Зноў за старое...

Oct 21, 2012 00:26

Першыя дзьве старонкі ўганараванага ва Ўроцлаве раману Міленкі Ергавіча:

*************************************************

СЭРДА СЬПЯВАЕ Ў СУТОНЬНІ НА ДУХАЎ ДЗЕНЬ

1. Лазар

Ляжыць Сэрда Капурава на халоднай зялёнай пліце, голая і шэрая, з галавой закінутай назад, нібы яна малая дама на далмацкім пляжы і хацела б, каб загарэла шыя, або глядзіць назад, каб пабачыць, як выглядае свет дагары нагамі. Грудзі ў Сэрды з дзвюма дробнымі хлапечымі смочкамі, крыху няправільныя і раскосыя, яе рукі па-каралеўску тонкія, з доўгімі пальцамі, ляжаць без справы ўздоўж бакоў і сцёгнаў, ногі доўгія, як у мадэлькі, роўныя і пругкія, ногі славянскіх ахоўніц Мэштравіча; усё ў Сэрды створана так дакладна і дасканала, быццам яна не звычайная жанчына, або дзяўчына, дакладней дзяўчынка, бо якая б яна ні была прыгожая і прывабная, так што абняў бы яе і ніколі не адпускаў, нешта ў ейным целе сведчыць, што ёй толькі трынаццаць, можа чатырнаццаць ці найболей пятнаццаць гадоў. А што гэта - невядома, і няведанне гэтае бянтэжыць Лазара Хранілавіча, і ён ужо доўга спрабуе ў Сэрдзе Капуравай пабачыць нейкую іншую, ва ўсякім разе старэйшую і больш кранутую светам жанчыну, магчыма сваю аднагодку, каб абняць яе і добра выплакацца у ейных абдымках. Набралася ў ім усяго, так што і заплакаў бы, як бывае, калі набярэцца ў чалавека. Ён нізавошта б не драматызаваў сваю сытуацыю.

І пакуль ён так на яе паглядае і нясмела дакранаецца да ейнага цела, цягнецца пальцам да яе ўлоння, чый трохкутнік ледзь зарослы некалькімі рэдкімі цёмнымі валаскамі, а астатнія нібы з часам павыпадалі, Лазар адчувае страх ад таго, што нехта мог бы прыйсці. Гэты страх, вядома ж, быў без прычыны, трэцяя гадзіна ночы, зачыненыя і замкнутыя вялізныя жалезныя дзверы, цяжкія, як на ўваходзе ў атамнае сховішча, і ніхто апрача яго не можа іх адчыніць. Але Лазар усё роўна баіцца таго, што робіць, ходзячы вакол Сэрды, набліжаючыся да яе грудзей, нахіляючыся над імі, пакуль яму не падасца, што зараз на яе ўпадзе, тады ён раптоўна ўзнімаецца і зноў апускаецца, абхапляе яе ўсю, такую чыстую і прыгожую, а пасля, стаміўшыся, сядае на крэсла, што прынёс з вартоўні пры браме, запальвае цыгарэту і глыбока ўздыхае, як і ўсякі стомлены і грэшны чалавек.
Previous post Next post
Up