знацца, пачаў, браткі-сёстры, ужо парадкам даўно,
дык вось, што выходзіць:
Клайв Стэйплз Льюіс
Кніга першая
Леў, Вядзьмарка і старая шафа
Раздзел другі
Што было ў шафе
- Добры вечар! - павіталася Люсі. Але фаўн так старанна ўзяўся збіраць свае скруткі, што нічога не адказаў, пакуль ўсе іх не падабраў. Тады ён галантна ёй пакланіўся і прамовіў:
- Добры, добры вечар! Вы мне даруйце за дзёрзкасць, але ці не памыляюся я: вы - Дачка Евы, правільна?
- Я Люсі, - адказала дзяўчынка, не зусім разумеючы пытання.
- Але, прабачце, вы… як жа гэта завецца… вы дзяўчынка? - перапытаў фаўн.
- Самая сапраўдная, - адказала Люсі.
- Значыцца, вы - чалавек?
- Канечне, - усё яшчэ не разумеючы яго, адказала Люсі.
- Так, так, та-а-ак, - працягнуў фаўн. - Даруйце мне, дурню. Раней мне ніколі не прыпадала бачыць сына Адама або дачку Евы. Які шанцунак! Як бы гэта сказаць… - тут ён змоўк, быццам хацеў дадаць нешта яшчэ, але раптам забыў. - Які шанцунак! Які шанцунак! - толькі паўтарыў ён. - Дазвольце прадставіцца. Мяне зваць Тумнус.
- Рада з вамі пазнаёміцца, містэр Тумнус, - адказала Люсі.
- А магу я спытаць у вас, О Люсі, дачка Евы, - пацікавіўся фаўн, - якім чынам вы трапілі ў Нарнію?
- А што такое Нарнія? - спытала дзяўчынка.
- Нарнія - гэта наша краіна, - адказаў фаўн, - вось яна, пачынаючы ад ліхтарнага слупа і аж да слаўнага замка Кэр-Параваль на ўсходнім узбярэжжы. Дык вы што, прышлі сюды з захаду, з тых дрымучых лясоў?
- Я? Ды не, я прыйшла з шафы, з пустога пакоя, - адказала Люсі.
- Праўда?! - меланхалічна працягнуў Містэр Тумнус, - калі б я лепей вучыў геаграфію ў школе, то без сумневаў ведаў бы, дзе знаходзяцца гэтыя дзіўныя краіны. Эх, цяпер не навярстаеш ужо.
- Ды гэта ніякія не краіны, - амаль засмяялася Люсі. - Гэта зусім тут, блізка... хаця, можа і не... бо там цяпер лета.
- А ў нас у Нарніі з няпомных часоў зіма, - сумна ўздыхнуў фаўн. - Таму, калі мы будзем і далей стаяць на снягу, то абое прастудзімся. Шаноўная дачка Евы з далёкай краіны Шаф, са светлага горада Пусто-дэ-Пакою, дзе вечна пануе лета. Ці не жадаеце завітаць да мяне на кубачак гарбаты?
- Вялікі вам дзякуй, містэр Тумнус, - адказала Люсі. - Але ці здолею я пасля знайсці дарогу назад?
- О, ды тут зусім недалёка, - запэўніў яе фаўн. - У мяне там цёпла, агонь у каміне, сардзіны з грэнкамі і смачны торт.
- Дзякуй за запрашэнне, - пагадзілася Люсі. - Толькі не надоўга.
- Выдатна, дачка Евы! Калі ты возьмеш мяне пад руку, мы разам схаваемся пад парасонам. Нам туды. Ну што, хадзем.
І Люсі смела пайшла
далей у лес рука аб руку з гэтым дзіўным стварэннем, быццам ведала яго ўсё жыццё.
Зусім скора зямля пад нагамі зрабілася камяністай, там-сям па баках выраслі валуны і пагоркі. Якраз пад схілам аднаго з такіх пагоркаў містэр Тумнус раптоўна збочыў, быццам хацеў прайсці скрозь вялізны валун, але тут Люсі заўважыла, што ён спыніўся перад уваходам у пячору. Унутры сапраўды пабліскваў у каміне агонь і пастрэсквалі дровы. Містэр Тумнус нахіліўся, дастаў абцужкамі з каміна гарачую галавешку і запаліў ад яе лампаду.
- Зараз усё хуценька зробім, - сказаў ён, ставячы на агонь чайнік.
Колькі сябе памятала, Люсі ніколі яшчэ не пачувалася так утульна, як тут. Пячорка ў фаўна была невялічкая, але цёплая й чыстая: дыван на падлозе, два крэслы (для мяне і для сябра, патлумачыў гаспадар), стол, буфет і палічка над камінам, а над палічкай - партрэт старога фаўна з сівой барадой. Яшчэ адны дзверы - відаць, у спальню, як разважыла Люсі - былі зачыненыя, а на сцяне насупраць каміна вісела паліца з мноствам кніг. Іх Люсі і прынялася разглядаць, пакуль містэр Тумнус запарваў гарбату. Тут былі кніжкі з даволі дзіўнымі назвамі: «Сілен: жыццё, успаміны, лісты», «Німфы і іх звычаі», «Людзі, манахі і палясоўшчыкі», «Падручнік па народных паданнях», «Чалавек: міф або рэальнасць?» і іншыя. Яна б яшчэ доўга іх разглядала, але тут яе гукнуў фаўн:
- Прашу за стол, дачка Евы!
Гарбата была надзіва смачная. Да гарбаты фаўн падаў два някрута звараныя жоўтыя яйкі, грэнкі з сардзінамі, грэнкі з маслам, грэнкі з мёдам і торт з цукровай пасыпкай. Калі Люсі наелася, фаўн пачаў распавядаць. Ён ведаў мноства гісторый пра жыхароў леса. Ён расказваў пра начныя танцы фаўнаў з німфамі, жыхаркамі студняў, і дрыядамі, насельніцамі дрэваў; пра доўгія паляванні на малочна-белага аленя, які выканае ўсякае тваё жаданне, калі яго зловіш; пра шумныя застоллі й пошукі скарбаў разам з рудабародымі гномамі ў глыбокіх шахтах і сутарэннях пад шатамі леса; аб часах, калі тут было лета, і дрэвы былі зялёныя, і да іх у госьці прыязджаў на мажным асле стары Сілен, а іншым разам і сам Бахус, і тады ў ручаях замест вады цекла віно і ўвесь лес на некалькі тыдняў скупанаўся ў атмасферу бесклапотнасці і весялосці!
- Не тое што цяпер - зіма ды зіма, - панура заўважыў фаўн. І, каб прагнаць сумныя думкі, ён узяў з камода футарал і выняў з яго вельмі дзіўную флейту, якая выглядала больш на саломінку. А калі ён зайграў, Люсі захацелася плакаць і смяяцца, і танчыць і спаць адначасова. Напэўна, мінула ўжо не адна гадзіна, калі яна раптам схамянулася і спытала:
- Ой, містэр Тумнус! Прабачце, што перапыняю вас - мне вельмі падабаецца, як вы граеце - але мне пара дадому. Я ж хацела толькі ненадоўга зайсці.
- Цяпер ужо не важна, - тужліва захітаў галавой фаўн, адкладаючы флейту ўбок.
- Не важна? - спужана ўскочыла з месца Люсі. - Як гэта не важна! Усё, я пайшла! Там ужо ўсе хвалюцца, што мяне няма.
Але фаўн маўчаў.
- Містэр Тумнус! Што з вамі!?
Яго карыя вочы раптам напоўніся слязьмі, і слязінкі адна за адной пачалі збягаць па шчаках, да кончыка носа і капаць долу. Тады ён закрыў вочы рукамі і зарыдаў.
- Містэр Тумнус! Містэр Тумнус! - збянтэжана закрычала Люсі. - Чаго вы плачаце!? Што здарылася? Што з вамі?
Але фаўн усё ўсхліпваў, быццам нехта разбіў яму сэрца. Нават калі Люсі падышла, абняла яго і працягнула сваю насоўку. Ён пачаў абціраць слёзы, але насоўка ўмомант зрабілася мокрая і яму прыходзілася колькі разоў яе выкручваць - але плакаць усё не пераставаў, так што неўзабаве пад нагамі ў Люсі стаяла ўжо цэлая слёзная лужына.
- Містэр Тумнус! - крыкнула яна яму ў вуха, трасянуўшы за плечы. - Ну годзе вам плакаць! Няўжо вам не сорамна? Вы ж такі дарослы фаўн! Ды што ж з вамі такое?!
- Ой-ой-ой, - прыхныкаў містэр Тумнус. - Як жа мне не плакаць, я ж такі бессаромны, такі дрэнны фаўн.
- Ну што вы! Ніякі вы не дрэнны, - запярэчыла Люсі. - Вы самы цудоўны і добны фаўн з усіх, што я бачыла.
- Эх, каб ты толькі ведала, ты б так не казала, - усхліпваючы, адказаў містэр Тумнус. - Я дрэнны, я самы дрэнны фаўн з усіх народжаных на гэтай зямлі.
- Ну што вы такога зрабілі? - спытала Люсі.
- Які сорам! Мой слаўны татусь, - адказаў містэр Тумнус, ківаючы на карціну па-над камінам. - Ён бы ніколі ў жыцці не зрабіў такога.
- Якога такога? - не сунімалася дзяўчынка.
- Такога, што я раблю, - адказаў фаўн. - Выконваю загад Белай ведзьмы. Бачыш, да чаго я дакаціўся - служу Белай ведзьме.
- Белая ведзьма? А хто яна?
- Як хто? Гэта яна паланіла Нарнію. Гэта яна прынесла нам вечную зіму - але зіму без Раства і радасці, уяўляеш?
- Які жах! - усклікнула Люсі. - А як вы ёй служыце?
- Мне так сорамна, - горка ўздыхнуў містэр Тумнус. - Я пайшоў для яе на злачынства. Які ж я нягоднік. Паглядзі на мяне, дачка Евы. Ці магла б ты падумаць, што такі фаўн, як я, здольны, сустрэўшы ў лесе ні ў чым не вінаватую, бяскрыўдную дзяўчынку, прыкінуцца яе сябрам, запрасіць яе да сябе ў пячору - і ўсё дзеля таго, каб усыпіць яе чароўнай музыкай, а затым аддаць Белай ведзьме?
- Вы б такога не зрабілі, - заматала галавой Люсі.
- Але я зрабіў, - сумна зацьвердзіў фаўн.
- Ну-у-у, - працягнула Люсі (яна не хацела хлусіць, але па шчырасці, яшчэ не паспела на яго раззлавацца). - Гэта канечне нядобра. Але ж вы аб гэтым шкадуеце і ніколі больш так не зробіце, праўда?
- Дачка Евы, няўжо ты не разумееш? - адказаў фаўн. - Я не зрабіў - я раблю гэта цяпер, вось тут!
- Што вы такое кажаце! - ускрыкнула Люсі, збляднеўшы.
- Тая дзяўчынка - гэта ты, - сказаў Тумнус. - Белая ведзьма дала мне загад: калі я ўбачу ў лесе сына Адама або дачку Евы, я мушу прывесці іх да яе. І ты першая, каго я сустрэў. Я набіўся табе ў сябры, запрасіў на гарбату і сядзеў і чакаў, калі ты заснеш, каб адвезьці цябе да яе.
- Але ж вы не павязеце мяне да ведзьмы? - не магла паверыць Люсі. - Праўда, містэр Тумнус? Скажыце! Вы ж не можаце так зрабіць.
- Калі я гэтага не зраблю, - зноў расплакаўся фаўн, - яна дазнаецца. І адрэжа мне хвост, спілуе рогі і выдзярэ бараду. Махне сваёй палачкай - і мае гожыя вытанчаныя капытцы стануць грубыя і тупыя, як у каня. А калі раз'юшыцца, то і ў каменную статую мяне можа ператварыць - паставіць мяне ў сваім жудасным палацы і стаяцьму я там, аж пакуль на чатыры пасады Кэр-Параваля не сядуць чатыры каралі - але хто ведае, калі гэта будзе і ці будзе наогул.
- Містэр Тумнус, - папрасіла Люсі. - Вы мне прабачце, але можна я пайду.
- Канечне, - заківаў фаўн. - Канечне, можна. Пакуль я цябе не сустрэў, я і не ведаў, хто такія людзі. Але цяпер, пазнаёміўшыся з табой, я ведаю. Не бойся, я не аддам цябе ведзьме. Хадзем хутчэй. Я праводжу цябе да ліхтара. Спадзяюся, адтуль ты ўжо сама дабярэшся да краіны Шаф у горад Пусто-дэ-Пакою.
- Думаю, дабяруся, - адказала дзяўчынка.
- Трэба ісці як мага цішэй, - перасцярог яе фаўн. - У лесе поўна ейных шпіёнаў. Нават некаторыя дрэвы за яе.
Устаўшы з-за стала, яны выйшлі ў заснежаны лес, містэр Тумнус ізноў раскрыў парасон, а Люсі ўзяла яго пад руку. Але цяпер яны ўжо не шпацыравалі, як раней, а моўчкі перабягалі ад дрэва да дрэва, трымаючыся ў ценю. Калі яны ўрэшце дабраліся да ліхтара, Люсі з палёгкай уздыхнула.
- Адсюль ты ўжо знойдзеш дарогу сама, дачка Евы? - спытаў містэр Тумнус.
Люсі паўзіралася між дрэваў і ўгледзела ўдалечыні быццам промні дзённага святла.
- Знайду, - адказала яна. - Здаецца, я бачу дзверы шафы.
- Тады бяжы хутчэй. І яшчэ... - дадаў фаўн. - Ці магу я спадзявацца, што ты калі-небудзь прабачыш мне маю здраду?
- Канечне, я прабачаю, - палагодзела Люсі, і працягнула яму руку на развітанне. - А я спадзяюся, што ў вас не будзе праз мяне непрыемнасцяў.
- Да пабачэнне, дачка Евы! - паціснуў ёй руку фаўн. - Можна, я пакіну насоўку сабе?
- Вядома, - крыкнула Люсі, і што было спрыту пабегла на святло за дрэвамі. І вось, замест колкіх хваёвых галін, яна адчула пад далонямі мяккі ворс футраў, а замест хрусткага снегу пад нагамі - драўляную падлогу шафы. Яшчэ крок - і яна выскачыла ў знаёмы пусты пакой, з якога і пачалося ейнае падарожжа. Яна зачыніла за сабой дзверы шафы, і ўсё яшчэ цяжка дыхаючы, агледзелася па баках. За вакном па-ранейшаму ліў дождж, а з калідора былі чуваць дзіцячыя галасы.
- Я тут! Я тут! - радасна закрычала Люсі. - Я вярнулася, усё добра!