Гастан Барт-Ўільямз
Ліст да маці
ад чорнага сына з В’етнаму
Любая мама,
дзякаваць Богу,
я ўжо забіў пару в’етконгаўцаў,
і белы капітан
сказаў, што я маладзец
і сапраўдны герой.
Але калі я заб’ю нашмат больш,
ён выставіць мяне да ордэна,
а калі я заб’ю яшчэ больш,
ён паабяцаў, што маё імя будзе ва ўсіх газетах,
і ты будзеш ганарыцца сваім родным сынам,
усеамерыканскім героем усёй Амерыкі!
Тут ніхто не папракае каляровага, што ён каляровы,
поле бітвы стракаціць каляровымі трупамі.
Ты ж ведаеш: Касіюс Клэй не наважыўся прыляцець,
але твой сын - герой,
і, мабыць, калі я заб’ю цэлую кучу гэтых чырвоных,
маё прозьвішча прагучыць у Белым доме, -
мабыць, Прэзідэнт даведаецца пра мяне,
мабыць, аднойчы ён асабіста
сам узнагародзіць мяне знакам
і скажа, -
як ганарыцца мною Амерыка.
“З вамі Бог, няйначай, хлопча!”
І я фарсану медалём у родным горадзе,
у Дэтройце, Ньюарку і Алабаме, -
я ўбачу чорныя целы ў лужах крыві
і прыгадаю Шарпевіль,
я прыгадаю маіх братоў-сябрукоў у В’етнаме.
Любая мама,
чорная мама,
прабач свайго чорнага хлопчыка у В’етнаме!
Я ня Касіюс,
выбачай,
разумееш, я не Махамед Алі,
я стала запомніў нарэшце,
што я
недалікатны,
неадукаваны,
няўклюдны
і г. д. і да т. п.
і ўсё, што я тут раблю,
я раблю толькі дзеля таго,
каб зрабіцца ўсеамерыканцам,
культурным і культываваным -
сапраўдным сынам Амерыкі;
ты ведаеш гэта, мамуля, -
і, калі б ня колер скуры й не курчавыя валасы,
я быў бы хлопец хоць куды!
Зрэшты, парык каштуе ўсяго сто даляраў,
а белалілейны крэм “Беласьнежка” ўсяго па пяць даляраў бляшанка.
І калі ад гэтага паскуднага зельля ня будзе зусім ніякай карысьці,
лепш я тут здохну,
далібог, мамуля,
я лепш застануся тут, у гэтай заморскай магіле!
І калі я загіну тут,
ведай,
што я памёр за Амерыку,
за шчасьце быць сынам гэтай Зямлі запаветнай...
Але калі я загіну, змагаючыся,
напрыклад,
у Ньюарку,
або ў Місісіпі,
або ў Дэтройце,
або ў Чыкага,
або ў якім іншым заўгодна месцы,
мама, -
ты зразумей, дарагая,
што прэзідэнт тады не назаве мяне ўжо героем,
а мой белы капітан
не пачне ўзносіць мяне да нябёсаў.
Маёй удаве ня вызначаць пенсіі,
яны скажуць, што я быў адным з чырвоных,
яны скажуць, што было б лепш,
калі б твайго чорнага сына забілі ў В’етнаме.
Даруй,
мама,
я ведаю,
я тупы,
неразумны,
нявыхаваны грубіян
і г. д. і да т. п.
Я ведаю гэта
і мне
вядома дакладна,
чаму менавіта
я мушу
дапамагаць тут сваім суайчыньнікам
у ажыцьцяўленьні плану
па вынішчэньні ўсіх каляровых.
Ня плач па мне,
чорная мама,
не аплаквай мой амерыканізм
і г. д. і да т. п.
Гора Амерыцы! Грукочуць ейныя джазы,
і грукат іхны і выгукі
не спыняюцца ні на імгненьне,
іхнае дыханьне данеслася да Хірасімы,
іхнае балбатаньне й грымоты шугаюць над Афрыкай, -
прыгадай, мама,
яны скавычуць паўюсь, дзе ёсьць нашы браты,
і цяпер
уся рацыі на тваім баку,
ты ведаеш, што і чаму,
і на халеру
даруй мне,
матуля любая,
твой чорны хлопчык
мусіць тут забіваць як мага больш каляровых!?
Ты бачыш, мама,
я тут змагаюся за свабоду,
змагаюся ў імя Бога,
бачыш,
я мужна змагаюся тут з чырвонымі,
ведаеш,
я чую тут,
як сьвісьцяць кулі,
і зноў я мушу накідваць планы
па ажыццяўленьні зьнішчэньня каляровага насельніцтва.
Любая мама,
я сапраўды лепш загіну тут,
у гэтай заморскай магіле,
чым здохну ў якімсьці Нью-Ёрку,
і наагул,
вядома ж, ты зразумееш, гэтае дзіўнае маё жаданьне!
Ну а калі ты не захочаш мяне зразумець,
дык, можа, і сапраўды
твой родны сын - грубіян нявыхаваны,
поўны даўбня,
няўдзячны ёлуп
і г. д. і да т. п.
Да таго ж яшчэ й найнягоднейшы басалай
з усіх,
што носяць салдацкі мундзір!
Матулечка любая, хай будзе мяккай табе зямля!
Вечны спакой табе, -
ведаеш,
я так паважаю ўсіх тых,
хто аддае Богу душу
ў сябе дома,
у сваіх ложках,
у нашых стрых-старых амерыканскіх гарадах.
З павагай і любоўю,
Твой сын,
Грубіян Нявыхаваны,
Ёлуп Няўдзячны
і г. д. і да т. п.!