Першы прабег

Sep 16, 2012 11:51

Мы з Радай учора адбегалі 30 км прабега ў "Мануле".
Я вельмі задаволеная кабылай. Мы прыйшлі трэцімі у групе аматараў і мелі найлепшыя ветэрынарныя паказальнікі на ўсіх веткантролях.

На старце ветэрынар наогул абазвала Раду ўдавам (не-не, не за даўжыню корпуса) - пульс 40 і 44 пасьля прабежкі, прамежкавы веткантроль (пасьля 15 км за 58 хвілін) - пульс 56 і 62 пасьля прабежкі. 62 - больш за норму, але вет сказала, што вельмі хутка зніжаецца, таму можна сьмела дапускаць нават без паўторнага кантролю. На фінішы пульс 52 і 56.

На старце так неспадзявана выйшла, што я стартавала з самай моцнай групай, якая рухалася ў вельмі бадзерым тэмпе. Недзе на 10м кіламетры мне падалося, што трэба ад іх адставаць і ісьці павольней. Рада майго намеру не раздзяляла абсалютна, таму я доўга шукала месца, дзе можна было б яе перахітрыць і дзе дарога не праглядалася б далека наперад, каб група апасьпела зьнікнуць з полю зроку.
Знайшла такое месца, і там мы хуценька развучылі прасунутую праграму выездкі- пассажы, піафэ, левады, галоп з пастанаўленьнем, казлы на месцы і шмат іншага на прабегу некарыснага. Карацей, невядома яшчэ, ад чаго б у яе больш павысіўся пульс.
Другія 15 км мы йшлі разам з адным канем, амаль увесь час добрай роўнай рысьсю з доўгім 3х-4х кіламетровым галопам. Пасьля галопа быў брод, дзяўчына парысіла далей, а я спешылася і вяла апошні кіламетр Раду ў руках. Яна паперажывала трошкі, пабегала кругамі, як водзіцца, а калі коней на фінішы пабачыла, і зусім расслабілася. Ішла разглядвала навакольныя палі і ледзь што песенкі не насвіствала.

Дзяўчына, з якой мы ішлі апошнія 15 км, засталася другой, а Валодзя на Бравадзе - першы!
... ну а Рада, Рада - чэмпіён!

Дзякуй Насьці за каску і Трыклі за чырвоную стужку з вясельнага букета : )

Рада, лошаДЗь

Previous post Next post
Up