Сквер, у якім знаходзіцца пасольства Украіны і помнік Тарасу Шаўчэнку - гэта, найперш, самае ўкраінскае месца ў беларускай сталіцы. Тут у дні памяці, жалобы і па святах ускладаюцца кветкі, тут найчасцей гучыць украінскі гімн.
Справа - аптэка №1, будынак якой цяпер - частка пасольства Украіны
Гэта таксама месца, адметнае пахамі і гукамі: непаўторны кактэйль ствараюць пахі хлебазавода і піўзавода, а гукавую адметнасць - студэнты кансерваторыі, што цэлы дзень рэпетуюць у сваім інтэрнаце па Старавіленскай.
Што было ў тым скверы раней? Двор на месцы ўкраінскага пасольства і два дамы на некалькі кватэр на іншым канцы сквера. У цэнтры - клумба, заўжды з кветкамі. У гэтым скверы школьнікі здавалі нарматывы бегу па фізкультуры. Дарослыя збіраліся на танцы з баянам і акардэонам.
Мала хто ведае, што сквер гэты спрадвеку называецца Сцяпанаўскім. А ў 2007 годзе мінскімі ўладамі за ім была афіцыйна замацавана назва “Сцяпанаўскі сад”. Чаму Сцяпанаўскі? Старыя менчукі памятаюць і грушавы сад, які, як казалі, пасадзіў нейкі Сцяпанаў. У народнай памяці засталася і “двухпавярховая сядзіба памешчыка Сцяпанава” на месцы пасольства Украіны.
Архіўныя крыніцы сведчаць, што тут сапраўды жыў Іван Сцяпанавіч Сцяпанаў, але не памешчык, а месціч, прычым - цікавая гістарычнае супадзенне - кіеўскі! У 1859 годзе Іван Сцяпанаў набыў хату і зямлю на Траецкай гары, на рагу вуліц Міхайлаўскай (цяпер Камуністычнай), Старавіленскай і Загараднай (пазней Старажоўскай, а цяпер Кісялёва).
У першай палове ХІХ стагоддзя зямля “паміж вуліцай Набярэжнай і выганам проці Віленскай дарогі” належала сям’і Тамісевічаў, або Тамісічаў (у дакументах сустракаюцца два варыянты). У 1828 годзе калежскі саветнік Мацей Ягоравіч Тамісіч атрымаў у вечнае валоданне гэты пляц (у той час Старажоўка была глыбокай ускраінай горада), за які штогод у кастрычніку быў абавязаны плаціць 2 рублі 92 капейкі.
“І на оном какое только заблагоразсудитъ, строение строить, сады или огороды къ украшению города разводить”.
А ў 1859 годзе яго ўдава Аўдоцця Яфімаўна Тамісевічава і кіеўскі месціч Іван Сцяпанавіч Сцяпанаў падалі прашэнне пра пераўступку двух плацаў Сцяпанаву ў такое ж вечнае і спадчыннае чыншавае валоданне (уласнасць, за валоданне якой трэба было штогод плаціць падатак). За 2350 руб. срэбрам удава прадала Сцяпанаву ўласны драўляны дом з драўляным флігелем на двары “и прочими к нему принадлежащими службами”, “с овощнымъ и варивнымъ огородами съ проведёнными въ кругъ оныхъ заборомъ”.
Так, першы раз звесткі пра сад на Старажоўцы (“авашчны і варыўны агарод”, “warzywo” па-польску - гародніна, "owocy" - "садавіна") сустракаюцца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Іван Сцяпанаў пашырыў фруктовы сад “да аздаблення горада”, а перад смерцю запісаў зямлю з двума дамамі і садам, флігелем, сараямі, агародам на жонку Агаф’ю, а па смерці той - на дачку Марыю.
Памёр Іван Сцяпанаў 6 лютага 1902 года, а яго жонка Агаф’я - 19 лютага 1904 года, ад маразму.
Захавалася выпіска з метрычнай кнігі Пярэспінскай царквы Марыі Магдалены, дзе Агаф’я Арсеннеўна была пахаваная, верагодна, побач з мужам.
Бяздзетная Марыя Сцяпанаўна не магла плаціць падатак за ўсю зямлю і вырашыла перадаць кавалак па вуліцы Міхайлаўскай сваёй пляменніцы Лідзіі Яфімаўне Паўлавай, жонцы губернскага сакратара, якая жыла ў драўляным доме па суседстве, на цётчынай зямлі. Гарадская дума, аднак, адмовіла ў такім падзеле. У жніўні 1911 годзе Лідзія Паўлава напісала скаргу ў думу на дзеянні мінскай гарадской управы:
“Родная тетушка моя, Мария Ивановна Степанова, возбудила ходатайство... о выдаче мне отдельного договора на переказанную ею мне часть плаца городской земли, находящагося в вечно-чиншевом ея владении, пространством 393 кв. саж съ постройками за ежегодную плату чинша по соразмерности... Городская Управа в ходатайстве этом мне отказала без объяснения причин, а частным образом я узнала, что удовлетворение моего ходатайства может последовать лишь при увеличении на мою часть земли ежегодной платы чинша. Такое постановление я считаю неправильным...”
Гарадская дума, разгледзеўшы скаргу, даручыла ўправе задаволіць хадайніцтва, але яно зноў было адхілена - Лідзіі патлумачылі: драбненне ўчастка абясцэньвае ўсё валоданне, і гораду такое драбненне выгаднае толькі ў выпадку павелічэння падатку з гэтага ўчастку. Плаціць больш жанчыны не хацелі.
У выніку ў 1912 годзе зямлю-такі ўдалося падзяліць: Мар’я прадала пляменніцы Лідзіі сваё вечна-чыншавае права на 393 сажні з незастрахаваным драўляным домам і амбарам.
Дом на рагу Камуністычнай і Старавіленскай, у якім, магчыма, жылі Сцяпанавы, а пасля іх сваякі Паўлавы, 1980-я гады. Цяпер тут прастора перад пасольствам Украіны
Час ішоў, сродкаў у самотнай Марыі Сцяпанавай усё менела. І к 1913 году ў месцічкі саспеў новы план, як зменшыць падатковы ціск. Праз свайго сваяка, губернскага сакратара, мужа пляменніцы Міхаіла Паўлава яна прапанавала гораду Мінску выкупіць зямлю на рагу Старажоўскай (Кісялёва) і Старавіленскай - то бок цяперашні сквер. Калі Марыю Сцяпанаву выклікалі ва ўправу для ўдакладнення ўмоў здзелкі, то пачулі: “За кожны квадратны сажань жадаю атрымаць (крайняя цана) да пяці рублёў з такім толькі, каб 1) усю суму атрымаць наяўнымі грашыма і 2) каб участкі зямлі, што знаходзіцца як у маім карыстанні, так і ў карыстанні маёй пляменніцы Лідзіі Паўлавай, былі б замацаваныя за намі ў поўную неад’емную ўласнасць” (замест вечнага чыншавага валодання - каб не плаціць штогадовы падатак).
Дума пастанавіла выкупіць у Сцяпанавай зямлю. Справу затармазіў губернатар: ён запатрабаваў тлумачэнняў, “наколькі выгадны гэты продаж у гаспадарчых інтарэсах горада”. У дакладной запісцы патлумачана, што дзякуючы пераздачы гэтай зямлі, горад будзе атрымліваць 28 рублёў на год. Толькі к лету 1915 года справа была вырашаная канчаткова, а зямля вымераная і перададзеная гораду ды домаўласніцам.
***
На жаль ці на шчасце, спярша вайна, потым рэвалюцыя зашкодзіла гарадскім уладам здаць землі фруктовага саду Сцяпанавых на разбудову. Сад паспяхова перажыў і савецкія пераўтварэнні, стаўшы агульным месцам адпачынку, з клумбамі і лаўкамі, агароджаны плотам з просценькай агароджай з металічных труб. Старыя дрэвы знікалі, з’яўляліся новыя. Некалькі паўвекавых таполяў і ліпаў ёсць у садзе дасюль.
Крыніца: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Фонд 1, вопіс 1, справа 4035.