Жыцьцяздольнасьць нацыі

Jan 27, 2013 17:33


Зараз на Зямлі жывуць мільярды людзей. Напэўна мільярды людзей, дасьць Бог, будуць жыць надалей, сьмяняючы пакаленьні. Мільярды людзей жылі на Зямлі раней.

Сярод іх жылі і нашыя продкі, жыцьцяздольнасьць якіх уражвае. Войны, ня вельмі спрыяльныя прыродныя й кліматычныя ўмовы, эпідэміі і хваробы, і тым ня менш, гісторыя сьведчыць пра іхні вельмі высокі жыцьцёвы (духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны - ДІФ) патэнцыял. Нягледзячы ні на што, працягваецца павелічэньне колькасьці насельніцтва. Праз духоўнае апірышча падвышаецца здольнасьць да кансалідацыі, якая рэалізуецца ў розных формах дзяржаўнай самаарганізацыі.

Пра здольнасьць да кансалідацыі сьведчыць і тое, што шмат якія пабытовыя і грамадскія (сацыяльныя) праблемы людзі вырашалі разам: разам сяліліся, ставілі хаты і храмы,  супольна баранілі сваю зямлю ад ворагаў, дапамагалі ўдовам.

І ўся іхняя дзейнасьць суправаджалася захаваньнем, узбагачэньнем мовы, традыцыяў, культуры як досьведу жыцьця, духоўнага апірышча, рэлігійнасьці.

Матывацыя дзейнасьці продкаў была зьвязаная ня толькі (і ня столькі) з інстынктамі самазахаванья і працягу рода (якія ўласьцівыя механізму натуральнага адбора), колькі з разуменьнем (і прыняцьцем) - праз інстытуты духоўнага апірышча (мову, гістарычую памяць, нацыянальную самасьвядомасьць, рэлігійнасьць) - Божага прызначэньня чалавека на Зямлі, прагай Царства Нябеснага, вечнага жыцьця з Богам і ў любові да Бога. Знойдзеныя на нашай зямлі пахаваньні сведчаць, што сьветагляд нашых продкаў быў шчыльна зьнітаваны з успрыняцьцем працягу жыцьця ў вечнасьці пасьля сыходу ў іншы сьвет.

Здавалася б тэхнічны прагрэс, дабрабыт сучаснага грамадства робяць яго больш жыцьцяздольным. Але такое ўражаньне ўзьнікае толькі з блізку. З павелічньнем маштаба ўспрыняцьця рэчаіснасьці жыцьцяздольнасьць нашага грамадства не выглядае такой непахіснай. Больш за тое, такія сацыяльныя заганы як алкагалізм, наркаманія, суіцыдальны сындром, агульная атамізацыя грамадства, зьніжэньне матывацыі да працягу жыцьця (да нараджальнасьці), павелічэньне колькасьці абортаў. Як вынік -  тэндэнцыя да зьмяншэньня насельніцтва. І гэта ў адсутнасьці вайны, эпідэмій, прыродных катастроф.

Выглядае на тое, што наш як супольны жыцьцёвы патэнцыял (духоўны, інтэлектуальны, фізіялягічны), гэтак і розных сацыяльных груп зьніжаецца, што азначае дэградацыю грамадства.

Найбольш небясьпечным у агульным працэсе дэградацыі грамадства ёсьць нізкі ўзровень ЛЮБОВІ - стрыжня духоўнага апірышча, які ёсьць адным са складнікаў жыцьцёвага патэнцыяла як асобных людзей, гэтак і грамадства як жыцьцядайнай сістэмы.

Гэта і ня дзіўна. Бо толькі на роднай мове (мове народа, у якім чалавеку дадзена нарадзіцца і сярод  якога забясьпечваецца  ягоная жыцьцяздольнасьць) у чалавека ад нараджэньня (а магчыма і да нараджэньня) фармуецца стрыжань духоўнага апірышча - ЛЮБОЎ.

Менавіта ЛЮБОЎ робіць псыхіку (душу) чалавека здольнай да маштабнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці, суадносіць сусьвет вакол сябе і сябе ў сусьвеце (самаідэнтыфікаваць сябе), здольнай да свабоды, да кансалідацыі, да адказнасьці за дадзеныя Богам жыцьцё, народ, краіну, рыхтуе яе да рэлігійнасьці (сувязі з Богам, успрыняцьця Божай прыроды рэчаіснасьці), да ўспрыняцьця Божага прызначэньня як мэты жыцьця і праз гэтую мэту - успрыняцьце сэнсу і каштоўнасьці часовага зямнога існаваньня і вечнасьці жыцьця.

Толькі пры наяўнасьці дастатковага духоўнага апірышча - роднай мовы, любові, гістарычнай памяці, нацыянальнай самасьвядомасьці, нацыянальнай культуры, рэлігійнасьці - людзі набываюць здольнасьць да фармаваньня супольнага жыцьцёвага (духоўнага, інтэлектуальнага, фізіялягічнага) патэнцыяла, яго падвышэньня і эфетыўнага выкарыстаньня, да ажыцьцяўленьня зваротнай сувязі (дэмакратыі) паміж суб’ектамі дзяржаўнага права як механізма падвышэньня супольнага ДІФ-патэнцыяла і эфектыўнага яго выкарыстаньня.

Адсутнасьць дастатковага духоўнага апірышча фармуе псыхіку (душу) чалавека заблякаванай. Блякуецца ўсьведамленьне часовасьці зямнога існаваньня (як і ўсьведамленьне вечнасьці жыцьця), якога псыхіка без дастатковага духоўнага апірышча не вытрымлівае, і адпаведны сьветагляд, а мэтай (і сэнсам) жыцьця ўспрымаюцца сродкі жыцьця (“спажывецкі сындром”), што вядзе да адсутнасьці каштоўнасьці часовага зямнога існаваньня і адсюль - да дэпрэсіўнага стану. Такі стан у нашым народзе характарызуецца як “агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”.

Чалавек без дастатковага духоўнага апірышча ў стане заблякаванай псыхікі  і з адпаведным сьветаглядам не мае матывацыйнай каштоўнасьцю ў сваёй дзейнасьці супольную жыцьцяздольнасьць соцыюма і жыцьцядайнасьць нацыі (як носьбіта супольнага жыцьцёвага патэнцыяла). Ягоным матывацыйным інтарэсам не фармуецца захаваньне і працяг зямнога існаваньня жыцьцядайнага соцыюма, падвышэньне суполнага жыцьцёвага патэнцыяла нацыі як умовы забясьпечэньня супольнай жыцьцяздольнасьці.

У сваёй матывацыі чалавек у стане заблякаванай псыхікі нагадвае ракавую клетку: існуе толькі “тут і цяпер”, толькі для сябе, паразітуючы на “арганізме” грамадства. У такім стане псыхікі чалавека мала цікавіць (ці зусім не цікавіць) родная мова, культура, ды й наогул, супольная жыцьцяздольнасьць грамадства як жыцьцядайнай сістэмы. Для яго бяз розьніцы, на якім грамадстве (сістэме) паразітаваць.

Цяжка ўявіць сабе , каб у чалавека ў заблякаваным стане псыхікі пачала ўзрастаць любоў, Божая Любоў: любоў да Бога, любоў да бліжняга (як носьбіта супольнага жыцьцёвага патэнцыяла) як да самога сябе. Бо ў чалавека ў такім стане псыхікі і з адпаведным сьветаглядам нават да самога сябе як да Божага тварэньня любоў адсутнічае. Тое, што нам можа падасца як любоў, ёсьць насамрэч праявай інстынктаў самазахаваньня і працягу роду, якія ўласьцівыя стану заблякаванай псыхікі.

Дастатковы супольны ДІФ-патэнцыял робіць соцыюм жыцьцядайнай нацыяй, а матывацыйнай каштоўнасьцю дзейнасьці людзей - захаваньне і працяг існаваньня жыцьцядайнай нацыі ў бясконцасьці часу зямнога існаваньня дзеля Божага прызначэньня.

Можна казаць, што жыцьцяздольнасьць нацыі вызначаецца Божай воляй, спрыяльнымі вонкавымі (прыроднымі і кліматычнымі) ўмовамі, супольным ДІФ-патэнцыялам і эфектыўнасьцю яго выкарыстаньня.
Previous post Next post
Up