Sep 23, 2012 23:36
“Напачатку было Слова” - першы радок Евангелля паводле Яна.
“А чаму ж напачатку ня быць Малюнку?” - палічыў французкі мастак Жан Эфель, накідваючы пяром фігуру добрага лысага старога з даўгой барадой. Такім чынам з’явіўся на свет Бог “вясёлай Бібліі” Эфеля, а ўслед за Богам - Адам, Ева, анёлы, чорт.
Альбомы Эфеля набылі надзвычайную папулярнасць.
Аднойчы, гартаючы гэтыя альбомы, вядомыя харэографы Наталля Касаткіна і Уладзімір Васіль’еў сказалі сябе: “Напачатку было Слова, потым быў Малюнак. А што калі цяпер будуць спачатку Музыка і Танец?” І яны прапанавалі кампазітару Андрэю Пятрову скласці музыку да балета пра стварэнне свету і чалавека, падказаннага “вясёлай Бібліяй” Жана Эфеля.
Так нарадзілася незвычайная танцавальная “боская камедыя”, прэм’ера якой адбылася ў Ленінградскім акадэмічным тэатры оперы і балета імя С.М. Кірава 23 сакавіка 1971г. Прэм’ера у Мінску - 11 красавіка 1976г…
* * *
Магчымасць адчуваць мастацтва - вялікае шчасце. Прачытаўшы шмат кніг па псіхалогіі мастацкіх і музычных здольнасцяў, вельмі складана словамі апісаць той спосаб, якім можна навучыць чалавека быць культурным. Для мяне відавочна адно - такая рэч атрымоўваецца шляхам нейкага прарыву, пераступання праз сябе-мінулага, калі раптам ўсё, што датычыцца культуры пачынае незваротна вабіць. Трошкі ж пазней у чалавека выпрацоўваюцца крытэры да ацэнкі ўспрымання таго, што можа называцца мастацтвам.
У гады бесклапотнага студэнцтва, калі яшчэ навучанне здаецца бясконцай справай, сталася так, што я пачаў спарадычна, але ўжо з нейкай ступенню рэгулярнасці, наведваць тэатр. На той час Вялікі тэатр зачыніўся праз рэканструкцыю, і таму балетныя спектаклі давалі на сцэне Палацу рэспублікі, а оперныя - на сцэне Дома афіцэраў. Маючы сяброў з асяроддзя студэнтаў-актораў, мы вынайшлі шлях як задарма трапляць ў залю Палаца рэспублікі. Спачатку мы міналі кантроль па нейкай паперцы, што сваім зместам нібыта дазваляла студэнтам праходзіць на спектаклі без аплаты ў мэтах вывучэння культуры, а потым зусім знахабнелі і пачалі хадзіць праз службовы уваход. Балазе, балетныя спектаклі йшлі рэгулярна, амаль штомесяц паўтараючы ўвесь рэпертуар трупы.
У адзін з такіх вечароў мне патрапіла пайсці на “Стварэнне Свету”. Спярша я рыхтаваўся ўбачыць чарговы спектакль-балаган кшталту старой савецкай школы, але тое, што адбылося тым зімовым вечарам, як я лічу зараз, змяніла маё жыццё! Толькі цяпер, праз пяць гадоў я магу цалкам азначыць сабе мастацкую вартасць спектаклю, якая стала для мяне дысцыплінуючым і крытэрастваральным фактарам у жыцці. “Стварэнне свету” - масштабная дзея аб узнікненні кахання, чалавечага шчасця і лёсах нашага сусвету, аб стваральнай моцы дабра і падступнасці зла, аб велічы свету і перамозе жыцця над разбурэннем і смерцю. Харэограф Валянцін Елізар’еў стварыў спектакль выключна праз сучасную харэаграфію. А якія дасціпныя і вынаходніцкія характарыстыкі герояў створаны музыкай кампазітара Андрэея Пятрова!
У спектаклі багата кранальнага і гумарыстычнага, але ў пэўныя моманты ён сягае да сапраўных драматычных вышыняў. Бог-творца, паводле задумы кампазітара, усёй сваёй сутнасцю звязаны са старадаўняй музыкай, а вобраз чорта выяўляецца праз джазавыя аркестравыя прыёмы і багатае гучанне медных інструментаў. На змену музыцы касмічнай і парадыйнай (гульні Бога і анёлаў, нараджэнне д’ябла і ягонага акружэння) прыходзяць найпрыгажэйшыя высакароднейшыя матывы Адама і Евы, а за імі йдуць магутныя сімфанічныя палотны - рэквіем Знічшаннай Зямлі, гімн яе адраджэнню. Сцэнаграфічна спектакль з’яўляеца мінімалістычным у касцюмах, а дэкарацыі зробленыя на аснове пераасэнсавання карцінаў Гераніма Босха.
Такім чынам балет стаўся маім любімым. Я магу пахваліцца тым, што наведваў каля 25 паказаў. Душа палала і прагнула штораз з’яднацца з гэтым сцэнічным творам, як толькі той трапляў у афішу.
Потым пачаліся жахі. На мяжы 2007-2008гг. трупу тэатра пакідаюць вядучыя майстры сцэны, каб з’ехаць за мяжу, якім не было на той момант годнай замены. Напярэдадні ж урачыстага адкрыцця рэканструяванага тэатра (у 2008г.) мастацкаму кіраўніку балетнай часткі тэатра Валянціну Елізар’еву прапануюць пасаду толькі харэографа, без мастацкага кіравання тэатрам, у выніку чаго Валянцін Васільевіч адмаўляецца і таксама з’яджае за мяжу. Пасля пачатку новага сезона ў адноўленым будынку гледачы знаёмяцца з новым рэпертуарам тэатра. У 2011г. “Стварэнне” можна было пабачыць усяго два разы, у 2012 - ніводнага. Гэты лёс напаткаў усе елізар’еўскія спектаклі, большую частку з якіх умомант выключылі з рэпертуара.
Пакрысе ў наш час гледачы знаёмяцца з “ідэаламі” найноўшага кіраўніцтва, што, на мой погляд, ідзе шляхам камерцыялізацыі, амаль ігнараваннем беларускіх твораў і мовы ў рэпертуары, які складаецца з болей простай забаўляльнай музыкі і відовішчаў. Часам, я пытаюся ў сябе, а насамрэч ці любяць музыку тыя людзі, што кіруюць тэатрам? Магчыма тэатрам павінен кіраваць сапраўдны вялікі артыст?..
Балет