Беларускі кліент сьпёкся

May 23, 2009 20:54

Сёньня я ледзь ня стаў псэўдаўкраінскім парубкам.

Гэтак упарта пэнсійнавекая цырульніца намагалася пакінуць на маёй галаве чуб, праехаўшыся перад гэтым машынкай “пад адзінку” па яе баках і з тылу.

Ледзь растлумачыў ёй, што чуб мне непатрэбны ў прынцыпе. І толькі праглынуўшы прафэсійную крыўду (гэта было вельмі заўважна) з словамі “желаніе кліента для нас закон”, яна ўсё ж выканала маю настойлівую просьбу (нават давялося дадаць да просьбы крыху мэталічных нотак).

Пасьля такіх стрыжак, па ідэі, настрой павінны быў хоць крыху падпсавацца, але з цырульні я выйшаў у выдатным гуморы. Мой настрой выратавалі беларускія прыгажуні!

У пачакальні на століку сярод стосу прафэсійных і напаўпрафэсійных цырульных чапопісаў на адной з вокладак я прачытаў чорным па белым надпіс лацінкай “Bielaruski. Alena Adamčyk”. Я ледзь з канапы не зьляцеў! У Барысаве! На вуліцы 50 год БССР! У цырульні, аблямаванай ужо ня белым сайдынгам! Шыкоўны дзьвюхмоўны (зь відавочным візуальным дамінаваньнем беларускай) фотаальбом беларускіх прыгажуняў Алены Адамчык з тэкстамі самога Глёбуса, ейнага мужа!

І вось цяпер пытаньне. Няўжо дзеля таго, каб ізноў пагартаць гэты фотаальбом, я ізноў папруся ў цырульню, у якой ледзь даказаў, што чуб мне непатрэбны? Сеўшы за руль сваёй альфы і ўключыўшы дэпеш, падумалася, як жа няшмат патрэбна для прывабліваньня беларускага кліента. Варта было толькі некаму кінуць на стол у фае беларускі фотаальбом Алены Адамчык, каб беларускі кліент сьпёкся.

У фае было паўзмрочна, я здымаў на мабілу, таму якасьць, даруйце, благая:








Адамчык-Глёбус, нечаканае, about me, пекната, Борисов, маленькія радасьці жыцьця

Previous post Next post
Up