Спроба аўтабiяграфii

Feb 21, 2009 22:19

Для мяне беларуская мова была першай у жыццi. Нарадзiўся я ў Расонах, а там размаўляюць з большага на трасянцы, прычым iншамоўных словаў заўважна меньш, чым уласна беларускiх.
Пакуль бацькi ўладкоўвалi жыццё, я жыў у бабулi на Магiлёўшчыне. У даволi глухой нават у тыя часы вёсцы размаўлялi выключна па-беларуску. Бабуля ўспамiнала, як я на птушку казаў "псюка". Разумееце, не "пцица", а "псюка" ад "птушка".
Там жа мая цётка, тады яшчэ школьнiца, навучыла мяне чытаць (я чытаю з 4 гадоў). Першай прачытанай кнiжкай была беларуская казка "Жалезны воўк".
Потым бацькi так-сяк ўладкавалiся i забралi мяне ад бабулi ў Смаленскую вобласць. Ёсць там такi пасёлак Верхнедняпроўскi ў Дарагабужскiм раёне. Там я пайшоў у школу i вучыўся ў ёй аж да 6 класа. У нашую школу хадзiлi дзеткi з блiзкiх вёсак. Усе кпiлi з iх, як маглi за «дзеравенский» акцэнт, зараз жа я разумею, што тое была беларуская гаворка. Крывiцкую кроў так проста не вытравiш…
У 6 клас я пайшоў ужо ў Полацку. Вядома ж, настаўнiкi палiчылi, што белмову мне вывучаць ужо запозна, таму ў мяне былi два разы на тыдзень «форткi» сярод урокаў, падчас якiх я вельмi паспяхова валяў дурня.
Так што беларускай мовы, як акадэмiчнага прадмету я анi разу не вывучаў. Я вучыўся ёй на вулiцы ды па мастацкiх кнiжках (перш за ўсё - казках, а цяпер зайдзiце ў кнiгарню i паспрабуйце набыць нармальных казак на мове).
На гэтым аўтабiяграфiю можна й перарваць, бо мэта ў мяне была не пра сябе расказаць, а пра мову, каторую ведаць трэба, каб ня ўмерлi. Ну, вы ў курсе.

мяумуры

Previous post Next post
Up