Недзе месяц таму, праязджаючы на сяброўскім аўто нейкія мала вядомыя мне вулачкі амаль у цэнтры Менску, заўважыў цікавы аб'ект.
- Мячэт, - паведаміў сябар.
- Дык вось дзе ён! (а можа яна?)
Праз некалькі дзён я ўзяў з сабой фоцік і пайшоў у госці да мячэту. Сам аб'ект павольна будуецца. Побач з ім знаходзіцца ўзгорак, на якім былі калісьці татарскія могілкі - мізАр, калі не памыляюся. За будаўнічай агароджай - на тэрыторыі будоўлі - звалены купкамі старыя надмагільныя камяні з надпісамі па-арабску, або па-арабску і па-руску. За межамі будоўлі на пагорку ляжыць яшчэ пару старых надмагільных камянёў, утаптаных у зямлю, і нават ёсць адносна свежанькая татарская могілка з кветкамі. Тэрыторыя, трэба сказаць, занядбаная. За савецкімі часамі на гэтым месцы быў, відаць, парк адпачынку: стаяць лавы, пліткай пакладзены сцежкі, уздоўж сцежкі стаяць ліхтары і на пагоркавым піку збудавана клумбачка. Сёння ўсе лавы разламаныя, ліхтары паразбіваныя, клумба парасла пустазеллем, а сцежкі месцамі закіданы пачкамі ад цыгарэт і бутэлькамі. Народ усё яшчэ на могілках "культурна" адпачывае, супакойвае душу. Пад дзвюма вялікімі елкамі знайшлі сабе прытулак бамжы. Ад дажджу іх абараняе густое яловае голле, а ад ветру - шматлікія клункі з рознымі бутэлькамі, кардонам і іншымі карыснымі выкапнямі.
Калі верыць інфармацыйнай шыльдзе, якая вісіць на будаўнічым плоце, то аб'ект павінен быць здадзены у апошняй чвэрці 2011 году. Але, відаць, не паспяваюць. Памятаю як пачыналася будоўля. Калі таварыш Лукашэнка раскручваў свой сяброўскі карагод з заможнымі арабскімі краінамі, то дзесьці ў кагосьці ўзнікла ідэя пабудаваць у Менску мячэт. Дзяржава кінулася дапамагаць у гэтай справе, але праз некаторы час я пачуў ад Лукашэнкі незадаволены спітч, які скончыўся прыкладна такім сказам: "Вам надо - вы і стройте!" Ужо не ведаю, што там здарылася за межамі тэлевізійных экранаў, але відавочна, што будоўля мячэту сур'ёзна зацягваецца.
Адрэса будоўлі - вуліца Грыбаедава. Цікава, а як Грыбаедаў пішацца па-арабску? :) Ведаю толькі, што пісаць трэба справа налева. І чытаць гэтак сама.