Feb 16, 2010 15:21
Колькі сябе памятаю, заўсёды ў мяне было нейкая захапленне збіраннем розных калекцыяў. У прынцыпе гэта працягваецца і зараз. Чаго я толькі не збіраў:
Маркі - збіраць пачынаў яшчэ мой брат, мне перайшло ў спадчыну. Потым я яшчэ вырашыў самастойна ўпрыгожыць вокладку альбома, чым зразумела яго толькі сапсаваў. Тэматыка ўсіх марак - розныя віды транспарту. Плюс быў альбом для ўсіх астатніх марак, напрыклад у апошнія гады саўку набываліся маркі з рознымі ленінамі, бо было зразумела што хутка гэта стане гісторыяй. Гэтыя альбомы захаваліся ў мяне і дагэтуль
Фанцікі з-пад жуек - ну гэта шмат хто збіраў. Я наклеіваў іх у альбом. Тэматыка так сама выключна машыны/матацыклы. Ну яшчэ права патрапіць у альбом мела ваенная тэхніка (была такая жуйка Laser з рознымі танкамі), але такія фанцікі я часцей мяняў. І гэты альбом так сама павінен дагэтуль недзе ляжаць.
Налепкі з бананаў - проста неяк аднойчы адарваў з банану і наклеяў на лядоўню, потым яшчэ, і яшчэ. У выніку сценка лядоўні была заклеена імі цалкам.
Фішкі - ну гэта асобная гісторыя. Была такая хрэнь калісці ў малодшых класах. Гралі ўсе і паўсюль. У мяне пачыналася з набытага набору з 15 фішак. Яны былі вялікія і пластыкавые, пры пэўным узроўні майстэрства прайграць імі было немагчыма. Таму мая калекцыя хутка была з некалькі сотняў фішак (у тым ліку шмат вельмі рэдкіх і ад таго каштоўных) і ўваходзіў я ў склад гуру, на чые фішкі спакушаўся шмат хто. Я ўжо нават і сам не граў, а здаваў фішкі ў арэнду пад вялікі адсотак з выйгрышу. Хаця і сам я канешне граў вельмі нават не блага. Так аднойчы я і мой сябар знайшлі на вуліцы адну фішку, а побач як-раз грала группа пацаноў. Пасля таго, як мы выйгралі ўсё, што ў іх з сабою было, мы вырашылі што сёння нам шанцуе і працягнулі шукаць поспеху па навакольных дварах. Дамой мы абодва вярнуліся з поўнымі кішэнямі фішак. Калі я перайшоў у іншую школу, там усе гралі толькі адным відам фішак. Таму мне як калекцыянеру гэта было зусім нецікава і ўся мая калекцыя хутка камусьці адыйшла.
Манеты - гэта я і дагэтуль збіраю. Па-першае ёсць у мяне калекцыя савецкіх юбилейных манет. Ну а па-другое аднойчы нехта мне падараваў капілку, у якой адразу пачалі збірацца манеты з розных краін, якія заставаліся пасля вандровак. Зараз там ужо нехапае месца, бо манет назбіралася з некалькіх дзесяткаў краін.
Значакі - куды падзелася ўся гэтая мая калекцыя не маю ніякага паняцця. А шкада, бо значакі працягваюць набірацца ў мяне і дагэтуль, але ўжо не сыстэматызавана і пра калекцыю казаць складана.
Магніцікі на лядоўню - пэўна складана зараз знайсці лядоўню без іх. Збіраю пераважна з выявамі гарадоў. Пакуль на лядоўне яшчэ шмат вольнага месца.
Праязныя - проста мне неяк стала шкада выкідваць іх у сметніцу кожны месяц (а мо проста мне лянота кожны раз іх выцягваць). Таму зараз у мяне іх назбіралася гадоў за пяць.
Музычныя інструменты - зусім нядаўняе захапленне. Хаця канешне гэта самае складанае для збірання. Амаль усе яны былі мне кем-небудзь падораныя. Невялічкі аркестр можна сабраць. Каб я яшчэ ўмеў нармальна граць хоць на чымсці.
Здаецца на сённяшні дзень гэта ўсё, хаця хто ведае што стане наступным. Такі вось я барахольшчык.