Leave a comment

jozifinna April 27 2013, 11:53:26 UTC
Але не. Другая па чарзе біяграфічная даведка пра Ластоўскага датуецца ці не 1927 годам, калі ў Вільні выйшла «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» Ігната Дварчаніна. У ей складальнік прыводзіць наступныя звесткі: «В. Ластоўскі нарадзіўся 1883 г. 20 кастрычніка ў засьценку Калесьніках, Дзісенскага павету. Бацькі, Юстын і Ганна, належалі да клясы дробных арандатараў-земляробаў (безьзямельных)». З падрадковай заўвагі складальніка хрэстаматыі вынікае, што звесткі ўзяты з аўтабіяграфічнага ліста, дасланага Властам. I не верыць яму няма ніякіх падстаў. Можна толькі кінуць папрок, чаму Вацлаў паленаваўся назваць яшчэ хоць бы воласць ці іншы бліжэйшы арыенцір. Напрыклад, парафіяльны касцёл, у якім яго хрысцілі.

Працягваючы адмаўляць Міёршчыну, я доўга не мог прапанаваць узамен іншую, найбольш верагодную мясціну нараджэння Ластоўскага. Ад пачатку было ясна адно: яна - на Віцебшчыне.

Але дзе?
Дапамог мой слынны цёзка (а потым высветліцца, і блізкі зямляк Ластоўскага) - Язэп Драздовіч. Неяк у навуковай зале Аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў нашай акадэмічнай бібліятэкі да майго стала, абкладзенага фаліянтамі даведнікаў і картамі Віцебшчыны, падышоў Арсень Ліс.

- Што шукаем? - кінуў старэйшы даследчык.
- Слухайце, а як Вы даведаліся, дзе і калі нарадзіўся Язэп Драздовіч? - адказаў пытаннямі на пытанне.- Можа, падкажаце, дзе ляжаць хросныя метрыкі Дзісенскага рымска-каталіцкага дэканата? - і, пачуўшы ў адказ: «Высветліў з ягоных дзённікаў», расказаў пра свой «галаўны боль», набыты пад час апошняга даследчыцкага «дэтэктыва».
- А Вы яшчэ раз перагартайце дзённікі Драздовіча, там ён і пра радзіму Ластоўскага падрабязна згадвае...

Няўжо?.. Збіраю паўдзесятка нумароў часопіса «Маладосць» за 1991-1992 гады, дзе друкаваўся «Дзённік» мастака. Сапраўды, некаторыя запісы сведчаць пра дэталёвае знаёмства Драздовіча з рэаліямі дзіцячых гадоў Власта.

Вось адзін з абразкоў. «Нядзеля. Сабраліся рэчкаўцы ў Стары Пагост на возера купаць коні... Стаяў тут у канцы вёскі (на гэтым баку) магазінавы свіран, а сярод вёскі карчма аграмадная, то і я тэта помню. У карчме гэтай, якая аддавалася панамі ў арэнду, жыў у падурослыя леты, гадаваўся наш слынны навуковец Вацлаў Ластоўскі, які пазней так ідэалізаваў гісторыю культуры нашага краю. Ад карчмы гэтай, якая стаяла ў сутоках Рэчкаўскай дарогі з вуліцай, цяпер пазасталася ад ейных мураваных шул і падмуроўкі толькі адна груда абломкаў».

Зайздросная падрабязнасць, што ні кажы. Аднак «жыў у падурослыя гады», «гадаваўся» - гэга «не нарадзіўся». Пры сустрэчы заўважаю тое Лісу. I тут высвятляецца неверагодная рэч. Прыведзеныя мною ўспаміны датуюцца летам 1936 года. Апошні ж з надрукаваных у «Маладосці» раздзелаў называецца «Паміж Мнютай і Аутай», напісаны ў 1937 годзе. А ёсць яшчэ недрукаваная частка дзённіка! Менавіта ў ім пад 1938 годам Драздовіч занатаваў каштоўную рэфлексію - успамін пра сустрэчу землякоў на петраградскай кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы ў 1916 годзе, калі ў Вільні пачала выходзіць газета «Homan».

«- А глядзеце, хто рэдактарам, - з гэтымі словамі стары прафесар звярнуўся да прысутных гасцей, Язэпа Драздовіча і Антона Грыневіча, - гэга ж наш землячок з Дзісеншчыны - Ластоўскі.
Праўда, што мы тут сабраўшыся, - тры на ліцо, а чацьвёрты на паперы былі землякамі, з адных і тых самых знаёмых, адна ад адной блізкіх распаложаных мясьцін. Дзед Браніслава Ігнатавіча паходзіў з-пад Дворнава на Дзісеншчыне, а сам ён з Залесся, каля Ветрына на Полаччыне. Прадзед жа [неразборліва; хіба гутарка пра самога Я. Драздовіча.- Я. Я.] паходзіў з Арэхаўна каля Залацця, пад Полацк, а я сам - з Пунік, Галубіцкая пушча. Ант[он] Антонавіч паходзіў дзесь там каля Палюдавіч, на граніцах Дзісеншчыны з Полаччынай. А Вацлаў Ластоўскі з Калеснікава, паміж Мнютай і Аутай, таксама на Дзісеншчыне, а гадаваўся ў Старым Пагосце і Германавічах. Кругом мы землячкі, - адно краянцы».

З невядомага дасюль запісу выплывае яшчэ адно - зусім іншае! - месца верагоднага нараджэння Вацлава Ластоўскага: хутар Калеснікава ў Пліскім сельсавеце Глыбоцкага раёна.

Сапраўды, ёсць і такі! У ім у 1866 годзе стаяў усяго адзін дом, жыло 14 душ. Паводле веравызнання - католікі. З'явіся ў «Маладосці» гэтая мясціна дзённіка колькі гадоў таму - нашыя даследчыкі і вучоныя-энцыклапедысты, бясспрэчна, звярнулі б на яе ўвагу.

Reply

jozifinna April 27 2013, 11:54:35 UTC
Вялікія надзеі ўскладаў я на анкетныя звесткі аўтабіяграфічнага характару, якія захоўваюцца ў акадэмічным архіве ды архіве КДБ. На жаль, яны мяне расчаравалі.

Абіраючыся ў 1928 годзе акадэмікам, Ластоўскі напісаў пра сябе ўласнаручна: «Вацлаў (Вячаслаў) Юстынавіч Ластоўскі, сын беззямельных сялян, радзіўся ў 1883 годзе; беларус. Асьвету атрымаў дамовую...»...

У матэрыялах з архіва КДБ анкетныя дадзеныя таксама не здаволілі цікаўнасць: «Ластовский Вацлав Усти-нович, 20 октября 1883 года рождения, уроженец хут. Колесники Дисненского уезда Виленской губернии, белорус, беспартийный, с высшим образованием, академик...».

Як бачым, сам Ластоўскі ў другі раз (пасля Ігната Дварчаніна) месцам свайго нараджэння называе Калеснікі. Але - зноў падкрэслю - не вёску, а хутар (засценак). А тэта, нагадаю, даўней - рэчы прынцыпова розныя.

Пэўны і дакладны адказ, у якіх Калесніках Дзісенскага павета (Калеснікава?) нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, можа даць толькі хросная метрыка аднаго з касцёлаў былога Дзісенскага дэканата Віленскай губерні. На такой ноце я скончыў даклад, зачытаны ў канцы пленарнага пасяджэння навуковай канферэнцыі, наладжанай 27 кастрычніка 1993 года у Наваполацкім (Полацкім) універсітэце. Але трыбуну пакінуў не адразу. Давялося вытрымаць сапраўдны двубой з міёрскім краязнаўцам Вітальдам Ермалёнкам, які слушна не пажадаў «за проста так» аддаць знакамітага земляка (на тыдзень раней, у Мінску, пасля вечарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, у сходні Дома літаратара за тое ж самае мяне ўшчуваў паэт Сяргей Панізнік - таксама з Міёршчыны).

Старшынствуючы на пасяджэнні даследчык Адам Мальдзіс таксама непакоіўся: «Дык як мы запішам пра месца нараджэння Ластоўскага ў бібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі»? Том на літару «Л» хутка здаецца ў набор?» Я прапанаваў «варыянт Лявона Гмырака»: у згаданым слоўніку за Гмыракам пазначаны «дзве радзімы» (на Вілейшчыне ды Мядзельшчыне). Дык і пра Ластоўскага раю пакуль падаваць так: «Нарадзіўся ў засценку Калеснікі (цяпер Міёрскі раён) або ў засценку Калеснікава [?] (цяпер Глыбоцкі раён)».

На шчасце, пытальнік пратрымаўся нядоўга - нейкі месяц-другі... Супрацоўніца Віцебскага музея Людміла Хмяльніцкая адшукала ў Нацыянальным архіве Беларусі ў Мінску хросную метрыку Вацлава Ластоўскага. Паводле дакумента прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі нарадзіўся 27 кастрычніка (8 лістапада) 1883 года ў засценку Калеснікава Задарожскай парафіі Дзісенскага павета Віленскай губерні, што над самым возерам Мнютай.

Менавіта тут, я спадзяюся, удзячныя нашчадкі паставяць некалі помнік Вацлаву Ластоўскаму. Што да праведзенага пошуку, я напоўніцу ацаніў сінтэз: трэба верыць найперш архіўнаму дакументу і... дасканалай чалавечай памяці, якую прадэманстраваў у сваіх дзённікавых запісах мастацкі летапісец Дзісеншчыны Язэп Драздовіч.

Язэп Янушкевіч
За архіўным парогам
Мінск: Мастацкая літаратура, 2002

Вот так. А космологическую теорию Язэпа Драздовича тоже скоро верной признают. На общепринятой-то версии происхождения и главное, жизни Вселенной - уже заплатки ставить некуда.

Reply

stanislav_05 April 29 2013, 17:31:52 UTC
Спасибо большое за ваши дополнения.

Reply


Leave a comment

Up