Падробы

Feb 06, 2009 21:23

Зноў ганьба і зноў у польскім магазіне. Трэба было купіць пяльмені з мясам, але не спакаваныя, а на вагу. У лядоўні тыпу мэйд ін Савескі Саюз не відаць, каб былі з мясам. Ёсць нейкія з "падробамі". Пяты год у Польшчы, але што за падробы, халера ведае. Можа гэа мяса так называецца. Але чаму падробы? Падробленае ці што? Несапраўднае?
Пытаюся ў чорнай худой прадаўшчыцы: "Падробы - гэта што дакладна?" Чую адказ: "Падробы - гэта падробы, яшчэ туткі іх называюць". Растлумачыла, называецца. Пабачыўшы адчай у маіх вачах дазволіла сабе нахабна спытацца: "Пан ня ведае, што такое падробы?!" Я не ўпэўнены, але, здаецца, у яе голасе была чутна грэблівасць. Я паматаў галавой. У галаве раптам засвяцілася лямпачкай Ільіча ідэя спытацца: "А з мясам ёсць?" "Ёсць," - незадаволеным голасам выдавіла з сябе прадаўшчыца. "Тады 5," - выгукнуў я, прыспешваючы сваё вымаўленне, каб яна не пазнала па маёй плаўнай гаворцы і зацягванню галосных брата "па розуму" з-за Буга. Нейкія комплексы ў мяне ад гэтых палякаў. Недзе з-пад лядоўні з не вельмі чыстага колеру тазіка прадаўшчыца пачала даставаць так жадаемыя пяльмені з мясам.
Прыйшоў дадому, паглядзеў у слоўнік. Тыя падробы - гэта наш "лівер". Цяжка прадаўшчыцы было растлумачыць, што гэта там ныркі, лёгкія, вантробы і "пячонкі"... Сама, можа, не ведала, а корчыла з сябе такую усязнайку гастранаміі.
Previous post Next post
Up