20 год

Aug 25, 2011 11:54




Нядаўна праглядаў фоткі з тае пары - жнівень 1991 году. Гэта было адное з наймацнейшых перажываньняў у жыцьці. Некалькі дзён дзяжурства на плошчы перад Домам ураду, перакусон у «Чабурэчнай», воклічы «Ганьба!» у адрас ідучых на свой перапынак дэпутатаў, якія ў масе сваёй маладушна марудзілі з акрэсленьнем сытуацыі, звыкла чакаючы сыгналу з Масквы.

І потым - яно, абвяшчэньне незалежнасьці! Справа ў тым, што дынамікі з трансляцыяй выступаў у Авальнае залі былі выстаўленыя на вуліцу. Таму ўсё, што адбывалася ў парламанце было чуваць літаральна on-line. Людзі, якія стаялі перад Домам ураду на сэкунду ўздыхнулі, а праз момант паветра напоўнілася воклічамі «Жыве Беларусь!». У гэта верылася і ня верылася. Быў моцны кантраст паміж падзеямі. Яшчэ ў траўні я чакаў дэмбеля ў савецкім войску. І, хоць усё больш ці менш марудна рухалася ў бок нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэньня, пазыцыі камунякаў былі яшчэ даволі моцныя. А ў БССР - асабліва. Моцы кантрасту дадало ГКЧП. Літаральна пяць дзён таму, на пэўны час падалося, што камунякі бяруць канкрэтны рэванш. У сьвядомасьці маляваліся даволі змрочныя пэрспектывы.

І, раптам - абвяшчэньне незалежнасьці плюс абвяшчэньне па-за законам дзейнасьці КПСС/КПБ, - нерэальна!

Паскандаваўшы на тады яшчэ Плошчы Леніна, людзкі натоўп (не такі ўжо й вялікі, дарэчы) рушыў у бок цэнтру. На скрыжаваньні ля Паштамту узьнікла натуральнае пытаньне: «Як далей - праз праезную частку, альбо падземны пераход?». Пытаньне было недарэчнае і людзі рушылі праз праезную частку. ДАІ-шнікі аператыўна перакрылі рух аўтамабіляў і, зьзяючы ад натхненьня, забяспечылі праход мітынгоўцам праз скрыжаваньне. «Жыве незалежная беларуская міліцыя!» - пачуліся новыя лозунгі. З іншага боку данесьліся абурана-альтэрнатыўныя варыяцыі: «Якая міліцыя?! Жыве незалежная беларуская паліцыя!». ДАІ-шнікі ажно расчырванеліся! Упершыню натоўп мітынгоўцаў накіроўваў у іхны бок не негатыўны эмацыйны пасыл :)

Мы йшлі праспектам, а мінакі не разумелі, у чым справа. Паўсюль пытаньні, паўсюль адказы: «Людзі! Мы жывем у незалежнае краіне!».

Падыйшоўшы да помніка Максіму Багдановічу, дэманстранты правялі невялікі мітынг. Адтуль ужо я скіраваўся дахаты, бо было даволі позна. Тыя, хто заставаліся, збіраліся прайсьці яшчэ да помніка Якубу Коласу.

Наступным днём ужо адбылося ўрачыстае пахаваньне КПСС і ўсё такое. Але той вечар я не забуду ніколі ў жыцьці.

Летась, на гадавіну Грунвальдзкае бітвы, я пісаў ужо, што НЯ ТАК бачылася адзначэньне гэтае даты ў 1991 годзе. Сёлета таксама сумна, што 20-годдзе аднаўленьня нашае дзяржаўнасьці мы адзначайма ў ТАКІХ палітычных і эканамічных умовах. Асабліва гэта засмучае, калі параўноўваць розьніцу паміж намі і нашымі суседзямі, якія мелі такія ж самыя стартавыя ўмовы для разьвіцьця дваццаць год таму.

Аднак, маем што маем.

Усіх са сьвятам,
Жыве Беларусь!

P.S. У дагонку: прыпізжанае 27 ліпеня 1990 году спрабуюць хоць бы і фармальна адзначаць, прынамсі, узгадваючы пра гэта ў стужцы навінаў. Пра сёньняшнюю круглую дату на тым жа тутбаі - ані слова.

Няма таго што раньш было..., Гістарычнае, Успаміны

Previous post Next post
Up