Нягледзячы на ўсе мае папярэднія крытычныя допісы пра выбары і плошчу 2010. Усё ж учора вечарам не здолеў застацца дома і пабываў у самым эпіцэнтры падзеяў.
Так што ўражанне шостае.
Як я і думаў, падрыхтоўка апазіцыі да Плошчы была мінімальная. Са станоўчых момантаў магу адзначыць толькі два:
- усё ж была гукаўзмацняльная апаратура, і асабліва на пл. Незалежнасці, калі калонкі паставілі на трыбуну каля помніка Леніна, стала чутно на адлегласці, што прамаўляюць лідары.
- Добры ход з перакрыццём праспекта Незалежнасці каля дому прафсаюзаў. Гэта крок дазволіў пратэстуючым заняць вуліцу і адчуць сябе гаспадарамі ў горадзе. Акрамя таго, да натоўпу далучыліся вагаючыеся назіральнікі з іншага боку вуліцы і на працягу праспекта.
Вось уласна і ўсе са станоўчага... Калі параўноўваць з акцыямі пратэсту 2006-га, то прагрэс “на ліцо”. Але гэтага відавочна замала. Хібаў хапала і напярэдадні Плошчы і падчас. Упрынцыпе я згодны з усімі аспектамі, якія апісаў
ceaser_by у сваім блогу, і паўтарацца не бачу сэнсу.
Адзначу толькі вось што:
Вярхі яшчэ “ой як могуць”, а нізы не. Улада мае рэсурсы, волю да ўлады і сілы. Усё, пачынаючы, ад складання сцэнару і да яго рэалізацыі прашло, як па маслу. Прычым, мяне здзівіла не тое, як усё адбылося ўнутры Беларусі. Гэта ўсё мы бачым не ў першы раз. І адміністрацыйны рэсурс пры агітацыі, і фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і разгон дэманстрацыі. А вось тое, як сыграў АГЛ на знешнем фронце - у мяне выклікае, як мінімум павагу. Так разыграць Расію і ЕС трэба ўмець! Прадаць камусці арыентацыю краіны (як па мне эфемерную, бо дамаўляцца з АГЛ немагчыма, бо ён чалавек “Слова даў - слова забраў), таму, хто больш прапануе, гэта крута. У выніку Лукашэнка ўцюхаў Расіі зноўку тое, што яна ўжо не жадала набываць - геапалітычны выбар Беларусі.
Так што на знешнім фронце з аднаго боку перад выбарамі, відавочна, не стала маральнага і рэсурснага падсілкоўвання бел. апазіцыі. А з іншага - маўклівая падтрымка Масквы Луканэнкі непасрэдна напярэдадні выбараў развязала яму рукі на ўчарашні жорскі разгон дэманстрантаў.
Вучымся і аналізуем, каб тады, калі вярхі не змогуць, нізы не прафукалі, як звычайна.
UPD. Пісаў гэта сёння днём, яшчэ не чытаўшы
прэс-канферынцыі Л. Прачытаўшы склалася ўражанне, што Беларусь за ўчора і сёння перацякла з аўтарытарыі ў дыктатуру. І надзеі на будучыя змены застаецца ўсё меньш... Асабліва пасля назірання рэакцыі маіх калегаў па працы на ўчарашнія падзеі. Пераважнай большасці пофігу, некаторым у кайф парадак дыктатура, ну і самыя смелыя паохалі ды паахалі...