Ура, нас заўважыў гаспадар!

Jan 07, 2008 11:38

Я не аднойчы пісаў пра сучасны стан беларускай блогасфэры і беларускага ЖЖ. Усё ж я не атаясамляю гэтыя паняцьці, хоць для Беларусі яны фактычна зьяўляюцца сынонімамі. Дык вось падзеі апошніх дзён зноў мяне прымушаюць узьянць гэтую тэму.

У далёкім 2004 годзе, калі я ўпершыню ўбачыў беларусаў у ЖЖ, я быў прыемна зьдзіўлены той атмасфэрай, тым характарам, які мелі стасункі юзэраў. ЖЖ тады рэальна ўяўляў сабой унікальную сфэру, дзе тусаваліся цікавыя і адкрытыя людзі. У 2005 годзе ў гэтую сям’ю паспрабаваў уліцца і я. Тады яшчэ няшмат было беларускамоўных карыстальнікаў, ды й увогуле карыстальнікаў зь Беларусі. Але кожны дзень прыносіў неверагодныя цікавосткі, пашыраў кола знаёмых і межы новых ведаў. Шмат каго і я падсадзіў на тады яшчэ не страшны наркотык…

Але час ішоў і публіка зьмянялася. Расейскі сэгмэнт даўно пераўтварыўся ў абы-што зь бясконцымі сваркамі, спробамі зарабіць грошаў на сэнсацыях і бясконцым змаганьнямі за колькасьць фрэндаў. Тая ж халера дайшла і да нас. Бессэнсоўныя рэйтынгі, мары стаць тысячнікамі, дурацкія піары і сачэньні за топамі. Я і сам паддаўся мінулым летам на ўдзел у выбарах лепшых блогераў. Праўда, дзеля таго, каб можна было выказацца наконт той абстаноўкі, што склалался зараз у беларускім ЖЖ. Але ніхто не пачуў…

Якасьць інфармацыі сярод беларускіх ЖЖыстаў толькі пагаршаецца. Я не маю на ўвазе тых, хто заўсёды вёў дзёньнік пераважна для сябе - гэтая самая шчырая і цікавая частка пісцоў. Я кажу пра тых, хто нібыта стварае інфармацыйныя нагоды - псэўдааналітыкі, псэўдажурналісты, а на справе гоншчыкі за аўдыторыяй - хілыя правакатары і плягіятары.

І што мы маем зараз? Эўфарыя непаўнавартаснага народу: мы ў топе Яндэкса, пра нас сказаў Носік… Годы стварэньня непаўторнай беларускай часткі вялікай сеткі прайшлі марна. Беларусы зноў нічому не навучыліся.

livejournal

Previous post Next post
Up