Гусеву - дзенежку, Салаша - статыстам :)

Jan 27, 2010 18:40


Атрымаў сёньня ліст зь Менаблвыканкаму, у якім мяне запрасілі статыстам на паседжаньне прэзыдыюму аблвыканкаму і аблсавету, падчас якога будзе сфармаваная Менская абласная выбарчая камісія. Пагляджу, як пракінуць дэмакратычных прадстаўнікоў, якія спрабуюць трапіць у гэтую камісію. Першы зачын па пракідваньню ўжо ёсьць.

Дарэчы, майго сябра Алеся zarembiuk-a на аналягічны прэзыдыюм у Гародні не запрасілі, а ягонага актывіста, які зьбіраўся трапіць у камісію, ужо сёньня завінцілі ў войска. Алесь падаваў аналягічную маёй заяву, аднак празь сіта выбарачнай “лібэралізацыі” не прайшоў :)

UPD. Аказваецца, што ня проста мне было стаць нават статыстам :) Рылі пад подпісы, сабраныя за мяне і майго сябра-юрыста, які вылучыўся ў Менскую абласную выбарчую камісію. Нейкая кабета, якая прадстаўлялася работніцай Барысаўскага райвыканкаму, хадзіла па кватэрах падпісантаў і ўдакладняла, ці сапраўды яны расьпісваліся за нас. І гэта ў мароз -25 градусаў... Вясёлая "выбарчая" кампанія будзе! ;)




А яшчэ сёньня тэлефанаваў нейкі мужык, які хацеў мне перадаць “денюжку от Игорька из Гродно”. Тэлефанаваў некалькі разоў з пэрыядычнасьцю раз на паўгадзіны:

- Мне вам нужно денюжку перадать.
- Якую денюжку? Вы каму тэлефануеце?
- А вы кто?
- Не, лепей найперш вы адкажыце, хто вам патрэбны?
- Мне твой номер Игорек выслал эсэмэской.
- Хто вам патрэбны? Вы, мабыць, нумарам памыліся.
- Гусев. Мне нужен Гусев.
- (…)

Добра, калі чалавек памыліўся нумарам раз-два, але калі ён памыляецца разоў шэсьць-сем запар і з кожным разам усё больш і больш падвышае танальнасьць, назойліва спрабуючы мне перадаць “денюжку от Игорька”, то гэта выклікае пытаньні. Можа ў наступны раз усё ж прадставіцца гэтым Гусевым і ўзяць тую денюжку на разьвіцьцё дэмакратычнага руху Беларусі, каб урэшце адчапіўся? Усё ж грошы, мабыць, беларускія :)

"выбарчыя" кронікі-2010, віетнамабад, "выбары"

Previous post Next post
Up