байцоўскі клуб. раздзел 12

Dec 16, 2007 23:33


     Бос стаіць у мяне над сталом і ціхенька пасміхаецца, сціснуўшы тонкія вусны. Яго шырынка - акурат насупраць майго твару. Я адрываюся ад ліста. Усе гэтыя лісты на адкліканне заўжды пачынаюцца аднолькава:
     “Мы высылаем Вам гэтае паведамленне згодна з умовамі Нацыянальнага “Закону аб бяспецы аўтамабіляў”. Мы высветлілі, што існуе непаладка...”
     На гэтым тыдні я зноў карыстаўся формулай і аднаго разу A*B*C было больш за кошт адклікання.
     Гэтым разам, гэта маленькая пластыкавая сашчэпка, што трымае гумавую палоску на лабавых дворніках. Дробязь. Пяцярпела толькі дзвесце аўтамабіляў. Нішто ў параўнанні з выдаткамі на працоўную сілу.
     А на мінулым тыдні ўсё было тыпова. На мінулым тыдні праблема была ў скуры, апрацаванай вядомым тэратагенным рэчывам ¬¬- сінтэтычным нірэтолам ці яшчэ чым-небудзь забароненым, што ўсё яшчэ выкарыстоўваецца ў краінах трэцяга свету пры дубленні скуры. Чымсьці настолькі шкодным, што магло б выклікаць прыроджаны дэфект плоду ў цяжарнай жанчыны, калі б тая толькі дакранулася да скуры. На мінулым тыдні ніхто не патэлефанаваў у Мінтранс. Ніхто не запатрабаваў адклікання.
     Замена скуры, памножаная на выдаткі на працоўную сілу, памножаная на арганізацыйныя выдаткі, перавысілі б нашыя даходы за першы квартал. А калі хто-небудзь усё ж такі знойдзе брак, мы здолеем адкупіцца ад тысячаў забітых горам сем’яў сумай, меншай за кошт мадыфікацыі шасцідзесяці тысячаў скураных інтэр’ераў.
     Але гэтым разам мы бярэм усю партыю назад. І на гэтым тыдні бессань вяртаецца. Бессань. І ўвесь свет цяпер, здаецца, захацеў завітаць да мяне і пасцаць на маю магілу.
     Сёння, мабыць, аўторак - бос у шэрым гальштуку.
     Ён прыносіць аркуш паперы і пытае, ці не згубіў я чаго. Гэтую паперку нехта пакінуў у капіявальным апараце, кажа ён і пачынае чытаць:
     - Першае правіла БК - не казаць пра БК.
     Ён бегае вачыма па паперцы і хіхікае:
     - Другое правіла БК - не казаць пра БК.
     Мой бос гаворыць словамі Тайлера. Містэр Бос, сэрэднестатыстычны грамядзянін з піўным брушкам, на стале ў яго сямейнае фота, а ў галаве - іду ў заклад - думкі пра датэрміновы выхад на пенсію і зімы ў трэйлерным парку з усімі выгодамі недзе ў пустынях Арызоны. Мой бос, ён ходзіць у перакрухмаленых кашулях і стрыжэцца штоаўторак пасля абеду. Ён глядзіць на мяне і кажа:
     - Я спадзяюся, гэта не тваё?
     Я - прыступ шаленства Джэка.
     Тайлер папрасіў мяне надрукаваць правілы БК і зрабіць дзесяць копіяў. Не дзевяць, не адзінаццаць. Тайлер сказаў, дзесяць. Я не спаў ужо тры дні. Гэта, відаць, арыгінал. Я зрабіў дзесяць копіяў, а на арыгінал забыўся. Мой твар асвятляе бліскаўка папарацы - капіявальнага апарата. Калі ў цябе бессань, усё робіцца такім далёкім. Усё - копія копіі копіі. Ты не можаш ні да чаго дакрануцца, і нішто не кранае цябе.
     Бос чытае:
     - Трэцяе правіла БК - б'емся адзін на адзін.
     Мы не міргаем - ні ён, ні я.
     Бос чытае:
     - Бойкі ідуць адна за адной.
     Я не спаў тры дні. Дык, можа, я сплю цяпер? Бос трасе паперкай у мяне перад тварам. Што ты пра гэта думаеш, пытае ён. Вось, значыцца, чым ты займаешся ў працоўны час? Табе плоцяць за тое, каб ты ўсю ўвагу звяртаў на працу, а не марнаваў час на гульні ў вайнушку. І не за карыстанне капіявальным апаратам у неслужбовых мэтах.
     Ну, што скажаш? Ён трасе паперкай у мяне перад вачыма і пытае, што, я думаю, павінен ён зрабіць з працаўніком, які замест таго, каб працаваць, лётае ў свеце сваіх ілюзіяў. Калі б я быў на ягоным месцы, што б я зрабіў?
     Што б я зрабіў?
     У шчацэ - дзірка, пад вачыма - распухлыя сіне-чорныя фінгалы, на руцэ - распухлы чырвоны шнар Тайлеравага пацалунку: копія копіі копіі.
     Дай падумаць.
     Нашто Тайлеру спатрэбіліся дзесяць копіяў правілаў БК?
     Я спакойны, як індуская карова.
     Што б я зрабіў, кажу, дык я б не стаў казаць пра гэтую паперчыну першаму-лепшаму.
     Я кажу, магчыма, гэта напісаў які-небудзь кончаны маньяк, і гэты прыстукнуты шызафрэнік у кожную секунду можа сарвацца, вось тут, на працоўным месцы, і пачаць пракрадацца з офісу ў офіс з паўаўтаматычным пнеўматычным карабінам “Armalite AR-180”.
     Бос ня зводзіць з мяне вачэй.
     Магчыма, кажу я, гэты хлапец сядзіць сабе дома начамі з маленькім напільнічкам і выпілоўвае крыжыкі на кончыку кожнага набою. А затым аднойчы зранку ён з’яўляецца на працы і ўсаджвае кулю ў свайго боса - бурклівага няўдачніка, нікчэмнага ныціка, дупаліза і сцыкло - куля расколваецца ўздоўж зробленых напільнікам насечак і, як куля “дум-дум”, бутонам раскрываецца ўнутры цябе, выносячы змесціва тваіх даўгіх смярдзючых вантробаў праз спіну. Уяві, як чакра тваіх вантробаў раскрываецца ў запаволеным выбуху пад кілбаснай абалонкай тонкай кішкі.
     Бос прыбірае паперку ад майго твару.
     Давай, кажу, чытай далей.
     Ды не, сур’ёзна, кажу, гучыць чароўна. Адразу бачна - нейкі псіх напісаў.
     Я ўсміхаюся. Краі маленькай анальнай дзіркі ў маёй шчацэ такога самага сіне-чорнага колеру, як дзясны ў сабакі. Такое пачуццё, што моцна нацягнутая скура на фінгалах у мяне пад вачыма пакрытая лакам.
     Бос глядзіць на мяне, не адрываючы вока.
     Давай, дапамагу, кажу я.
     Я кажу, чацвертае правіла БК - бойкі ідуць адна за адной.
     Бос глядзіць у паперку, затым - на мяне.
     Я кажу, пятае правіла БК - б'емся без кашуляў і без абутку.
     Бос глядзіць у паперку, затым на мяне.
     А можа, кажу я, гэты ў дупу хворы гаўнюк возьме карабін “Eagle Apache”, бо ў ім магазін на трыццаць набояў, а важыць ён усяго дзевяць фунтаў. У “Armalite” магазын толькі на пяць набояў. З трыццацю кулямі наш ебануты герой можа хадзіць ад стала да стала, забіваючы ўсіх віцэ-прэзідэнтаў, і яшчэ на кожнага дырэктара па набоі застанецца.
     Я кажу словамі Тайлера. А калісьці я быў такім мілым.
     Я гляджу на боса, не адрываючы вока. У яго такія блакітныя, васількова-блакітныя вочы.
     У паўаўтаматычным карабіне “J&R 68” таксама магазын на трыццаць набояў, а важыць ён ўсяго сем фунтаў.
     Бос ня зводзіць з мяне вачэй.
     Я кажу, які жах! Магчыма, ён ведае гэтага чалавека ўжо колькі год. Магчыма, гэты хлапец ведае пра яго ўсё: дзе ён жыве, дзе працуе ягоная жонка і ў якой школе вучацца дзеці.
     Ай, усё гэта лухта поўная!
     І нашто Тайлеру дзесяць копіяў правілаў БК?
     А вось пра што я казаць не павінен, дык гэта, што я ведаю пра скураныя інтэр’еры, якія выклікаюць прыроджаны дэфект плоду. Пра падробленыя накладкі барабаннага тормаза, якія пры продажы выглядаюць навюткімі, але злятаюць пасля дзвюх тысячаў міляў.
     Я ведаю пра рэастат кандыцыянера, які награецца так, што ў бардачку загараюцца дарожныя мапы. Я ведаю, як шмат людзей гіне ад праскоку ў паліўным інжэктары. Я бачыў людзей з нагамі, адарванымі па калена лопасцямі вентылятара, пасля выбуху турбакампрэсара. Я быў на трасах пасярод чыстага поля і бачыў дарэшты згарэлыя машыны, а ў справаздачах у графе “прычына аварыі” стаяла “невядомая”.
     Не, кажу я босу, гэта не маё. Я сціскаю паперку двума пальцамі і вырываю ў яго з рук. Кончык, мабыць, парэзаў яму вялікі палец, бо ён рэзка падносіць руку да вуснаў і пачынае старанна смактаць, вылупіўшы вочы. Я камечу паперку ў шарык і кідаю ў сметніцу побач са сталом.
     Можа, кажу я, ты больш не будзеш цягаць да мяне рознае смецце.

У нядзелю ўвечары я іду ў “Будзем мужыкамі!”. У склепе Троіцкай епіскапальнай царквы нікога няма. Толькі Бамбіза Боб. І я валачу сваё цела да яго, у мяне ніводнай непабітай цагліцы не засталося, але сэрца ўсё яшчэ б’ецца і думкі, як тарнада ў галаве. Гэта бессань. Усю ноч мне не даюць заснуць думкі.
     Усю ноч я думаю: я сплю? я спаў?
     Бамбіза Боб у майцы, і я бачу ягоныя рукі, суцэльна пакрытыя мускуламі, такімі цьвёрдымі, што блішчаць пад святлом - і гэта мяне дабівае. Бамбіза Боб усміхаецца. Ён так рады мяне бачыць.
     Ён думаў, што я памёр.
     Ну, кажу, я таксама.
     - Слухай, - кажа Бамбіза Боб, - у мяне добрая навіна.
     Дзе ўсе?
     - Гэта і ёсць добрая навіна, - кажа Боб. - Групу расфармавалі. Я прыйшоў толькі дзеля таго, каб сказаць пра гэта тым, хто яшчэ не ведае.
     Я заплюшчваю вочы і падаю на патрыманую клетчатую канапу.
     - Добрая навіна, - кажа Бамбіза Боб, - ў тым, што цяпер ёсць новая група, але першае правіла там - ты не павінен пра яе казаць.
     Ах.
     Бамбіза Боб кажа:
     - І другое правіла - ты не павінен пра яе казаць.
     От халера. Я расплюшчваю вочы.
     Бляць.
     - Называецца гэта група “байцоўскі клуб”, - кажа Бамбіза Боб, - Яны збіраюцца штопятніцу ўвечары ў гаражы на тым канцы горада. А ў чацвер - іншы БК, у гаражы непадалёк.
     Я не ведаю ніводнага з гэтых месцаў.
     - Першае правіла БК, - кажа Бамбіза Боб, - не казаць пра БК.
     У сераду, чацвер і пятніцу Тайлер працуе ў кінатэатры. Я бачыў ягоную разліковую квітанцыю на мінулым тыдні.
     - Другое правіла БК, - кажа Бамбіза Боб, - не казаць пра БК.
     У суботу мы з Тайлерам ходзім на БК разам.
     - Б'емся адзін на адзін.
     У нядзелю зранку мы, усе збітыя, вяртаемся дадому і спім да абеду.
     - Бойкі ідуць адна за адной, - кажа Бамбіза Боб.
     У нядзелю і панядзелак увечары Тайлер працуе афіцыянтам.
     - Без кашуляў і без абутку.
     У аўторак увечары Тайлер варыць мыла, загортвае яго ў абгортачную паперу і адсылае заказчыкам. “Мылаварня на Пэйпэр-стрыт”.
     - Б'емся столькі, - кажа Бамбіза Боб, - колькі трэба. Гэтыя правілы прыдумаў хлапец, які прыдумаў БК.
     Бамбіза Боб пытае:
     - Ты яго ведаеш?
     - Я ніколі яго не бачыў, - кажа Бамбіза Боб. - Яго клічуць Тайлер Дэрдэн.
     “Мылаварня на Пэйпэр-стрыт”.
     Ці ведаю я яго?
     Не ведаю, адказваю я.
     Напэўна.

fight club

Previous post Next post
Up