Jul 24, 2017 23:50
Дальбог, наўрадці мы ўсе (ну, тыя, каму гэта цікава) калісьці зразумеем, чаму Чэстэр Бэнінгтан так зрабіў. Зрэшты, якая ўжо розніца. Ён зрабіў свой выбар, і, у прынцыпе, ўсё адно, што мы думаем з гэтае нагоды. Не ён першы, не ён апошні. Вядома, шкада, калі таленавіты і неардынарны чалавек сыходзіць у такім узросце, але ці не дастаткова ён зрабіў за сваё жыццё, каб мець права сысці ў любы момант і пакінуць нас у такім стане, у якім пакінуў? Больш чым.
Па шчырасці, я апошнім часам не вельмі назіраў за справамі LP. Гурт даўно перажыў сябе. Колішнія монстры сусветнай "альтэрнатывы", на мой погляд, ператварыліся ў машыну для зараблення грошай, нешта страціўшы, нешта здабыўшы. Але. Голас і твар Чэстэра - гэта тое, з чаго я пачаў быць тым чалавекам, якім ёсць зараз. Недзе так у годзе 2003 ці 2004 (магу памыляцца) у "Свіслачы" мне адкрылі Linkin park, расплюшчыўшы вочы на наваколле. Канешне, гэта былі шыкоўныя гады і цудоўныя альбомы. Я іх і зараз слухаю час ад часу. І буду слухаць. Але я не магу ўявіць, як Чэстэр у 60-гадовым узросце спяваў бы "In the end" альбо "Breaking the habit".Папулярнасць - гэта моцная рэч,але ці заўсёды ад яе можна атрымліваць задавальненне?
Я сам калісьці падумваў пра самагубства. Звычайная рэч ў падлеткавым узросце для таго, хто крытычна ўспрымае наваколле і не можа адшукаць сваё месца ў ім. Але зараз я ўспамінаю тыя моманты з усмешкай.Як можна скончыць жыццё, калі ў ім цябе могуць чакаць Каця, Адэля, эмоцыі, падарожжы, сябры і шмат чаго іншага. Магчыма, Чэстэр так і не знайшоў свайго месца, а магчыма вырашыў,што выканаў сваю місію на гэтым свеце. Так ці інакш, у нас застаюцца "Hybrid theory", "Meteora" і шалёны вакал чалавека, які меў права на любы выбар.
думкі,
выбар,
людзі,
зоркі,
успаміны,
музыка