Паньства вясковае

Sep 08, 2012 03:10



Гавінавічы. Лахазва. Лазьня.




1916. Гавінавічы.
Былой Баранавіцкай вобласьці, былога Быценьскага павету. Падгорнай вёска стала ў 1964. Чым начальсцьву не спадабалася старая назва - Гавінавічы, хз - халера іх знаець. Неблагозвучно, мабыць было.



Мураваная царкоўка ўзведзеная ў 1827годзе па фундацыі Антонія Сьвяжынскага. Вось дзіва - што гэта за ракета ля званіцы? Ці не зьбіраюцца яе прыляпіць кудысь. Апошнім часам на царкоўках старых па новай модзе пачалі мяняць сьціплую бляху на крытыя золатам цыбуліны. І шклопакеты. Плюс сайдынг. Аграгламур у краіне, Попсгламур у царкве.



Трохі далей - рэшткі іншай камяніцы. Агульна ідэнтыфікую яе за гасппабудову. Мясцовая бабця кажа, што гэта былая панская стайня. Пасьля кліча свайго дзеда, той кажа - то быў магазын.



Дзед - Круглік Канстанцін Рыгоравіч - з 1932 року. Хваліць жыцьцё за Польшчай, бо можна было працаваць і мець. Памятае мясцовых паноў - да 39-га на вёсцы была маёмасьць Відухоўскага і Аскіркі, за ракою - Лёлюся.

Пагугліўшы, на дзіва знайшоў цэлы расповяд ацалелага Станіслава Відухоўскага.


Гавінавічы, 30-я гады. Відухоўскія з прыслугай. На ганку сядзібы, як я разумею. У верхнім шэрагу першы справа - гаспадар Караль Відухоўскі, крайні зьлева - упраўляючы Тадэвуш Пянткевіч. Другая ў ніжнім шэрагу - гаспадыня Сафія Відухоўская. Хлопчык - той самы Станіслаў (?).
Чытайце Наш край
Атрымліваецца, што тагачасныя паны Відухоўскія - звычайная сярэдняя кляса. Так, на тле сялянства яны былі заможнымі, хутчэй больш сучаснымі. Хаця ўтрыманьне прыслугі, па прыходзе чырвоных сталіністых, адразу аднясло іх да клясы эксплюататараў. Стары Форд, затым матацыклет Гекер - дзіва для вёскі, але аніяк ня чыньнік прыналежнасьці да нейкай магнатэрыі. Па прыкладу Відухоўскіх, апасьля матацыклі набылі паліцэйскі, дырэктар вясковае школы ды дзяк вышэйзгаданае царквы. Вось тагачаснае вясковае паньства.
Пасьля 39-га сям'я пераязджае ў Слонім, 41-ы - вайна, у 44-м Відухоўскіх гоняць у Нямеччыну за парабкаў. Такі бывае лёс.




Цяпер апошні гавінавіцкі Відухоўскі жыве ў Польшчы. На месцы іхняй сядзібы ўжо стаяць хаты вяскоўцаў. Дзед Рыгорыч распавёў яшчэ такую гісторыю. Пан Відухоўскі з ласкі ці за грошы пусьціў рагулю бацькоў Рыгорыча да свайго бычка швайцарскай пароды - на пакрыцьцё. Ад таго каханьня нарадзіла кароўка быка-асілка. І вагі ў ім было 800 кіль, а сілы ды дурасьці - яшчэ больш. Як убачыць чалавека - бяжыць ды коціць. Некаль чалавек на сьмерць забіў. І Рыгорыч пад тым бычком бываў. На мяса - нельга, бо племянны, вясковых каровак ня будзе каму крыць. Дык тады начапілі бычку на рогі дошку цяжкую драўляную.
Аддалі быка таго немцам на мяса. Біючы, стралялі аўтаматам у лоб - кулі паадскоквалі. Туша сталася мягчэйшаю. Ймя бычка гісторыя не захавала..

Рыгорыч пакінуў на памятку стары замок, з ключом для калекцыі. Давялося правесьці вобшук у дзедавай майстэрні, ператрэсьці скрыні рознага жалезьзя ды ахвяраваць бутэлькаю Налібокаў. Бартар, усё па-чэснаму.





На канцы сяла, па дарозе на Добры Бор - выспа, зарослая акацыяй. Некалі, прадраўшыся праз зарасьнік, са зьдзіўленьнем убачыў цагляную калюмну-капліцу. Хто ляжыць на цьвінтары - мясцовыя ўжо ня памятаюць. Новыя могілкі ў іншым месцы. Магчыма, дзяды вышэйпамянёных гаспадароў.
Хай соладка ім мроіцца на нябёсах ля Пана Бога, а нам жывым - добра ходзіцца на гэтай зямлі.



Гавінавічы, вёска, Баранавічы

Previous post Next post
Up