай, Стараслабадской і раёна Бульвара.
Пішыце, калі ласка, каментары.
З павагай,
Паўліна
Next post
Up