Не навіна, што перакладчыцкай праграме TRADOS Studio далёка да ідэалу. Але да рэгулярных глюкаў прывучыла яшчэ версія 2007, прынамсі звязка Translator's Workbench + MS Word, якой карыстаюся толькі пад прымусам))).
Вось і сёння пры стварэнні новага праекту ў Студыі вылезла нешта новае:
"Unexpected exception when configuring file converter for task 'Populate Project Translation Memories': An error occured creating a file based translation memory..."
Адсюль даведаўся, што я не першы злавіў "блыху". Каму лянотна чытаць і каробіць мазгі з-за англійскага тэксту, раскажу коратка:
Наколькі я зразумеў, пры стварэнні праекту TRADOS Studio аналізуе перакладчыцкую памяць (TM), параўноўвае з тэкстам праекту, выдзяляе з яе тую частку, што спатрэбіцца пры рабоце з дадзеным тэкстам, і генерыць TM праекту (Project TM), якая цягам перакладу абнаўляецца. Так бы мовіць чарнавічок. Калі тэкст вычытаны, асобным дзеяннем абнаўляецца асноўная TM (дарэчы, тая яшчэ загадка).
І вось пры стварэнні гэтай TM праекту нешта пайшло не так (вазьмі здагадайся - што: з назвы відаць толькі дзе і калі). Ізноў жа ў вышэйзгаданай крыніцы прапанавана рашэнне - рыхтаваць праект без стварэння TM праекту (заданне называецца Prepare without project TM). Парада слушная - праект рыхтуецца на ўра і TRADOS Studio не мацюгаецца. Больш таго: карыстальнік рэкамендуе заўсёды так рабіць, калі перакладаеш самастойна, а не скідваеш таварышу па прафесіі.
Калупацца глыбей няма аніякага жадання - 100% не апошняя "кузака". Можа стацца, што наступная запатрабуе да сябе павышанай увагі...
Плённай працы, паважаныя калегі.
Не хварэйце...