[ варыянт працоўны, далёка не канчатковы, але тым ня менш факт: ужо больш за палову як ]
Зялёнабароды жаўнер праводзіў нашых сяброў вуліцамі ў каморку Вартаўніка Гарадской Брамы. Той адамкнуў ўсім акуляры і склаў назад у вялікі куфар. Пасля чаго пачціва адчыніў браму.
- Прабачце, а вы не падкажыце, якой дарогай нам лепей ісці да Злой Вядзьмаркі Захаду, - спытала яго Даротка.
- Ніякай, - адказаў Вартаўнік. - Туды няма дарогі. Бо ніхто туды не ходзіць.
- Праўда? - здзівілася дзяўчынка. - І як жа мы тады знойдзем гэтую вядзьмарку?
- Вельмі проста, - адказаў Вартаўнік. - Дабярэцеся да Краіны міргуноў, а там яна ўжо сама вас знойдзе. І возьме вас у прыгон.
- Ну не, - заявіў Страшыдла. - Гэта мы мусім яе знішчыць, а не яна - нас.
- Ха, забаўна, - адкзаў на гэта Вартаўнік. - Наколькі мне вядома, ніхто яшчэ яе не знішчаў, таму, я думаю, вы трапіце да яе ў прыгон, як і ўсе астатнія. Сцеражыцеся! Яна дужа злая і жорсткая, і нікому не дазволіць проста так сябе знішчыць. Кіруйцеся на захад, туды, дзе заходзіць сонца, і вы не заблукаеце.
Сябры падзякавалі яму, развіталіся і рушылі на захад, без дарогі, па маладых зялёных палях з раскіданымі там-сям вочкамі рамонкаў і стокротак. Даротка засталася ў той самай прыгожай ядвабнай сукенцы, якую апранула ў Палацы, але цяпер, на дзіва, яна была не зялёнага, а чысцютка белага колеру. Такой жа белай стала цяпер і стужка ў Татосіка на шыі.
Чым далей яны адыходзілі ад Смарагдавага горада, тым больш занядбалым выглядаў краявід: неабробленыя палі, парослыя пустазеллем, ані гаспадарак, ані дамоў нідзе паблізу відаць не было.
Увесь дзень няшчадна паліла сонца, а па дарозе не трапілася ніводнага дрэўца, у ценю якога можна было б адпачыць; таму пад вечар Даротка, Леў і Татосік так знясіліліся, што проста паваліліся ў траву і заснулі, а Дрывасек са Страшыдлам засталіся ахоўваць іхны сон.
А тым часам трапіла неяк Злой Вядзьмарцы Захаду выйсці на ганак свайго замка. І хоць у яе ацалела толькі адно вока, бачыла яна ім, як праз падзорную трубу, таму, вядома ж, адразу ўгледзела Даротку і ейных сяброў. Яны былі яшчэ дужа далёка ад замку, але, убачыўшы іх у сваіх уладаннях, Вядзьмарка вельмі раззлавалася. Яна схапіла срэбную свістушку, што вісела ў яе на шыі, і гучна свіснула.
У той жа момант з усіх бакоў да яе пачалі збягацца ваўкі - дужыя, востразубыя, з лютымі вачыма - цэлая зграя.
- Бачыце вунь тую кампашку, - сказала Вядзьмарка. - Ідзіце і раздзярыце іх на шматкі.
- А ці не жадаеце Вы ўзяць іх да сябе ў прыгон? - спытаў верхавод зграі.
- Не, - адказала яна. - Іржавая бляшанка, мех саломы, леў і дзеўчанё - якая ад іх карысць? Можаце падзерці іх на караўкі.
- Выдатна, - адказаў воўк і што было спрыту рвануў наперад. Зграя кінулася за ім.
На шчасце, Страшыдла з Дрывасекам не спалі і пачулі набліжэнне ваўкоў.
- Адыдзіся, - скамандаваў Жалезны Дрывасек. - Зараз я ім задам дыхту.
Ён перахапіў навостраную як лязо сякеру, і, калі ваўчыны верхавод падбег і кінуўся на яго, Жалезны Дрывасек размахнуўся і адсек таму галаву. Але не паспеў ён зноў узняць сякеру, як ужо другі воўк ляцеў на яго. Другога чакаў такі ж самы лёс. Сорак ваўкоў адзін за адным кідаліся на Дрывасека, і сорак разоў ён узмахваў сякерай. А калі бой скончыўся, перад Дрывасекам высілася цэлая гара ваўчыных трупаў з адсечанымі галовамі.
Нарэшце Дрывасек апусціў сякеру і прысеў побач са Страшыдлам.
- Ну і задаў жа ты ім, дружа! - пахваліў яго той.
Седзячы так, яны прачакалі да ранку. Прачнуўшыся, Даротка вельмі спужалася, калі ўбачыла побач цэлую гару расшматаных ваўкоў, але Дрывасек тут жа яе супакоіў і расказаў, як усё было. Дзяўчынка былі вельмі яму ўдзячная за тое, што ён выратаваў іх ад лютай смерці. Паснедаўшы, яны зноў рушылі ў дарогу.
Тым часам прачнулася Злая Вядзьмарка. Выйшла яна на ганак, зірнула ўдалечыню сваім пільным вокам і ўбачыла, што ўсе ваўкі забітыя, а чужынцы спакойненька ідуць сабе далей. Горш, як раней, раззлавалася яна, і цяпер ужо двойчы свіснула ў срэбную свістушку.
І тут жа над ёй зляцелася цэлая чарада драпежных крумкачоў, аж неба пачарнела - так шмат іх было.
- Бачыце тых чужынцаў? - звярнулася яна да Крумкачынага цара. - Зараз жа ляціце выдзяўбіце ім вочы і раздзярыце іх на шматкі!
І, застрашальна лопаючы крыламі, стая крумкачоў скіравалася насустрач Даротцы і ейным сябрам. Убачыўшы, што неба наперадзе пачарнела, Даротка вельмі перапужалася. Але Страшыдла выглядаў больш упэўненым.
- Хавайцеся, - скамандаваў ён. - Зараз я ім пакажу, дзе горкі перац расце.
Усе прыпалі да зямлі, а Страшыдла застаўся стаяць, расставіўшы рукі. Убачыўшы яго, крумкачы спужаліся - бо на тое і пудзілы, каб птушак пужаць - і спачатку не адважыліся падляцець бліжэй. Але Крумкачыны цар толькі пасмяяўся з іх:
- Гэта ўсяго толькі напханае саломай пудзіла. Зараз я выдзяўбу яму вочы.
І Крумкачыны цар рынуўся на Страшыдлу. Але той спрытна ўхапіў яго за галаву і адным рухам звярнуў таму шыю. Не паспеў Страшыдла адкінуць убок першага, як на яго ляцеў ужо другі крумкач. Другога чакаў такі ж самы лёс. Сорак крумкачоў адзін за адным кідаліся на Страшыдлу, і сорак разоў было чуваць хруст касцей. А калі бой скончыўся, паўсюль вакол былі раскіданыя чорныя крумкачыныя трупы са скручанымі галовамі.
- Гатова, хадземце, - сказаў Страшыдла сябрам і яны рушылі далей.
Калі Злая Вядзьмарка зноў зірнула ўдалечыню і ўбачыла крумкачыныя трупы, яна проста ашалела ад злосці і гучна свіснула ў срэбную свістушку - цяпер ужо тройчы.
Зараз жа паветра напоўнілася аднагучным гудзеннем і над ёй закруціўся цэлы рой чорных пчол.
- Заджгайце да смерці гэтых чужынцаў! - гаркнула Вядзьмарка свой загад, і ўвесь пчаліны рой скіраваўся насустрач Даротцы і ейным сябрам. На шчасце, Дрывасек заўважыў іх яшчэ здаля, і Страшыдла паспеў знайсці паратунак.
- Вытрасі з мяне салому і ўкрый дзяўчынку і Льва з сабачкам, - скамандаваў ён Дрывасеку. - Тады пчолы нічога ім не зробяць.
Паслухаўшыся Страшыдлу, Даротка схапіла Татосіка на рукі, і яны з Ільвом, тулячыся адно да аднога, леглі на зямлю, а Дрывасек укрыў іх саломай з галавы да ног.
Падляцеўшы бліжэй, чорныя пчолы ўбачылі толькі аднаго Дрывасека. Ім нічога не заставалася, акрамя як накінуцца на яго, і яны абламалі ўсе свае джалы аб ягонае металічнае цела. А паколькі пчолы не могуць жыць без джала, тут і канец прыйшоў усяму пчалінаму рою. Яны пападалі ў траву, і зямля вакол Дрываска зрабілася чорная, як сажа.
Даротка з Ільвом вылезлі са свайго сховішча, і дзяўчынка дапамагла Жалезнаму Дрывасеку зноў напхаць Страшыдлу саломай, пасля чаго яны зноў рушылі далей.
Убачыўшы, што карысці цяпер ад ейных пчолаў, як ад копату ў коміне, Злая Вядзьмарка так раз’юшылася, што ад злосці пачала тупаць нагамі, рваць на сабе валасы й скрыгаць зубамі. Урэшце яна паклікала да сябе тузін рабоў-міргуноў, дала кожнаму ў рукі дзіду і загадала знішчыць чужынцаў.
Міргуны ніколі не славіліся смеласцю, але ў іх не было выбару і яны паслухмяна рушылі напярэймы Даротцы і ейным сябрам. Заўважыўшы іх, Леў скочыў наперад і так грозна зарычэў, што гаротнікі, напалоханыя да смерці, далі такога драпака, што хутка ўжо зноў былі ў замку…