Думкі над выразамі.

Jul 25, 2012 23:08

На працягу жыцця часта чуеш розныя выразы. Адны паўтараюцца часта і між волі адбіваюцца ў памяці, другія, бывае, пачуеш толькі раз, але запомніш, бо пагаджаешся з імі на ўсе сто. Кароткімі фразамі часта атрымліваецца лёгка выказацца па “вялікай” тэме так, што і няма чаго дадаць. Зрэшты, адны і тыя ж выразы часта разумеюцца па-рознаму.
У мяне ў памяці зараз каля дзясятка выразаў пра ўзаемадзеянні асобы з аднаго боку і грамадства, соцыума, дзяржавы з іншага. Выразы рознапалюсныя. З аднымі я зусім пагадзіцца не магу, з другімі часткова, а з трэцямі - цалкам. Зараз правяду прыклады найбольш трапных.

“Камунізм у асобна ўзятай сям’і”
Гэты выраз я чуў з дзяцінства. І часта чую зараз у розных інтэрпрэтацыях. Азначае ён нежаданне клапаціцца праблемамі грамадства ці дзяржавы. Яны вялікія, невырашальныя. А самае галоўнае, яны ад нас не залежаць. Таму, каб не марнаваць дарэмна час, варта заняцца праблемамі сям’і, больш працаваць, думаць пра кар’ерны рост і г.д. Словам, пабудаваць светлую будучыню ў сваёй сям’і, там дзе ты можаш вырашаць, і ад цябе нешта залежыць. Пры гэтым трэба верыць, што праблемы соцыума ці дзяржавы цябе мінуць на працягу жыцця. Часцей за ўсё гэты выраз кажуць сваякі. Асабліва часта даводзілася яго чуць, калі ў студэнцкія гады “палез у палітыку” - пачаў хадзіць на мітынгі, удзельнічаць у моладзевай грамадскай арганізацыі.
З выразам я нязгодны цалкам! Асабліва ў тым кантэксце, у якім яго выкарыстоўваюць. Вядома, трэба клапаціцца пра сям’ю, але і забіваць на большыя пытанні і праблемы ўсё ж не варта. Тым больш, што часта тая ж дзяржава не доўга думае перад нападам.

“Любы народ варты ўлады, якую мае”
Таксама даволі часта чую гэтыя словы. Не пагадзіцца з імі складана, але цікава пасланне, якое ўкладаюць, вымаўляючы гэты выраз. Часцей за ўсё я яго чую з ноткамі фатальнасці ў голасе: “Ну што ж паробіш, які народ, такая і ўлада. Нічога тут не зменіш”. Некаторыя нават прапануюць маліцца на святую ўладу, бо народ яе варты... Для мяне гэты выраз, мабыць, з’яўляецца ключыкам да разумення зменаў. Мяняць уладу пры нязменным грамадстве - маласэнсоўна. Пачынаць варта, вядома, з сябе, а пасля ўжо спрабаваць змяніць і наваколле. Такім чынам, бывае, што выраз мае абсалютна супрацьлеглае пасланне. Не падабаецца ўлада, пачынай дзейнічаць!

“Калі ты не займаешся палітыкай, то палітыка займецца табой”
Жалезны довад пачынаючых, і не толькі, палітычных актывістаў, які часта даводзіцца чуць. Прычым за апошнія гады з’явілася шмат аргументаў на яго карысць. Тут можна ўспомніць мінакоў, якія апыняюцца не ў той час, не ў тым месцы, і заадно з мітынгоўцамі саджаюцца на суткі. Бяспраўных працоўных “Граніта”, “Пінскдрэва” і інш. Ахвяр сярод “непалітычных” становіцца ўсё болей. І калі довад успрымаецца суразмоўцам, то ўзнікае пытанне: “А як займацца гэтай палітыкай?” Не ўсім жа хочацца свядома станавіцца альбо пакутнікам, альбо блазнам, якія раз за разам трапляюць на суткі…

“Улада дзейнічае так, як мы [грамадзяне, народ, людзі, асобы] ёй гэта дазваляем”
Гэты выраз я пачуў толькі аднойчы. Ад аднаго блізкага па духу хлопца. Пасля ён яшчэ дадаў: “Нашай уладзе мы дазваляем зашмат”. На маю думку, жыць адарвана ад таго, што адбываецца ў краіне, грамадстве, прадпрыемстве можна, але і не трэба тады скардзіцца на ўлады.
Ідэалам для мяне (да якога я імкнуся) з’яўляецца збалансаванае жыццё паміж сям’ёй, любімай справай, працай і грамадскім актывізмам (тым самым недазволам уладам борза дзейнічаць). Формы апошняга могуць быць рознымі. Адзінае, яны павінны быць калектыўнымі, так як калектыўныя праблемы немагчыма вырашыць індывідуальна. А з гэтым у беларусаў цяжкавата. Цікава, што першасна? Нежаданне “не дазваляць уладам”, альбо нежаданне гуртавацца?

Для сябе пытанне формы, я вырашыў далучэннем да дзейнасці маіх сяброў-аднадумцаў з супольнасці Забей і моладзевай арганізацыі “Фаланстэр”. Магчыма мне не заўжды атрымліваецца актыўна ўдзельнічаць у гэтых суполках, але дапамагаю ў дзейнасці і арганізацыі мерапрыемстваў, сам праводзіў эканамічны гурток. І можа пакуль мы не вырашаем глабальныя праблемы, але ўсё пачынаецца з малога.

узаемадзеянні, думкі

Previous post Next post
Up