5. “Улада” ў Бібліі
Разуменьне тэрміну “ўлада” ня будзе поўным без Біблейскага кантэксту.
Для разгляду Біблейскага кантэксту тэрміна “ўлада” ўзяты пераклад Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь зробленага на падставе рукапісаў Уладзіслава Чарняўскага, 2012 года.
“І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх.” (Кніга Роду, 1:27)
Тут акрэсьлены сэнс/зьмест тварэньня чалавека, ягонае прызначэньне (“стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго”) і ягоная форма (“мужчынам і жанчынай стварыў іх”).
“І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: “Расьціце і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і ВАЛАДАРЦЕ над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі”. (Кніга Роду, 1:28)
Перадача чалавеку ВАЛАДАРАНЬНЯ азначае перадачу адказнасьці за жыцьцяздольнасьць таго, што перададзена ў ВАЛАДАРАНЬНЕ.
Бог наказвае людзям, каб яны ВАЛАДАРЫЛІ над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі. ВАЛАДАРЫЦЬ (праз функцыю “ўлады”) - гэта значыць, ня толькі карыстацца і распараджацца, але і надаваць імёны, сэнсы, і несьці адказнасьць за тых, над кім людзі паводле слова Божага пачалі ВАЛАДАРЫЦЬ.
“Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясьціў яго ў раі, каб рупіўся пра яго і сьцярог яго.” (Кніга Роду, 2:15)
Госпад Бог памяшчае чалавека ў раі, каб чалавек “рупіўся пра яго і сьцярог яго”, г.з. быў адказным за рай.
“І ўфармаваў Госпад Бог зь зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласьцівае.” (Кніга Роду, 2:19)
“І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых. …” (Кніга Роду, 2:20)
Госпад Бог уфармаваў усіх істотаў і “прывёў іх да чалавека” як да таго, каму перададзена ВАЛАДАРАНЬНЕ над “усім жывым, што рухаецца па зямлі”, “каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую”.
Але Бог не перадаў чалавеку ВАЛАДАРАНЬНЯ адно над адным.
ВАЛАДАРАНЬНЕ Бога над чалавекам, гэта значыць сэнсы і адказнасьць за яго, засталіся за Богам. Таму “І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага райскага дрэва еж, (Кніга Роду, 2:16) а з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есьці зь яго - сьмерцю памрэш”. (Кніга Роду, 2:17)
І парушаўшы загад Бога, чалавек як бы выйшаў з пад Валадарства Бога і страціў сэнсы і здольнасьць да жыцьця вечнага, страціў матывацыю да супольнай жыцьцяздольнасьці, да захаваньня і працягу жыцьця, а матывацыяй ягонага часовага зямнога існаваньня замест трансцэндэнтнай сэнсавай матывацыі, крыніцай якой ёсьць Бог, сталі розныя сымулякры-моркаўкі. У такім стане і людзі, і іхнія супольнасьці робяцца няжыцьцяздольнымі.
Памятаючы запавет, заключаны з Абрагамам па веры яго, Бог выводзіць народ Ізраэля з егіпецкага рабства дзеля жыцьця.
Вяртаньне народа да жыцьцяздольнасьці Госпад пачынае з фармаваньня ў людзей сэнсавай матывацыі да жыцьця, крыніцай якой ёсьць Бог - Той, Хто ёсьць вечны.
Госпад прамаўляе да Майсея: “Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: “Я - Госпад, Бог ваш” (Кніга Сьвятарская, 18:2)
“Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я - Госпад!” (Кніга Сьвятарская, 18:5)
“Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраэля і кажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я - Госпад, Бог ваш.” (Кніга Сьвятарская, 19:2)
Але матывацыя народа, якога Госпад вывеў з рабства да жыцьця палягае не ў сэнсах, дадзеных Богам, а ва ўспамінах пра сымулякры, “як у Егіпце мы елі дарма рыбу; памятаем агуркі, гарбузы, цыбулю і часнок. Горла наша - сухое, нічога іншага не бачаць вочы нашы, апрача манны”. (Кніга Лічбаў, 11:5-6)
Народ наракае на Бога: “Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Егіпет?” (Кніга Лічбаў, 14:3)
“Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”. (Кніга Лічбаў, 14:3)
Бог жа ўпакорыў народ нястачай і даў яму есьці манну, якой ня ведаў ані народ, ані бацькі ягоныя, каб паказаць народу, што “ня хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада”. (Кніга паўторнага закону, 8:3)
Госпад дае народу законы, навучае іх палітыцы, г.з. навучае самаарганізацыі, і як жыць разам. Дае народу судзьдзяў, каб тыя рэгулявалі супольнае жыцьцё паводле дадзеных Богам законаў. І надаючы сэнсы жыцьця, усталёўваючы Сваёй уладай законы, валадарыць над народам.
Але народу, які пакрысе забываецца пра жыцьцёвыя сэнсы, дадзеныя Госпадам, цяжкая адказнасьць перад Богам. І народ просіць у Самуэля, каб той паставіў ім цара.
“Дык, сабраўшыся, усе старэйшыны Ізраэля пайшлі да Самуэля ў Раму i сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае не ідуць па дарогах твaix; такім чынам, устанаві нам цяпер цара, каб ён судзіў нас, як маюць усе народы». I не спадабалася гэтае слова Самуэлю, бо яны казалі: «Дай нам цара, каб ён нас судзіў». І маліўся Самуэль Госпаду.
А Госпад сказаў Самуэлю: «Паслухай голас народа ва ўсім, што гавораць табе; бо не ад цябе адварочваюцца яны, але адварочваюцца ад Мяне, каб Я не валадарыў над iмi. Паводле ўcix спраў свaix, якія рабілі яны з таго дня, як Я вывеў ix зь Егіпта, аж да сёньняшняга дня, калi пакінулі Мяне i пачалі служыць багам чужым, таксама так робяць i табе. Дык цяпер выслухай слова ix; толькі ўведамі ix i папярэдзь ix аб праве цара, які мае над імі валадарыць».
Такім чынам, Самуэль пераказаў народу ўсе словы Госпада, бо народ дамагаўся ад яго цара, i казаў: «Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых i пасадзіць у калясьніцы свае, i зробіць сабе коньнікаў, i будуць яны бегчы перад яго калясьніцай; i ўстановіць сабе тысячнікаў, i сотнікаў, i аратых земляў свaix, i жняцоў пасеваў, i кавалёў збpoi i калясьніц cвaix.
А дачок вашых зробіць сабе прадаўшчыцамі духмянасьцей, i кухаркамі i пекаркамі. I забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вiнаграднікі i масьлінавыя гai, i падарыць ix паслугачам cваім. Але i пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай, каб аддаць яе cваім еўнухам i паслугачам. Возьме таксама паслугачоў вашых i нявольніц, i найлепшых валоў вашых i аслоў i выкарыстае ix у працы сваёй. Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя, i будзеце вы ў яго паслугачамі.
I будзеце наракаць у той дзень на цара вашага, якога выбралі сабе, але Госпад не выслухае вас у той дзень».
А народ не хацеў слухаць слова Самуэля, але казалі яны: «Ніякім чынам! Бо няхай цар будзе над намі, i будзем мы жыць так, як жывуць іншыя народы; і цар наш будзе судзіць нас, і будзе выходзіць перад намі, і будзе ён ваяваць за нас».
I Самуэль выслухаў усе словы народа, і пераказаў іх Госпаду. А Госпад сказаў Самуэлю: «Выслухай слова іх і ўстанаві над імі цара». (Першая кніга Самуэля, 8:4-22)
З тае пары над народам валадарыў ня Госпад, а цар, ажыцьцяўляючы сваё валадарства паводле “права цара” праз функцыю “ўлады”.
У лісьце ж апостала Паўла да рымлянаў, у разьдзеле 13 чытаем:
“Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Якія ж ёсьць, Богам устаноўлены.” (Ліст да рымлянаў, 13:1)
Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказаньню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэньне. (Ліст да рымлянаў, 13:2)
Гэтыя словы падаваліся ў часе, калі:
- асобныя людзі (імпэратары, цары, ханы, шахі, каралі) “валодалі” іншымі людзьмі (рабамі, падданымі, прыгоннымі, “грамадзянамі”) праз ажыцьцяўленьне функцыі “ўлады”;
- вышэйшай “уладай” падавалася/успрымалася ня Божая ўлада, а “ўлада” (функцыя “ўладараньня”) аднаго чалавека. Але ж “Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае - Богу”. (Мацея, 22:21);
- супольная жыцьцяздольнасьць соцыюма вызначалася ДІФ-патэнцыялам аднаго чалавека -уладара.
Але гісторыя сьведчыць, што “ня хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада” (Кніга паўторнага закону, 8:3), а супольная жыцьцяздольнасьць народа, працяг ягонага жыцьця вызначаецца Божым дабраславеньнем, Божым прызначэньнем/пакліканьнем і супольным ДІФ-патэнцыялам народа.
І “Калі Госпад не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго. Калі Госпад не дапільнуе горада, надарма чувае той, хто пільнуе яго.” (Кніга Псальмаў, 127 (126):1)
Таму згаданыя словы апостала Паўла не азначаюць, што “ўлада” бальшавікоў у расейскай імпэрыі ці нацыстаў у Нямеччыне, ці яшчэ якіх бандытаў, што захапілі інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня, ёсьць ад Бога.
Гэтыя словы азначаюць, што няма ўлады, калі яна не ад Бога. А дакладней: няма ўлады вышэйшай, акрамя як ад Бога, акрамя як пад Богам, залежнай ад Бога, адказнай перад Богам.
Улада ад Бога, якая зыходзіць з Валадарства Божага, азначае, што толькі Бог ёсьць вышэйшай уладай, крыніцай сэнсаў жыцьця і законаў быцьця.
І таму чалавек і сёньня моліцца да Бога: “Ойча наш, Які ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.” (Мацьвея, 6:9-10)
Жыцьцяздольным ёсьць толькі тое, што прымае Божую волю.
Чалавек, якому Бог даў нарадзіцца ў дабраславёным народзе, прымае мову народа, пераймае ягоны супольны ДІФ-патэнцыял, адказнасьць за ягоную супольную жыцьцяздольнасьць і жыцьцядайнасьць.
Усё, што выракаецца Божай волі, ня ёсьць жыцьцяздольным.
Усё, што паклікана Богам да жыцьця мусіць жыць; усё, што няжыцьцяздольнае - будзе сьсечана і спалена.
Больш за 30 тысяч войнаў у гісторыі чалавецтва - гэта праява закона, што жыцьцяздольнае будзе жыць, а няжыцьцяздольнае будзе сьсечана і спалена.
І пытаньне ня ў тым, як пазьбегнуць вайны, а ў тым, як стварыць дзяржаву жыцьцяздольнай, а народ захаваць жыцьцядайным перад Богам. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
6. “Улада” ці ПРАВА
Пры “абраньні ўлады” людзі падсьвядома абіраюць сабе “ўладара” - таго, хто будзе імі “валодаць”. Добрага ці дрэннага, гэта ўжо як Бог дасьць. Тут галоўнае, што людзі падсьвядома скідваюць адказнасьць за супольную жыцьцяздольнасьць на “валадара”, на таго, хто будзе імі бліжэйшы час “валодаць”.
Калі ж у людзей фармуецца матывацыя да супольнай жыцьцяздольнасьці, да захаваньня і працягу жыцьця дзеля Божага прызначэньня чалавека, яны прызнаюць толькі Божае валадарства, Божую волю пры фармаваньні базавай жыцьцёвай матывацыі сваёй дзейнасьці, а народ, краіну яны прымаюць як Божы дар, за жыцьцяздольнасьць і жыцьцядайнасьць якіх яны адказныя перад Богам.
На свабодных празрыстых выбарах такія людзі абіраюць не “ўладу”, чытай “валадара” (імпэратара, караля, цара, генсека, прэзідэнта), а перадаюць асобным грамадзянам, якія пад Богам і перад Богам адказныя, права ўсталёўваць нормы права, захоўваючы адказнасьць за супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы за тымі, каму гэтае права перадзена і за сабой - за тымі, хто гэтае права перадаў.
У такім разе на выбарах грамадзяне “галасуюць” не “за” кагосьці, хто потым будзе “пераможцам” і будзе “ўладарыць/валодаць” электаратам.
Перадаць на свабодных празрыстых выбарах функцыю “ўлады” гэта не азначае перадаць асобным людзям “валадарства” (валоданьне) грамадзянамі (чалавекам), дзяржавай, краінай. Прыняць функцыю “ўлады” не азначае “валодаць” грамадзянамі, дзяржавай.
На выбарах грамадзяне “галасуюць” не “за” таго, хто будзе імі “валодаць”…, а перадаюць АБАВЯЗКІ І ПРАВА ўсталёўваць нормы права.
У дэмакратычнай дзяржаве (на палітычным і прававым полі якой функцыянуе зваротная сувязь паміж грамадзянамі, грамадзянскай супольнасьцю і інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня) права ўсталёўваць нормы права (а не “улада”) ёсьць інструмэнтам палітыка, атрымаўшы які ад грамадзян на празрыстых свабодных выбарах, і карыстаючыся якім ён, палітык, рэалізуе свае матывацыю, канцэпт і стратэгію супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы.
Дакладней “улада” разглядаецца не як функцыя “валоданьня”, а як суадносіны кампетэнцый, абавязкаў і правоў, акрэсьленых Канстытуцыяй і законамі.
Фраза “дадзенай мне ўладай” у такім разе азначае “дадзеным мне правам”. Дадзенасьць такога права пацьвярджаецца лігітымнасьцю (правамоцнасьцю) наданьня паўнамоцтваў карыстацца такім правам таму ці іншаму грамадзяніну на празрыстых свабодных выбарах.
7. Дык “улада” ці “права”?
І калі часам чуеш: “людзі абіраюць (сабе) ўладу”, варта разумець, што людзі абіраюць сабе не “ўладу”, а ўладара.
Яны абмяркоўваюць не свае дзеяньні, не свае абавязкі і правы ці кампетэнцыі, абавязкі і правы, належныя пасадзе прэзідэнта на дзяржаўным палітычным і прававым полі дзеля супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы. Яны абмяркоўваюць асобу, якая б гепатэтычна выконвала ўсе функцыі, у тым ліку й іхнія па забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы і якая б узяла ўсю адказнасьць за супольную жыцьцяздольнасьць на сябе.
Яны не ўяўляюць, што адмаўляючыся ад сваіх грамадзянскіх кампетэнцый, функцый, абавязкаў і правоў па забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, і абіраючы хоць на самых свабодных выбарах быццам бы “слугу народа”, яны “абіраюць” сабе чарговага “валадара”, які праз функцыю “ўлады” будзе над імі валадарыць і валодаць імі бліжэйшыя 4-5 год, а магчыма і пажыцьцёва.
Захоўваючы за сабой грамадзянскія абавязкі і правы, і найперш абавязак і права ажыцьцяўляць зваротную сувязь дзеля супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, пакідаючы за сабой адказнасьць за свае дзеяньні ў сфэры супольнай самаарганізацыі і супольнай жыцьцяздольнасьці, на выбарах грамадзяне перадаюць матываваным да супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы грамадзянам не “ўладу”, а права ўсталёўваць нормы права, празь якія рэгулюецца супольная жыцьцядзейнасьць грамадзянаў на дзяржаўным палітычным і прававым полі.
Толькі такім чынам можна пазьбегчы таго, каб які-кольвек палітыкан, у чарговы раз, не паспрабаваў праз “элегантную перамогу” захапіць інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня і, блякуючы каналы і механізмы зваротнай сувязі, стаць новым “валадаром” дзяржавы і яе насельнікаў.
Бо сярод палітыканаў заўсёды знойдзецца той, хто скажа “я ўсю адказнасьць бяру на сябе”, каб пад гэтым лёзунгам усталяваць сваё валадарства.
Гэта адбываецца тады, калі “грамадзяне” абмяркоўваюць ні як і што рабіць ім і грамадзянскай супольнасьці на дзяржаўным палітычным і прававым полі - як суб’ектам дзяржаўнага права дзеля супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, - а каго “абраць сабе “валадаром” (імпэратарам, каралём, генсекам, прэзідэнтам), каб той рэалізаваў іхнюю ілюзію - парашаў за іх усе задачы і праблемы супольнай жыцьцяздольнасьці.
Раней сапраўды жыцьцяздольнасьць дзяржавы грунтавалася на ДІФ-патэнцыяле аднаго чалавека - валадара, які рэалізоўваў свой ДІФ-патэнцыял праз функцыю “ўлады”. Але час паказаў няжыцьцяздольнасьць такіх дзяржаў, імпэрый.
Забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці сучаснай дзяржавы, якая рэалізуецца праз вырашэньне праблем (выклікаў) супольнай жыцьцяздольнасьці, патрабуе супольнага ДІФ-патэнцыяла ўсяго грамадства, які не магчыма рэалізаваць праз функцыю “ўлады”, але толькі праз правы і свабоды, праз прававое рэгуляваньне супольнай жыцьцядзейнасьці дзяржавы пры дзейсным функцыянаваньні зваротнай сувязі паміж суб’ектамі дзяржаўнага права.
8. Інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня
Гістарычна функцыя “ўлады” ў дзяржаве замацавалася за суб’ектам дзяржаўнага права - інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня, - калі “валоданьне” дзяржавай замацоўвалася за фараонам, імпэратарам, манархам, каралём, царом, ханам, генсекам, прэзідэнтам.
Аднак, у дзяржаве, у якой жыцьцяздольнасьць забясьпечваецца праз дастатковы супольны ДІФ-патэнцыял, на выбарах перадаецца не “ўлада”, а права ўсталёўваць нормы права, якое ёсьць функцыяй інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (ІДР). Грамадзяне гэтую функцыю - права ўсталёўваць нормы права - рэалізуюць на рэферэндуме. Прыняцьцё рашэньняў на полі ІДР адбываецца ў межах усталяваных нормаў (законаў).
Інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня (а не “уладараньне” - “ўлада”- “валоданьне”) ажыцьцяўляюць прававое рэгуляваньне супольнай жыцьцядзейнасьці ў дзяржаве ў межах сваіх кампетэнцый, абавязкаў і правоў, а не “ўладараньня-ўлады-валоданьня”, акрэсьленых дзяржаўным палітычным полем (Канстытуцыяй) і дзяржаўным прававым полем (рэгулюючым заканадаўствам - законамі).
ДЗЯРЖАЎНАЕ ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАНЬНЕ палягае ў прававой каардынацыі дзейнасьці вялікай колькасьці людзей для падвышэньня і эфектыўнага выкарыстаньня супольнага ДІФ-патэнцыяла дзяржавы дзеля яе супольнай жыцьцяздольнасьці (празь якую забясьпечваецца жыцьцяздольнасьць кожнага чалавека ў дзяржаве), дзеля жыцьцядайнасьці народа… дзеля захаваньня і працягу жыцьця народа… дзеля Божага прызначэньня чалавека…
На празрыстых свабодных выбарах грамадзяне не “абіраюць сабе ўладу” (таго/тых, хто будзе імі “валодаць”), а ПЕРАДАЮЦЬ АБАВЯЗКІ І ПРАВЫ функцыянаваньня на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня грамадзянам, якія праз усталяваньне заканадаўчых нормаў права і прыняцьцё рашэньняў у сфэры супольнай самаарганізацыі і жыцьцядзейнасьці дзяржавы забясьпечваюць яе супольную жыцьцяздольнасьць.
Не “ўлада” як вытворная ад “валадараньня/валоданьня” дзяржавай, а ПРАВА як функцыя ІНСТЫТУТАЎ ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГУЛЯВАНЬНЯ, празь якую ажыцьцяўляецца рэгуляваньне супольнай жыцьцядзейнасьці дзяржавы дзеля яе супольнай жыцьцяздольнасьці.
Таму ня “ворганы дзяржаўнай улады”, але інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня, дзейнасьць якіх рэглямэнтуецца кампэтэнцыямі, абавязкамі і правамі, акрэсьленымі Канстытуцыяй і законамі. Такі ж сэнс маюць і ворганы мясцовага рэгуляваньня і самакіраваньня, а ня “ворганы мясцовай улады”.
Пры перадачы на свабодных празрыстых выбарах права ўсталёўваць нормы права (ПУНП) і прыняцьця рашэньняў па забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, выбарчае права ня можа быць усеагульным, а выбары - таямнічымі. Перадача такіх паўнамоцтваў мусіць быць грамадзянскай справай, грамадзянскім абавязкам, г.з., што ў выбарах удзельнічаюць толькі грамадзяне, а галасаваньне павінна быць толькі адкрытым і пайменным.
9. Грамадзяне
Адметная роля ў забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы належыць грамадзянам.
Грамадзянства - гэта не пашпартна-нумарны ўлік падданых, якімі валодае праз функцыю “ўлады” ўладар.
Грамадзянства - гэта статус чалавека на дзяржаўным палітычным і прававым полі, празь які чалавек рэалізуе сваю матывацыю ў жыцьцяздольнай дзяржаве: незалежнай (г.з. залежнай ад супольнага ДІФ-патэнцыяла, ад вынікаў супольнай жыцьцядзейнасьці самаарганізаванага ў ёй народа), нацыянальнай (у якой захоўваецца супольны ДІФ-патэнцыял народа як аснова ягонай жыцьцяздольнасьці і жыцьцядайнасьці), прававой (г.з. супольная жыцьцядзейнасьць якой рэгулюецца не “ўладай”, а правам, законамі, перад якімі ўсе грамадзяне роўныя), дэмакратычнай (г.з. у якой эфектыўна функцыянуюць каналы і механізмы зваротнай сувязі). У такой дзяржаве грамадзянства ня можа быць усеагульным, а толькі свабодным: самастойна прымаемым і адказным за супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы.
Грамадзяне ня тоесныя “насельніцтву” ці “электарату”. Статус грамадзяніна азначае, што чалавек матываваны і здольны браць (і бярэ) на сябе абавязкі і правы па забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы і адказнасьць за яе супольную жыцьцяздольнасьць.
На выбарах грамадзяне, абіраючы праграму забесьпячэньня супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, прапанаваную пэўнымі грамадзянамі (палітычнымі партыямі) і ажыцьцяўляючы зваротную сувязь адносна дзейнасьці папярэднікаў, бяруць на сябе адказнасьць за рашэньне, каму яны перадалі права ўсталёўваць нормы права і прымаць рашэньні ў маштабе супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы.
Узурпатар імкнецца безадказна валодаць дзяржавай, г.з. без зваротнай сувязі… Матываваныя ж да жыцьця грамадзяне, могуць на свабодных і празрыстых выбарах атрымаць не “ўладу” - функцыю, празь якую ажыцьцяўляецца валадараньне над людзьмі, а права ўсталёўваць нормы права, права прыняцьця рашэньняў з наступнай адказнасьцю за вынікі карыстаньня перададзеным правам праз зваротную сувязь - дэмакратыю. (Дэмакратыя і ёсьць ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ, а ні якая ні “ўлада большасьці”)…
Як узьнікаюць “фюрэры-важдзі-бацькі”? Калі пры “дэмакратычных” (з большага) выбарах людзі перадаюць не права ўсталёўваць нормы права і адпаведныя абавязкі з наступнай адказнасьцю за вынікі карыстаньня гэтым правам і выкананьне абавязкаў праз зваротную сувязь, а абіраюць сабе “ўладара”, які праз функцыю “ўлады” будзе “валодаць” гэтымі “выбарцамі-электаратам”, блякуючы любую зваротную сувязь зь іхняга боку.
10. Свабода
Свабода ёсьць праявай матывацыі і здольнасьці чалавека да жыцьця, г. з. волі - праявай матывацыі і здольнасьці да пошука і самастойнага прыняцьця рашэньняў і адказнасьці за іхнія вынікі, і ўмовай да рэалізацыі волі - матывацыі і здольнасьці - да жыцьця, да захаваньня і працягу жыцьця, да супольнай жыцьцяздольнасьці выкарыстоўваючы свой асабісты ДІФ-патэнцыял.
Толькі пры наяўнасьці матывацыі і здольнасьці да жыцьця, да захаваньня і працягу жыцьця, якая рэалізуецца праз жыцьцядайнасьць народа і супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы, у чалавека фармуецца матывацыя і здольнасьць (воля) да свабоды.
У няжыцьцяздольнай дзяржаве, у якой бракуе супольнага ДІФ-патэнцыяла, у чалавека не фармуецца матывацыя ні да жыцьця, ні да свабоды - да адказнасьці за супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы.
Калі ў чалавека, пры адсутнасьці духоўнага апірышча народа (ДАН) не фармуецца матывацыя да жыцьця, да захаваньня і працягу жыцьця дрэва-народа, да супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы (якія фармуюцца праз любоў), у чалавека ня можа сфармавацца матывацыя і здольнасьць (воля) да свабоды як праявы здольнасьці да адказнасьці за супольную жыцьцядайнасьць народа і жыцьцяздольнасьць дзяржавы.
Чаму “свабодныя выбары” прыводзяць да дыктатуры?
Альбо свабода (адказнасьць) і перадача ПРАВА ўсталёўваць нормы права, прымаць рашэньні ў маштабе супольнай жыцьцяздольнасьці, з ажыцьцяўленьнем зваротнай сувязі адносна тых, каму перададзена гэтае права ўсталёўваць нормы права (законы).
Альбо не матываваныя да жыцьця і да свабоды “грамадзяне” “выбіраюць” сабе “ўладу”, г.з. абіраюць “уладара”, які будзе “валодаць” “выбаршчыкамі” праз ужываньне “ўлады” як функцыі “ўладараньня”. У гэтым выпадку зваротная сувязь не прадугледжаная і не функцыянуе.
Свабодная краіна - гэта жыцьцяздольная краіна, жыцьцяздольнасьць якой вызначаецца супольным жыцьцёвым ДІФ-патэнцыялам.
Няжыцьцяздольная дзяржава (краіна), г.з. без дастатковага супольнага жыцьцёвага ДІФ-патэнцыяла, ня можа быць свабоднай.
У грамадстве (для людзей), дзе матывацыйнымі жыцьцёвымі матыватарамі ёсьць не базавыя жыцьцёвыя матывацыйныя каштоўнасьці й інтарэсы, а розныя сымулякры-моркаўкі, свабода не патрэбная.
Без базавай жыцьцёвай матывацыі (БЖМ), без матывацыі супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы, свабода выглядае як сымулякр-моркаўка.
Свабода лёгка можа стаць сымулякрам, калі яна не зьнітаваная с супольнай жыцьцяздольнасьцю дзяржавы, з базавай жыцьцёвай матывацыяй, з Божым прызначэньнем чалавека.
Бог выводзіў народ зь егіпецкага рабства ня дзеля свабоды, але дзеля жыцьця… дзеля Бога.
Свабода ёсьць адной з умоў супольнай жыцьцяздольнасьці грамадства - умовай найбольш эфектыўнай праявы чалавекам свайго асабісага ДІФ-патэнцыяла, - пры наяўнасьці ў людзей сэнсавай матывацыі да жыцьця…, якая вынікае з Божага прызначэньня чалавека…
Права ёсьць інструмэнтам рэалізацыі чалавекам свабоды.
Права як інструмэнт/магчымасьць рэалізацыі чалавекам/грамадзянінам абавязкаў па забесьпячэньні супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы. “Правы” без абавязкаў забесьпячэньня супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы - захаваньне духоўнага апірышча народа, ажыцьцяўленьня зваротнай сувязі і г.д. - гэта праява паразітызму, які рана ці позна прывядзе да дэградацыі супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы.
11. Заканчэньне
Для людзей, матываваных да часовага зямнога існаваньня і вечнага жыцьця, крыніцай сэнсавай (дзеля чаго) матывацыі якіх ёсьць Бог, а мэтавай (навошта) - духоўнае апірышча народа, базавай жыцьцёвай матывацыяй у сацыяльнай (грамадскай) дзейнасьці ёсьць самаарганізацыя народа ў дзяржаве і супольная жыцьцяздольнасьць дзяржавы (палітыка) дзеля захаваньня жыцьця народа… дзеля Божага прызначэньня чалавека…
Паколькі супольная жыцьцяздольнасьць дзяржавы вызначаецца асабістым ДІФ-патэнцыялам грамадзян і супольным ДІФ-патэнцыялам народа (соцыюма) і эфектыўнасьцю яго выкарыстаньня, для матываваных да жыцьця і працягу жыцьця людзей паўстае неабходнасьць (матывацыя) адукацыі/асьветы (дзеля падвышэньня асабістага ДІФ-патэнцыяла і захаваньня супольнага ДІФ-патэнцыяла народа, фармаваньня матывацыі), свабоды (умовы і здольнасьці рэалізацыі асабістага ДІФ-патэнцыяла і адказнасьці за супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы і народа) і зваротнай сувязі (умовы падвышэньня і эфектыўнага выкарыстаньня супольнага ДІФ-патэнцыяла народа).
На пачатку 90-х год мінулага стагодзьдзя, з моманту чарговага этапа распаду маскоўскай арды і абвяшчэньня Беларусі незалежнай дзяржавай, людзі імкнуліся арганізоўваць жыцьцяздольную дзяржаву праз падвышэньне і эфектыўнае выкарыстаньне супольнага жыцьцёвага ДІФ-патэнцыяла. І толькі адзін чалавек хацеў мець “уладу”, каб “валадарыць” у дзяржаве, заблякаваўшы ўсе механізмы зваротнай сувязі, і “валодаць” ёю: зямлёй, людзьмі, супольнымі багацьцямі, паставіўшы супольную жыцьцяздольнасьць дзяржавы ў залежнасьць ад свайго асабістага ДІФ-патэнцыяла.
Такая сітуацыя непазьбежна вяла да зьніжэньня супольнага ДІФ-патэнцыяла (дэградацыі) і небясьпечнаму зьніжэньню супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы.
Ва ўмовах адсутнасьці хоць-якіх механізмаў і каналаў дзейснай зваротнай сувязі і заканамернай дэградацыі дзяржавы, паўстала задача адхіленьня “ўладара” з поля ІДР.
Аднак, адхіленьне ўладара-узурпатара з поля ІДР ня можа быць стратэгічнай задачай па вяртаньні дзяржавы да супольнай жыцьцяздольнасьці - толькі лякальнай, тактычнай задачай.
Каб вырашыць бліжэйшую лякальную задачу, неабходна мець перад сабой стратэгію - бачаньне сэнсаў і мэтаў, дзеля якіх вырашаецца лякальная задача, - якая палягае ня толькі ў часовым зямным існаваньні (кшталту “камунізма” ці “агульнага блага”), але і па-за ім.
Такімі стратэгічнымі задачамі ёсьць стварэньне прававых умоў дзеля падвышэньня і эфектыўнага выкарыстаньня супольнага ДІФ-патэнцыяла народа…, з мэтай стварэньня жыцьцяздольнай дзяржавы… дзеля захаваньня і працягу жыцьця народа як носьбіта супольнага ДІФ-патэнцыяла… дзеля Божага прызначэньня чалавека…
Прызываючы Божае Валадарства і Ягоную ўладу.