Прыколы і тайны нашыва гарадка альбо Дзеці лейтэнанта Шмідта

Mar 28, 2009 01:22

Калі мы ў сьнежні 1976 пераехалі ў новы дом - так званы "дом мастакоў", - на вуліцы Друкарскай, 10 (зараз Сурганава, 42), то яшчэ працягвалася будаўніцтва корпусу мастацкіх майстэрняў і двухпавярхоўкі бібліятэчнага калектару - адпаведна Сурганава 44 і 46. Малымі хлапчукамі мы там шмат бавіліся. Усё ж будоўля для дзяцей - рай для забаў. Але я зараз не пра гэта. Далей, там, дзе зараз "Рыга", інтэрнат радыётэху і ажно да Плошчы Горкага (Бангалор) і вуліцы Някрасава, раскінуліся прыватныя дамы. Так званы "Сельхозпасёлак" альбо папросту "Пасёлак". Дык вось, дамы гэтыя паціху зносіліся, да Алімпіяды-80 пабудавалі ці ня першы менскі гіпер - "Рыгу". Квартал "Бяды-Сурганава-Горкага-Някрасава" быў таксама зьнесены і забудоўваўся панэльнымі шматпавярхоўкамі.

Аднак.

Чамусьці не чапалі прыватны дом па сёньняшняе адрэсе Сурганава, 48. З гэтага цаглянага, атынкаванага і дагледжанага будынку штодзень на шпацыр выходзіў усьмешлівы дзядуля - як зараз памятаю, ў такой валёнай паўсфэрычнай шапцы. Гэта спарадзіла шмат чутак у нас на раёне. Але ўсе яны выліліся ў дзьве асноўныя вэрсыі.

Першая: гэты самы дзядуля - нейкі славуты генэрал, афігенны герой і кавалер шматлікіх узнагародаў, якому за шмат баёвых заслугаў дазволілі жыць ва ўласным доме.

Другая: гэты самы дзядуля - нейкі знакаміты архітэктар, які нешта супэр-пупэр напраектаваў-набудаваў у горадзе пасьля вайны. І за вялізарныя заслугі было вырашана пакінуць яму ягоны дом - у якасьці ўзнагароды.

Вэрсыі гэтыя жылі сабе, а час ішоў. І вось аднойчы, годзе ў 1992-м Міхась Грыгор'еў (вайсковы гісторык, аўтар кнігі "Войска ВКЛ ад Сасаў да Касьцюшкі"), зусім раптоўна - не памятаю, пры якіх абставінах, але ня важна, - знайшоў адказ на гэтае пытаньне. Пытаньне, якое непакоіла ўсіх жыхароў нашага раёну столькі год.

Гісторыя - атас! Гэты самы дзядуля аказаўся ані генэралам, ані архітэктарам. Ён аказаўся ці  то сынам, ці то ўнукам АФІЦЭРУ З БРАНЯНОСЦУ "ПАЦЁМКІН"!!! Афіцэр гэты, пасьля 1917 году далучыўся да Саветаў і служыў у грамадзянскую вайну, ваяваў за Чырвоных, заслужыў гонар і славу. І яму "пашчасьціла" памерці сваёй сьмерцьцю недзе напрыканцы дваццатых - пачатку трыццатых гадоў. Такім чынам, калі пачалася "Вялікая Раздача" канца 1930-х, ягоная асоба была ўжо недатыкальная для кіпцюроў НКВД. Але, больш за тое, ён быў ня просты герой Грамадзянскай вайны! Ён быў з "Пацёмкіну" - з кагорты камуністычных "Іаанаў-Прадцечаў 1905 году"! Хто жыў пры Саветах, той памятае, як афіцыёз ставіўся да сваех "сьвятыняў". Карацей, недзе "наверсе" было вырашана, што сям'я і нашчадкі гэтага славутага чалавека мусяць быць "на особом счету у государства". Дык гэты "особый счет", апроч іншага, улічваў і тое, што дом, прынамсі, чапаць ня будуць. Мы слаўна паржалі з гэтага, але гісторыя атрымала нечаканы працяг.

Ужо ўвосень 1993 году вакол гэтага дому пачалі будаўніцтва Дому Журналіста. Дык вось было канкрэтна бачна, што дом замінае будоўлі, але - ні-ні! Увесь будынак так спраектаваны, што быццам агінае домік нашага "пацёмкінскага героя". Магчыма, Дом Журналіста праектаваўся напрыканцы 1980-х і "сьвятасьць месца" бралася пад увагу. Зпрацаваў класічны бюракратычны эфэкт: калісьці, недзе, нехта, для чагосьці прыняў пэўную пастанову, а ўсе яе тупа выконваюць і нікому няма справы. Паложана - дом не чапаць, значыць - не чапаць!

Так ён і дагэтуль стаіць. Нават нумар не зьмянілі. Больш за тое - Дому Журналіста, які стаіць наперадзе і дамінуе, надалі прыдомак "а" - 48а. Нашаму ж "геройскаму" пакінулі спрадвечнае "48"

:)

Мінзг

Previous post Next post
Up