… вось ты кажаш: зараз касметыку нават для мужыкоў робяць… (Бывалы Талмач матлянуў кудлатай галавой) Ну, не будзем, канечне, лічыць там шампунь ці сродкі для галення, хаця гэта таксама касметыка, так… (адкінуўся назад у крэсле-гушкалцы, пачаў прачышчаць люльку) Я пра тое, што звычайна лічыцца толькі жаночым.
Вось быў у мяне выпадак адзін, ага. (старанна насыпае тытуню, няспешна распальвае люльку)
Былі ў нас аднаго дня на прадпрыемстве два госця з Ганы. Ну дык сапраўдныя ганцы, ядзяць іх мухі: адзін Валодзя, а другі, гэты, як яго там было? Ці то Кацман, ці то Шульцман, ага. І белыя ж, натуральна… (усміхаецца сабе ў вусы)
Дык гісторыя не пра тое.
А быў я тады яшчэ зялёны, нястрэлены, так сказаць. Але адказнасць сваю ўжо тады меў. Акрамя перакладаў ды прыёму гасцей яшчэ сувеніры замаўляць быў павінен. Я ж тады яшчэ паняцця не меў, наколькі гэта адказная справа, ядзяць яе мухі... Дык вось. Наказалі мне гэтыя сувеніры арганізаваць, трасца на іх… А на складзе рэкламнай прадукцыі Светка на той час працавала. Ой жа і шустрая, вавёрка (Талмач прыцмокнуў языком і паглядзеў у столю, успамінаючы): туд-сюд - усюды паспявла, нібы той электравенік. Не ведаю, як зараз, а тады шмат хто з дзяўчат гэтым Арыфлэймам ці Эйванам займаўся, чорт іх ведае… Што? І зараз ёсцейка? Ты мацней гавары, а то я ўжо недачуваю, халера яго бяры…
Дык сувеніры. Я, значыцца, спраўна ўсё замовіў: подпісы, штампы… А ты як думаў, ага? Куды ж без гэтага? Тут улік патрэбен! (шматзначна падняў палец угору). Светка мне ўсё выдала, як па пісанаму. Дак я два пакеты й пацёг, для кожнага, значыцца. А тут ужо добра не памятаю: ці то на абед я пайшоў затым, ці то яшчэ па якой патрэбе. Але сувеніры дарылі ўжо іншыя людзі. Ну вядома ж я пра самае цікавае толькі са слоў ведаю, ага.
(Талмач цяжка ўздыхнуў, зрабіў доўгую паўзу)
Значыцца, дораць гэтым ганцам сувеніры. А яны ж, брат, цікаўныя такія - страх! Ды не! Не сувеніры цікаўныя! Госці гэтыя, хай іх… Ну і цікава ж ім, што там ім падарылі. Палезлі ў гэтыя пакеты, церушаць, значыцца, шалпочуць... І тут гэты ці то Кацман, ці то Шульцман (а гэта менавіта ён па-нашанску ні бяльмеса) раптам у твары змяніўся. Запусціў у свой пакет руку і акуратна так двумя пальцамі дастае адтуль маленькі такі пакецічак празрысты. І са словамі "Вас іст дас?" паказвае, значыцца, памаду... Чатыры штукі, во!
Га? Ну не… міжнароднага канфлікту не атрымалася, ды й дзякуй богу. Гэты Кацман - мужык ня крыўдлівы зусім аказаўся. Зразумеў, што накладка атрымалася, на смех усё звёў. Тактоўны такі, ядзяць яго мухі… (разгушкаў крэсла, смачна пыхаючы люлькай)
А мне тады прыносіць хтосьці з нашых, значыцца, гэты злашчасны пакецічак і са словамі “Здаецца, гэта Ваша” кладзе мне на стол… І амаль тут жа Светка тарабаніць: маўляў, я там у сувенірах выпадкова памаду сваю не пакідала? Ах, любка ж ты мая! Ды праз тваю памаду траха канфузу не выйшла, ды і мне яшчэ перапала…
Вось так і было, ага.
Так што як апераджалі час, так і апераджаем: мы во ўжо тады памаду мужыкам дарылі! А ты тут кажаш сучаснасць, сучаснасць…