70-годдзе Сталіна на мінскім фарфоравым заводзе

Dec 06, 2015 19:07

Апошні ў гэтай серыі допіс пра Мінскі фарфоравы завод прысвечаны знакамітаму артэфакту з Нацыянальнага мастацкага музея і яго аўтару Мікалаю Міхалапу - дызайнеру, керамісту, фатографу, першаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея (1939-1941).



Пасля вайны Міхалап, абвінавачаны ў халатнасці і страце музейных каштоўнасцяў,  быў пазбаўлены пасады дырэктара музея, пачаў займацца распрацоўкай прадукцыі фарфоравага завода, не будучы штатным супрацоўнікам. Ён - аўтар вазы “70 гадоў Сталіну” (“Беларусь савецкая”), якая выстаўляецца ў мастацкім музеі, была экспанатам выставы “Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі”. Ваза створана на мінскай “фарфарцы” ў 1955 годзе да дэкады літаратуры і мастацтва БССР у Маскве.


На вазе - партрэты Сталіна і Леніна, вытрымка з ліста беларускага народа Сталіну, медальёны з выявамі гонару БССР: эмблема аўтазавода і 25-тонны грузавік, эмблема трактарнага завода і выява трактара.
Аздоблена ваза вянкамі з канюшыны і каласкоў і традыцыйным арнаментам.
Мадэльшчыкам і мастаком-жывапісцам былі работнікі завода Ігар Конюх ды Іван Прохараў.
***
Мікалай Пракопавіч Міхалап (1886-1979) - мянчук, выпускнік вучылішча барона Штыгліца, першым кіраўніком аддзялення керамікі ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Традыцыйную беларускую кераміку Міхалап збіраў усё жыццё, і пасля яго смерці калекцыю перадалі ў Музей старажытнабеларускага мастацтва.
Пры Міхалапу ў 1930-я пачала фарміравацца калекцыя мастацкага музея: з Ленінграда, Масквы, музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля, сядзіб і палацаў Заходняй Беларусі (у тым ліку радзівілаўскімі зборамі). На пачатак вайны фонды налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 у экспазіцыі. Аднак у пачатку вайны вывезці калекцыю не змаглі, і за яе ўзяліся нацысты: нешта разрабавалі салдаты вермахту, большасць звёз у рэйх дырэктар Дрэздэнскай галерэі Посэ. Пасля вайны ў Мінск вярнулася малая частка: калекцыя нясвіжскіх партрэтаў, адшуканая савецкім войскам, ды экспанаты, якія ў пачатку вайны былі на экспанаванні ў Расіі. Улады абвінавацілі дырэктара музея ў гэтых стратах.
У паваенныя дзесяцігоддзі Міхалап працаваў дызайнерам, дапамагаў фарфораваму заводу. Вось адзін з яго вырабаў - "Мыш на кавалку сыра".





Мяне ўразіла імкненне Міхалапа шукаць разам з заводам стыль беларускай керамікі, ствараць унікальныя рэчы і посуд (а тады распаўсюджанай практыкай было запазычванне формы вырабу ў іншых савецкіх прадпрыемстваў, і толькі расфарбоўку прыдумвалі самі). Таксама Міхалап як мог, выкарыстоўваў беларускія ўзоры і сімвалы у сваіх праектах. Навучаючыся ў Пецярбурзе, сваім дыпломным праектам ён зрабіў скульптуру зубра, ці не першы сярод беларускіх мастакоў звярнуўся да гэтага сімвала радзімы - а быў толькі 1913 год.



Яшчэ адзін сімвал - бульба. Ваза "Бульба" 1950-х гадоў (у працэсе выраблення).



Яшчэ адзін фрагмент спадчыны мастака - мачты ліхтароў у цэнтры Мінска, Гомеля, Віцебска з арнаментамі слуцкіх паясоў. Гэты арнамент у вырабах завода ён выкарыстоўваў часта. Вось пісьмовы прыбор з матывамі паясоў, 1950-я гады.


Кубак і коўшык, 1960-я.



Хлебніца, салонка, падстаўка з матывамі слуцкіх паясоў, 1950-я гг.


А вось ваза "Мацярынства", тры грудзі на адным корпусе. Авангард і эротыка 1960-х гадоў.


Выкарыстаныя матэрыялы артыкула ўнучкі майстра А.Скеп’ян пра М.П.Міхалапа з сайту Нац.маст.музея, матэрыялы кнігі Ірыны Елатомцавай “Михолап как Михолап” (Мінск, 2008,  асобнік маецца ў Нацыянальнай бібліятэцы).
Previous post Next post
Up