Беларуская лацінка "Leta od Narozenia Syna Bozeho 1591..."

Sep 17, 2016 03:40


Сустракайце: дакумэнт на беларускай мове, датаваны летувісамі 1591г.

Дакумэнт гэты знаходзіцца ў Бібліятэцы Віленскага Ўнівэрсытэту, і ён даступны онлайн, можаце разглядаць:

http://www.lvb.lt/primo_library/libweb/action/dlDisplay.do?vid=VU&search_scope=VUBALL&docId=VUB01000161732&fn=permalink

http://www.atmintis.mb.vu.lt/en/collections/VUB01_000161732

Па-летувіску там напісана, што гэта арыгінальны рукапісны дакумэнт, створаны ў Менску 5-га лістапада 1591г. Там жа летувісы пішуць, што гэта "мова славянская літарамі польскімі". Якая славянская, не ўдакладняецца, але зараз вы ўсё пабачыце.


Дакумэнт гэты - умова падзелу маёмасьцяў паміж трыма братамі Сапегамі, а завуць іх Леў, Грыгорэй і Андрэй. Усе яны сыны Івана Сапегі. Леў старэйшы - 1557г.нар., Грыгорэй каля 1560-га, Андрэй каля 1565-га. Пазьней у сям'і нарадзіліся яшчэ тры сястры. Леў Сапега - так, гэта ТОЙ САМЫ Леў Сапега, на момант напісаньня дакумэнту - Канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Грыгорэй - падкаморы Аршанскі. Андрэй - староста Аршанскі.

Паходзілі яны з Чарэйска-Ружанскай галіны Сапегаў (Чарэя - гэта на Аршаншчыне-Віцебшчыне), нарадзіліся на Віцебшчыне. Леў навучаўся ў Ляйпцыскім Унівэрсытэце, там прыняў пратэстанцтва - кальвінізм. У 1580-ых браты прынялі каталіцтва.

Умову падзелу шматлікіх уладаньняў сваіх яны сьведчылі перад абліччам Судзьдзяў Галоўных Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Гэты орган быў створаны ў 1581 пры непасрэдным удзеле Льва Сапегі. Нагадаю, ён жа рыхтаваў і выдаваў Трэці Статут ВКЛ 1588 (па-беларуску кірыліцай). Трыбунал ВКЛ складаўся з выбраных судзьдзяў-шляхцічаў і зьбраўся то ў Вільні, то ў Менску, то ў Наваградку. Дакумэнт, які мы разглядаем, быў напісаны і зацьверджаны ў Менску. А менавіта так - МЕНСК (ня Мінск) - назва выглядае ў ім самім.

Асноўныя адметнасьці мовы і правапісу наступныя.

Дыякрытыкі яшчэ амаль не выкарыстоўваюцца. Ш, Ж, Ч пішуцца як sz, z, cz. Але сустракаецца ż як ж.

У адрозьненьне ад сёньняшніх менскіх чыноўнікаў, тагачасныя не саромеліся літары Ł. Мяккае ль пішацца як L, цьвёрдае л - як Ł: Łukoml 'Лукомль'.

Мяккага знака (як і цьвёрдага) няма, іншых пазнакаў мяккасьці зычнага ў канцы слова ці перад зычным няма таксама. Таму - ludmi чыт. "людзьмі", czast чыт. "часьць".

Мяккасьць перад галоснымі А, О, U пазначаецца праз і, як і зараз у лацінцы: kniastwo 'княства', sudiami 'судзямі', własnostiu 'ўласнасьцю'.

Мяккасьць перад гукам "і" пазначаць ня трэба. Пры гэтым гук "і" пішацца як Y, I, J. Пасьля зычных - Y: welykoho 'вялікага'. На пачатку словаў выглядае як J: Jch 'іх'. Гук "й" пазначаецца таксама як I, Y: swoieiu rukoiu "сваею рукою". Гук "ы" таксама пазначаецца праз Y^ było 'было'. ТАМУ ty можа азначаць і "ты" і "ці".

Мяккасьць перад Е не пазначаецца. То бок літара "е" ўжываецца як у кірыліцы: pered 'перад', powet 'павет'.

Аканьне не адлюстравана, пішацца ненаціскное О, хаця вымаўлялася тады ўжо А: kotory "каторы". Яканьне аналягічна: mene 'мяне', weczystoho 'вячыстага'. Дзеканьне не адлюстравана: ludmi 'людзьмі', sudiami 'судзямі', byty 'быці', derzawca 'дзяржаўца', deło 'дзела', nad Dwinoiu 'над Дзьвіною'.

Зацьвярдзелае беларускае р (у адрозьненьне ад мяккіх расейскага і ўкраінскага рь, польскага пераходу ў ж 'rz') паказана, таму: nojabra, pryniali (пар. рас. приняли, пол. przyjeli), try 'тры', Kancler (ня: kanclerz па-польску).

Гук "в" перадаецца праз W, як да 1930-ых гг. Гук "г" перадаецца праз H: hołowny 'галоўны', honi 'гоні', hrodzki, zhodne, wodłuh (водлуг, паводле). ПРЫ ГЭТЫМ выбухны G сустракаецца: grunty "ґрунты", na pergaminie 'на пэрґаміне', Regestr Delczy "рэґестр дзельчы".

Наша "ў" тады яшчэ не выкарыстоўвалася. Пераважна на яго месцы было W (то бок "в"). Але! Сама фанэтычная зьява раз-пораз незнарок паказаная: w powete Orszanskom y uWojewodztwe Połockom - у ваяводзстве (а не в воеводзстве - як у расейцаў, украінцаў, палякаў). Такіх прыкладаў некалькі.

Менск называецца Менск - некалькі разоў: Mensk, w Mensku, Woiewodztwa Menskoho. Толькі адзін раз w Minsku.

У слове "Лепель" пры скланеньні выпадае -е-: pod Leplem.

Імёны па бацьку амаль не ўжываюцца. Толькі ў адным месцы два чалавекі называюцца з выкарыстаньнем імёнаў па бацьку, у іншым месцы яны ж названыя безь яго ўжываньня. Рэшта (у тым ліку Леў Сапега) - ніколі.

Ужываецца наш беларускі запрошлы (даўномінулы) час (плюсквампэрфэкт)! Jako to szto zDomu naszhoho było wyszło, opiat w Dedyctwo ...(ня бачна дзеяслоў)... raczył.

Назоўнікі пішуцца зь вялікіх літар (як у сучаснай нямецкай). Прыназоўнікі часта (хоць не заўжды) пішуцца разам з назоўнікам: zDomu, uWojewodztwe.

Увесь тэкст (12 старонак) напісаны па-беларуску, не па-польску (ці расейску ці ўкраінску). Але там, дзе браты Сапегі ўласнаручна падпісваюцца, праскоквае польская, мяшаная зь беларускай: swą ręką і побач swoieiu rukoiu, Andrzej i побач Hrehorey.

Паколькі мяккасьць перад е не пазначаецца, то прозьвішча Сапега пішацца Sapeha. Там, дзе праскоквае польская мова, пішацца Sapieha ў некаторых выпадках. Пры гэтым! Прозьвішча скланяецца як Sapeze (Сапезе) - гэта беларускі ўзор скланеньня, па-польску Sapiesze альбо Sapieże.

Іншыя адметнасьці паказваю пры ілюстрацыях.



Jch miłost welmozny Pan Lew Sapeha.



y Miadelsky - "і мядзельскі" - Pan Hryhorey Sapeha

wsy Try zhodne - ўсі тры згодне



pryniali Jch miłost Deł weczysty

w Powete Orszanskom y uWojewodztwe Połockom



Jako to szto zDomu Naszoho było wyszło, opiat w Dedyctwo ... raczył.

Andreju Sapeze - канчаткі склонаў, нетыповыя для польскай і ўкраінскай (там -ові)



... w Zamku y Meste Łukomlskom - у замку і месьце Лукомльскам

У тэксьце паўсюдна выкарыстоўваецца слова "места", а ня "горад".





Michayło Sapeha - не Michał, напрыклад.

Міхайла Сапега - брат Івана, дзядзька братоў.



komu choteczy oddat prodat - каму хоцечы аддаць, прадаць
własnostiu - уласнасьцю
kolwek, czym kolwek - ужываецца постфікс "кольвек". Ён пішацца асобна.

abo odyn druhych - або адзін другіх



Pryiately Naszy - прыяцелі нашы
y ustnoiu prozboiu - і устнаю просьбаю. NB! праз z: prozboiu

Knich - кніх. Слова *кнігі ў родным склоне паўсюль пішацца *кніх.
Kniaz Jurey Drucky -  князь Юрэй Друцкі
aKniaz Janusz Drucky - а(і) князь Януш Друцкі
własnoiu Rukoiu Hrehorey Sapieha - раптам праз -ie-
własną ręką Andrzey Sapieha - упершыню (на доле шостай старонкі) выкарыстоўваюцца польскія літары для насавых гукаў.
ręką swą Jerzy Drucky (рукой сваёй Юрэй Друцкі)



Sokoł Woyna - Сокал Война - прыклад тагачаснага імя і прозьвішча.
Fiedor Drucki Horski  - Федар Друцкі Горскі (1570 - 1615)



На сёмай старонцы напісана Roku 1672. Відаць, архіўныя дакумэнты правяралі і зацьвярджалі пасьля.

Тут зьвяртае на сябе ўвагу: Wojewodztwa Brzeskiego па-польску, потым Powetu Pinskoho па-беларуску

Maciey Suchodolski

Stefan Hładki - Стэфан Гладкі
meseca fiewrala - зьвяртае на сябе ўвагу мяккае fie-, якога няма ў польскай.

akt Knich Hrodzkych

Гэтая старонка адрозьніваецца ад папярэдніх. Пісана яна на сумесі польскай і беларускай, відавочна беларусам (а не палякам)

Roku - ва ўсім тэксьце ўжываюцца словы Roku і Leta. Слова "год" не ўжываецца.



Гэта кавалак 8-ай старонкі. Большая частка аркуша пустая (або замазаная). Тэкст па-польску. Даецца дата 1591, але 29-га кастрычніка (гэта дата сустракаецца яшчэ раз). Магчыма, дакумэнт пісалі ў дзьвюх частках, або разглядалі два разы. Далейшыя старонкі (9-12) выглядаюць інакш, чым 1-6, таму, відаць, пісалі дзьве часткі з розьніцай у тыдзень.



na Pargaminie - на парґаміне. Нетыповае -ie для мяккасьці. Слова відаць адчувалася як чужое, запазычаньне.

Ja Lew Sapeha Kancler welikoho Kniaztwa Litowskoho - у выпадку, калі самыя гэтыя словы сапраўды ўласнаручна пісаў пан Леў Сапега, то зьвяртае на сябе ўвагу, што ён пісаў Князтва, а ў іншых выпадках пішацца Kniastwa праз s.
Madelskij - двойчы, там дзе павінен быў пісаць уласнаручна пан Канцлер, *мядзельскі напісана некарэктна, не Mia-
Але почырк той самы, таму хутчэй за ўсё пісаў адзін чалавек (пісар) пад дыктоўку.

A Ja Hryhorej Sapeha Podkomoryi Orszanski
y Ja Andrey Sapeha Starosta Orszanskij
wsi try zhodne y iednostaynie czynim iawno y wyznawaiem sim weczystoho dełu naszoho Listom komuby toho potreba była wedaty sztoż my z dobroiey woli swoiey podelili iesmo weczysto promeżku sebe Imenia naszy otczyznyie y dedycznyie takze i to szto nam u tychże Imeniach Czasty skorutynskoie(???) ieho korolewskaia miłosti za Prozboju y Pozwoleniem ich miłostey Panow rady wsich Stanow Koruny Polskoy y welikoho Kniaztwa Litowskoho na Soyme ...

Усі тры згодне і еднастайне чынім яўна і вызнаваем сім вячыстага дзелу нашага лістом камубы (NB - by пішацца разам з папярэднім словам) таго патрэба была ведаць штож мы з добраей волі сваей падзялілі есма вячыста прамежку сябе іменя нашы атчызныя і дзядзічныя (спадчынныя), такжа і то, што нам у тыхжа іменях часьці ...(???) яго каралеўская міласьці за просьбаю і пазваленем іх міласьцей паноў-рады ўсіх станаў Каруны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага на Сойме...



...(me)ste Łukomskom za wsimi meszczanmi i naszymi z Podawaniem
Kosteła Łukomskoho Powszechneho Rymskoho z podawaniem Cerkwey Bożych hreczeyskoho Zakonu w tomże meste Łukoskom ...

z grunty Zemlami oromymi i neoromymi (тымі, што араныя, і тымі, што не) z Czynszy danymi Płaty poPłatki y pozytkami z Daniu Hroszowoiu medowoiu y zo wsiakimi Inszymi wszelakimi Powinnostiami
także zbory Lesy hai Senożatmi zozery zrekami zreczkami Puszczami złowy zwerynnymi Ptaszymi y rybnymi y z hony bobrowymi y zowsim na wse y zowszelakimi prychodami y Pozytkami iako też to menowite po Dostatku  na Regestre delczom ieho miłosti danom opisano iest.

A mne Lwu Sapezie Kancleru Welikoho Kniaztwa Litowskoho ....

з  ґрунты землямі аромымі і неаромымі, з чыншы данымі платы па платкі і пажыткамі, з даню грашоваю, мядоваю і зо ўсякімі іншымі ўшалякімі павіннасьцямі
такжа зборы, лесы, гаі, сенажацьмі з озеры, з рэкамі, з рэчкамі, пушчамі, з ловы зьвярыннымі, пташымі і рыбнымі і з гоні бабровымі і зо ўсім на ўсе і зо ўшалякімі прыходамі і пажыткамі яко тэж то менавіце па дастатку на рэґестрэ дзельчам яго міласьці данам апісана есьць.



Pan Michayło Sapieha

mene Hryhora y mene Andreja

Dostali sie Imenia u Woiewodztwie Witepskom





pered sudpm hołownym Trybunalskim wsi try

Panowie Pryiateli



Ich miłost Kniazi Jorey bohdanowicz Drucky
a Kniaz Janusz Bohdanowicz Drucki

-адзіныя прыклады ўжываньня імёнаў па бацьку

Pisan u Mensku Leta ot narożenia Syna Bozeho tysiecza Piatsot dewetdesiat Perweho dnia Oktebra 29

własnoju Rukoju Hryhory Sapeha Podkomorzy Orszanski własną ręką Andrzey Sapieha Orszanski

Вось так. "Польска квітнеет лацінаю, Літва квітнеет русчызнаю". Толькі вось русчызна наша ў Літве карысталася ўжо і кірыліцай, і лацінкай. Гэта прынамсі. Кітабы зь беларускай арабіцай захаваліся з сяр.17ст, але ствараліся верагодна і ў кан.16ст.

Леў Сапега памёр і пахаваны ў Вільні (у касьцёле, які сам пачаў будаваць). Там жа, дзе і захоўваецца дакумэнт на беларускай лацінцы 16ст. Калі зноў праз канцэрт Вольскага атрымаеце візу, то можаце і наведаць. Ну, калі час пасьля "Акропаліса" застанецца.

Previous post
Up