Паўночна-заходняя Вугоршчына і ваколіцы Балатона

May 30, 2013 23:55

     Хоць гэтае падарожжа адбылося ўжо месяц таму, але ўсё ж падумаў, што варта пра яго сказаць і тут пару слоў, тыя мясціны таго адназначна заслугоўваюць. Да таго ж, убачыць Балатон было маёй марай ужо ледзь не 25 гадоў - з таго часу, як прыблізна ў  90-м у кнігарні "Дружба" ля парка Чалюскінцаў я купіў досыць вялікі ангельскамоўны гайдбук па гэтым возеры з падрабязнымі мапкамі ўсіх прыбярэжных мястэчак і вугорскім слоўнічкам. А Насця цяпер, калі мы вярнуліся з паездкі, нават сказала, што лічыць гэтае падарожжа найлепшым з тых, якія мы з ёй дагэтуль ажыццявілі. У Вугоршчыне мы былі ўсяго пяць дзён (27.4-1.5), але паспелі вельмі шмат. Зрэшты, маючы ўласныя колы, гэта было не так праблематычна. Дый надвор'е спрыяла - сонечна, тэмпература ледзь не 30. Агулам праехалі 1220 км, з іх недзе палова - даезд з Брна да вугорскай мяжы ў першую раніцу і з вугорскай мяжы да Брна ў апошні вечар. Маршрут па Вугоршчыне выглядаў так:



Цяпер патроху пра паасобныя месцы.
  Кёсэг. Вельмі добра захаваны старажытны гарадок тысяч на пятнаццаць насельніцтва адразу пасля аўстрыйскай мяжы. Замак, пяток каталіцкіх касцёлаў ад чыстай готыкі да нэаготыкі, барочныя і рэнесансныя дамкі на плошчы, сінагога, а побач арэал пратэстанцкай вучэльні.


Сомбатхей - досыць буйны горад (пад 80 тыс. жыхароў), разлеглы, таму канцэнтрацыя цікавостак меншая, чым у Кёсэгу, але паглядзець адназначна ёсць на што. Горад вядомы з 45 г. н. э. як Саварыя, сталіца колішняй Паноніі, і бадай найцікавейшае ў ім - Ісэум, рэшткі старажытнарымскага храма, прысвечанага культу Ісіды.


Як. Маленечкае мястэчка, дзе стаіць шыкоўны раманскі храм XI ст.


Хэвіз - ужо пад'язджаем да Балатона. Але мястэчка слаўнае іншым возерам - азярцом усяго на пару га, якое, тым не менш, - найбуйнейшае ў Еўропе сярод тэрмальных азёраў. У паветры сера і цёплая сырасць, на праменадах процьма турыстаў у шлёпках і гатэльных халатах, асабліва нямецкамоўных і рускамоўных. Уласна, гэта ледзь не адзінае месца за ўсю паездку, дзе мы сустрэлі (за нейкія паўгадзінкі прагулкі) сапраўды шмат расейскіх турыстаў. Але ў прынцыпе ў Хэвізе рабіць асабліва няма чаго. Ну хіба кветачкі панюхаць.


За 10 км ад Хэвіза - Кестхей. Галоўны горад (каля 20 тыс. жыхароў) заходняга ўзбярэжжа Балатона. Але там да берага мы так і не дайшлі, бо пачаўся досыць моцны дождж. Затое пагуляць па парку пры грандыёзным замку Фэштэтычаў паспелі.


Першая начоўка - гатэльчык у суседнім мястэчку Вонярцвашхедзь. А сёмай ранку прагуляліся на блізкі пагорак да царквы са. Міхала, адкуль нарэшце ўбачылі Балатон.


Наступная вёска на беразе - Сіглігет. Калі дзесьці спыняцца на Балатоне на некалькі дзён, то адназначна тут. Ціша і злагада, саламяныя стрэхі, на гары - разваліны сярэднявечнай фартэцыі з ашаламляльнымі пейзажамі.


А найлепшыя віды на возера - з гары (патухлага вулкана) Бадачонь, адно што каб залезці туды, давядзецца трошкі папацець. У тых ваколіцах (у кірунку на Таполцу) такіх вулканічных пірамідак шмат, выглядаюць абалдзенна.




Таполца ляжыць км за 20 ад берага Балатона, але там у самым цэнтры горада сваё азярцо, абкружанае кавярнямі. Для абеду - найлепшае месца.


Пасля Таполцы мы скіраваліся на паўднёвы бераг. Адтуль - з Фонёда - класныя віды на Бадачонь, дзе мы былі літаральна некалькі гадзін да таго.


Заезд у Бужак, пра які гаварылася ў нашым гідзе, выявіўся дарэмным: ці тыя майстры, што займаюцца народнымі рамёствамі, яшчэ не адкрылі сезон (што цалкам магчыма), ці то мы іх проста слаба шукалі. Але нічога, затое пачулі, што сярод мясцовых там ёсць нямецкамоўная грамада, у сэнсе, якія і між сабой размаўляюць па-нямецку. А ўвогуле, дарэчы, на Балатоне і ў Заходняй Вугоршчыне дамовіцеся перадусім менавіта па-нямецку - калі тамтэйшыя жыхары і валодаюць нейкай замежнай мовай, то нямецкай.
     Лепшым за Бужак бало мястэчка Кёрэшхедзь, якое таксама ляжыць на нейкай адлегласці ад возера. Два храмы, адзін з якіх гатычны ХІV ст., і грандыёзны аўтастрадны мост праз даліну.


А ў Балатонфёльдвары - найпрыгажэйшыя на ўсім Балатоне прыбярэжныя прысады, абсаджаныя магутнымі платанамі.


Там мы сустрэлі захад сонца, пасля чаго скіраваліся ў Шыяфак на нашую чарговую начоўку, гэтым разам знойдзеную праз каўчсёрфінг, у вялікай сям'і выхадцаў з Ужгарада.


Шыяфак мы, папраўдзе, нават не глядзелі. Напісана, што найбуйнейшы горад усходняга ўзбярэжжа, шумны, з кавярнямі, воднымі забавамі і г. д. Нас такое не надта цікавіла, таму мы зранку скіраваліся адразу ў Сэкешфэхервар, км за 30 ад Балатона. Вялікі старажытны горад, у якім гістарычны цэнтр трохі схаваны сярод навейшых кварталаў, але калі той цэнтр знайсці, то паглядзець ёсць на што. Прычым схаваны не толькі сам цэнтр, але і асобныя аб'екты ў цэнтры, напр., вось гэтыя імпазантненькія куранты.


Гэтаксама схаваны на нейкай гарадской ускраіне і замак-навабуд ХХ ст., адназначна варты наведання.


А каля Сэкешфэхервара, км за 10 ад яго, знаходзіцца мястэчка Тац, на ўскраіне якога - вялізныя, дагэтуль не цалкам раскапаныя, рэшткі рымскага горада Горсіум.


Адтуль дарогай на Вэспрэм праязджалі праз мястэчка Надашдладань, пра якое ні ў адным з маіх гідаў нічога не было сказана, але страшэнна пекны касцёл прымусіў нас спыніцца, а інфармацыйная таблічка побач падказала і пра невялікі замачак з паркам за пару соцень метраў, да якога мы і прагуляліся.


У Вэспрэме было цёпла і ветрана. І прыгожа. Вялікі комплекс на "вары" - крэпасці - з катэдрай і парай іншых касцёлаў, парай палацаў і відам на горад вакол ды трохі ўнізе. Плюс вельмі маляўнічыя пешыя сцежкі ўздоўж рэчкі і скалаў міма розных старажытных развалінаў, крыжоў, вышэзнага моста. Нічогі такі гарадок. Адно што паркоўка ў цэнтры нейкая дарагая.


Адтуль павярнулі назад у бок Балатона. Праязджаючы праз Балатонфюрэд, не былі ўпэўненыя, ці заязджаць туды. Але заехалі, спыніліся на пару гадзінак і не пашкадавалі. Пекны вышэзны сабор, розныя музеі, у якія не было калі заходзіць, процьма вілаў, у тым ліку, у якіх жылі нейкія знакамітасці, і, вядома ж, зноў бераг - адчуванне мора, адно што замест чаек - качкі.




Адтуль да Ціханя было ўжо рукой дастаць. Ціхань - казачны паўвостраў. Праўда, пры першай, амаль начной, прагулцы ўздоўж берага, Насці так не падалося, бо яе колькі разоў напалохалі вужакі. Бедалагі, выпаўзаюць на дарогу з возера, там густа зарослым пры беразе чаротам, і трапляюць пад колы. Але зранку, пры дзённым святле, уражанне кардынальна памянялася і ў яе.


Адчуванне, што на мы на моры, зрабілася яшчэ мацнейшым, дый качак з высокага пагорка відаць ужо не было, як і другога берага ў смузе.


І прырода, і помнікі на Ціхані, вартыя, каб застацца тут даўжэй за паўдня.




Але прынамсі будзем ведаць пра гэта на будучыню. А пакуль нас чакала дарога, і гэтым разам мы канчаткова развіталіся з Балатонам.


І скіраваліся ад яго на поўнач. Спачатку ў Надзьважань. Мястэчка з рэшткамі замка, трыма храмамі і шэрагам барочных рамесніцкіх дамкоў. І яшчэ з шыкоўным шынком адразу пад замкавымі мурамі.


А ў Херэндзе схадзілі на экскурсію ў музей і на парцалянавую мануфактуру, на якой рабілі сервізы для імператарскай сям'і, або цяпер робяць кубкі для пераможцаў Формулы-1. Каштуюць усе гэтыя кубачкі-сподачкі шалёных грошай, дык мы нічога сабе не купілі, але затое выпілі кавы з тых філіжанак у фірмовай рэстарацыі. Архітэктура мануфактуры і музея - асобная гаворка. Хто любіць мадэрн - той зразумее.


У Айку заехалі, але з акна машыны нам месца падалося досыць нецікавым, таму мы без прыпынку паехалі далей. Затое спыніліся ў Дэвэчэры, які не быў пазначаны ў нашых гідах як вартае наведання мястэчка. Мо цяпер і не вартае, выглядае досыць абшарпаным, але яно актыўна рамантуецца, ёсць у ім і замачак, і паглядны сабор, і старыя камяніцы, таму перспектыва ў яго, бадай, ёсць.


А заключным пунктам праграмы таго дня быў Шумэг. Мне нагадаў нечым Трэнчын. Такая ж манументальная крэпасць на гары пасярод гарадка, дый унізе прыстойны цэнтр з некалькімі нічога такімі саборамі, біскупскі палац.


Месца апошняй начоўкі ў нас было ў пансіёне каля Шарвара. Фактычна паміж могілкамі і лесам, дзе больш нічога не было. Але тым гасціннейшая была гаспадыня. Зранку - Шарвар. Гарадок, вядомы перадусім сваімі тэрмальнымі крыніцамі, але нас больш зацікавіў рэнесансны замак і разлеглы гарадскі парк з сістэмай запрудаў. Вельмі прыемнае месцейка.




Чорна - адзін з першых цэнтраў хрысціянства ў Вугоршчыне з прэманстрацкім кляштарам. Мястэчка невялікае, і акрамя кляштара там асабліва нічога няма, хіба яшчэ вялізная катэдра ХХ ст., але зазірнуць варта было.


Пасля быў Фэртэд. Там акурат было нейкае свята з народнымі гуляннямі, кірмашом і да т. п., але мы - як невялікія аматары людных мерапрыемстваў - абмежаваліся кароткім вонкавым аглядам палаца і парка Эстэрхазі (трэба сказаць, грандыёзных, свежазрэстаўраваных на грошы Еўразвязу).


Кропку ў нашым падарожжы мы паставілі ў Шопрані. Кропка выявілася тлустая і смачная. Там ужо зусім пахла Аўстрыяй, дый не дзіўна: з трох бакоў горад агінае аўстрыйская мяжа, а ў 20-я гады нават адбыўся рэферэндум на прадмет далучэння да Аўстрыі, але гараджане тады сказалі "не". Чым Вугоршчына атрымала яшчэ адну пярліну. Класны горад, фантастычны гістарычны цэнтр з помнікамі ўсіх часоў, пачынаючы з рымскіх, адна з найстарэйшых у Еўропе сінагогаў, каларытныя вулкі. А вакол горада - вінаграднікі, і горка на ўскраіне, з якой відаць на дзясяткі кіламетраў вакол.




Падсумаванне. Усё было вельмі-вельмі. Добра, што Вугоршчына застаецца больш-менш па-за ўвагай "нашых" турыстаў (акрамя, бадай, Будапешта), тым прыемней нам туды будзе ездзіць і надалей. Але калі раптам нехта збярэцца - звяртайцеся, мо чаго добрага і параю.
     Пардон за сухі паездачна-справаздычны стыль, неяк страціліся навыкі вядзення жж. Фотак шмат, таксама пардон, але калі некаму гэтага мала, больш знойдзеце ў Насці ў пікасе або ў мяне на фб.

падарожжы, фоткі

Previous post Next post
Up