Лёсы праведнікаў са Старажоўкі

Nov 01, 2015 16:19


Нечаканыя гісторыі сапраўднага штодзённага гераізму звязаныя са Старажоўкай. Сёння змяшчаю тут некалькі гісторый пра старажоўцаў, якія рызыкавалі жыццём, каб выратаваць яўрэяў у часы вайны. Пакуль пра дзве сям'і праведнікаў, якія атрымалі гэты статус афіцыйна ў апошнія дзесяцігоддзі.

* * *
Тані Усялюбскай на пачатак вайны было 6 гадоў. Вайна разлучыла яе з бацькамі, і яна засталася адна са стрыечным братам на тэрыторыі гета. Праз дзірку ў дроце ёй разам з братам Лёнем удалося ўцячы. Разам яны прыйшлі да суседзяў братавай сям’і, якія ўзялі да сябе Лёню, а дзяўчынку не захацлі. “Тады Лёня стаў уцякаць ад мяне, а я спярша не адставала, усё бегала за ім. Але пасля мне стала вельмі крыўдна, і я перастала за ім бегаць - і засталася адна! На вуліцы было вельмі халодна. Я спрабавала зайсці ў дваровы туалет, але мяне не пускалі хлопчыкі, білі і дражнілі. Так што апаражнялася я проста ў штонікі, і на марозе ўсё гэта падмярзала”.
Таня пачала прасіць міласціну, і яе падабрала на вуліцы жанчына, якая жыла “на скрыжаванні Крапоткіна і Старавіленскай” (відаць, цяпер на гэтым месцы доўгі дом над Свіслаччу?). У сям’і не было дзяцей, і ставіліся да Тані як да роднай. Доўгі час праз адсутнасць дакументаў дзяўчынка не мела карткі на хлебны паёк, але дарослыя аддавалі ёй большасць сваіх. Улетку 1942 года дзяўчынку ахрысцілі ў "чыгуначнай царкве", каб атрымаць хаця б нейкі дакумент. Па пасведчанні аб хрышчэнні яна магла атрымліваць хлебныя карткі.


Жыла сям'я ў драўляным двухкватэрным доме на два паверхі (быў знішчаны ў вайну), па суседстве са святаром. Мікалай Карнеевіч Светлікаў захварэў і памёр увосень 1943 года (верагодна, пахавалі яго на бліжйых Старажоўскіх могілках - цяпер гэта сквер ля царквы Марыі Магдалены). Стэфаніда Кузьмінічна Светлікава-Галушанкава засталася глядзець Таню і Валю, мужаву дачку ад першага шлюбу.

Як расказвае ва ўспамінах Таццяна Калманаўна, пасля смерці прыёмнага бацькі жонка яе хроснага прырэўнавала мужа да Стэфаніды Кузьмінічны, “і стала паўсюль крычаць, што яна “за золата жыдоўскіх дзяцей панабірала і гэтым золатам чужых мужоў прываблівае””. Прыйшлося перабірацца да знаёмых мамы Фені (так дзяўчынка называла Стэфаніду) на бераг Свіслачы - каб уберагчыся. Феня навучыла Таню, як уцякаць, калі па іх прыйдуць немцы ці паліцэйскія. Калі Мінск быў вызвалены, Тані ўдалося сустрэцца са сваёй мамай, якая вярнулася з эвакуацыі: "Мамы сустрэліся як родныя сёстры”.


Прозвішчы Светлікава і Галушанкавай на Сцяне Праведнікаў у Ізраілі

Стэфаніда Кузьмінічна Галушанкава памерла ў 1979 годзе і пахаваная на Паўночных могілках Мінска, у 1999 годзе яна і яе муж Мікалай Карнеевіч Светлікаў пасмяротна атрымалі званне Праведнікаў сусвету. Так ціхі жыццёвы подзвіг стаў часткай сімвалічнай мапы Старажоўкі.

* * * *
Другая гісторыя вядомая ад самой праведніцы - Раісы Кірылаўны Сямашкі. Яна атрымала званне ў 2001 г., яе бацькі Кірыл Мікітавіч і Анастасія Лазараўна - у 1996 г. пасмяротна. Сям'я жыла на тэрыторыі цяперашняй Асмалоўкі, калі дамы там яшчэ стаялі драўляныя, з садамі і сараямі.
Успаміны Раісы Кірылаўны неверагодна захапляльныя, прыводжу фрагменты з іх.

Раіса з татам Кірылам Мікітавічам і мамай Настассяй Лазараўнай
"Жылі мы ў Мінску на рагу Старажоўскай вуліцы (цяпер Кісялёва) і Пугачоўскага завулку (цяпер вул. Чычэрына), здымалі аднапакаёвую кватэру ў доме ў гаспадара з прозвішчам Лібо. Увогуле, наш пасёлак, размешчаны ў раёне піўзавода і Камароўкі быў вядомы як чыста яўрэйскі. У раёне Камароўскага завулку нават была невялікая сінагога. У нашым доме жылі толькі дзве рускія сям’і - наша і Сакалоўскіх, рэшта восем сем’яў яўрэі. Побач з намі жыла сям’я ўрача Натана Кліпцана, яго жонка і сын Фіма загінулі ў гета, а ён сам перад вайной з дачкой Нюсяй з’ехаў у Маскву. Адтуль яго прызвалі ў армію, ён ваяваў, застаўся жывы… Толькі пасля вайны яны даведаліся пра трагедыю, пазней з’ехалі ў Амерыку.

У 1937 г. я паступіла ў 11-ю мінскую школу. Клас, у якім я вучылася, яўляў сабой поўны інтэрнацыянал: беларусы, рускія, палякі, яўрэі, татары.

Школьны клас Раісы

Падчас вайны ў школу я не хадзіла, былі выпадкі, калі дзяцей забіралі з урокаў і адпраўлялі невядома куды. Шчыра кажучы, моцна я з гэтай нагоды не перажывала. Нават па-дзіцячы радавалася зацяжным канікулам. але затое я вельмі многа чытала, а ўвесь вольны час праводзіла з Ідай і Нінай". Іда Баршчова і Ніна Цэйтліна былі аднакласніцамі Раісы.

Калі ў Мінску з’явіліся загады перасяляцца ў гета, то “усе нашы суседзі-яўрэі, якія не паспелі ці не змаглі пакінуць горад, сышлі туды". Большасць старажоўскіх пасялілася на вуліцы Замкавай, а людзі з гэтай вуліцы перыйшлі ў Старажоўскі пасёлак, паколькі іх выселілі з кватэр. "Наш гаспадар з жонкай таксама сышоў у гета. Сыходзячы, ён сказаў бацьку: “Кірыл, калі мне будзе суджана вярнуцца, я думаю, у нас з табой праблем не будзе, а пакуль займай і маю палову дома”. З гета яны так і не вярнуліся, і наша сям’я яшчэ шмат гадоў жыла ў гэтым доме. З новымі суседзямі нам вельмі пашанцавала, гэта былі сем’і Казловых і Ясінскіх, выключна прыстойныя людзі, якія дапамагалі нам захаваць жыццё Ідзе і Ніне”.

З пачаткам вайны маму Іды - супрацоўніцу НКУС - тэрмінова эвакуявалі, не дазволіўшы забегчы дамоў па дачку. Падчас спробы эвакуявацца Іда згубіла ў натоўпе бабулю і ўрэшце вярнулася ў Мінск ды прыйшла дамоў да школьнай сяброўкі Раісы, паколькі Ідзін дом на рагу Старажоўскай і Шырокай (Кісялёва і Куйбышава) быў разбураны ў першыя бамбёжкі. Іда жыла ў дзіцячым доме пры гета (на вул. Заслаўскай), але амаль заўсёды была ў доме сяброўкі (падчас ліквідацыі гета ўсіх дзяцей з яўрэйскі дзіцячых дамоў забілі ў мінскай Яме).
Тата Ніны граў у аркесты, і падчас вайны быў на гастролях. Ніна з мамай і сястрой перасялілася ў гета. Яна часта прыходзіла ў свой стары раён - на Старажоўку, прыносіла вопратку, каб памяняць на прадукты. Прадукты ж трохі былі: на папялішчах ад дамоў разбівалі агароды, саджалі бульбу, моркву, капусту. Падчас трэцяга пагрому загінулі маці і сястра Ніны. Дзяўчынка выжыла таму, што была ў час пагрому ў сяброўкі Раісы.

“Я часта хадзіла на тэрыторыю гета. Мама давала мне прадукты, і я насіла іх нашым сябрам. Аднойчы я пайшла, сустрэла знаёмых дзяцей, загулялася. Пабачыўшы, што ўжо цёмна, вырашыла заначаваць у гета. Мне нават на думку не прыйшло, што будзе з маімі бацькамі, калі я не вярнуся дамоў… Бацька пабег мяне шукаць. Каля ўваходу ў гета яго аклікнуў паліцай “юдэ!” і штурхнуў за дрот. Бацька бажыўся, што шукае зніклае дзіця, але паліцай не верыў. А потым, магчыма, з суму ці цікаўнасці завёў яго ў памяшканне,  паклікаў нейкіх старых і загадаў бацьку здымаць штаны. Старыя паглядзелі і сказалі: “Гэты чалавек рускі”. Вярнулася я толькі раніцай. Мне, канечне, здорава дасталося”.

1984 год, сустрэча выпускнікоў. Злева направа Ніна, Іда, Раіса

У 1943 г. у доме Сямашкаў раскватаравалі паліцаяў. Для Іды і Ніны стала небяспечна там знаходзіцца,  ім пачалі шукаць іншы прытулак. Іду ўдадося ўладкаваць у “рускі” дзіцячы дом па завулку Прыгожым,7, а Ніну адправілі ў партызанскі атрад.

Будынак дзіцячага дома захаваўся

* * * *
А яшчэ дзве гісторыі - проста з народнай памяці, іх я пачула падчас інтэрв'ю і вельмі хачу, каб яны захаваліся. Магчыма з часам выявяцца новыя падрабязнасці тых падзей, знойдуцца нашчадкі.

Месца па Крапоткіна на тэрыторыі фарфоравага завода, бліжэй да вул. В. Харужай:

"Чекатовские - они жили по Крапоткина в первом доме после завода фарфорового, напротив инфекционной больницы -




они же свою внучку евреечку спасли. У них старший сын был женат на еврейке. Когда стали немцы собирать в гетто, их невестка боялась, что всех заберут. И она дочку оставила, а сама пошла гетто. И они эту девочку выпускали только по вечерам, и то не каждый день, с детьми она почти не гуляла, они ее прятали. И они очень закрыто жили, у них калитка, наглухо забор. Она была такая рыженькая с косой девочка. И она выжила. А невестка пропала". (расповед запісаны ў Ніны Філіпаўны Ступак, 1935 года нараджэння, якая ў вайну жыла на вуліцы Крапоткіна на тэрыторыі фарфоравага завода).

* * *
Месца каля Моладзевага тэатра, паміж ім і трамвайнымі шляхамі:



"Бабушка рассказывала: здесь жил один мужчина, и в войну он спрятал учительницу-еврейку. Кто-то выдал. Когда он шел домой, увидел, что в доме уже немцы. Он в дом даже не заходил. Ушел к партизанам. А она погибла". (распавяла Людміла Іванова, чыё дзяцінства прайшло на вуліцы Маладзечанскай)

Дзякуй усім, хто прачытаў столькі тэксту!
На наступныя выхадныя рыхтую сумныя і вясёлыя гісторыі пра фарфоравы завод - аб'ект, які цяпер знікае і разбураецца, але цягам 20-га стагоддзя вызначаў жыццё не толькі вуліцы Крапоткіна, але і ўсёй БССР.

Фотаздымкі з інтэрнэту, фэйсбуку Юліі Лабзовай і кнігі "Мінск. Гістарычны партрэт горада: 1953-59"
Previous post Next post
Up