Jan 17, 2007 06:51
Падарожжа ў Бычкі
Гадзіньнік зазьвінеў а пятай гадзіне. Я расплюшчыў вочы і неахвотна падняўся з ложка. Хутка пасьнедаўшы, я вырашыў: еду!
Маршрут у Бычкі я прадумаў загадзя і цяпер хутка аднавіў яго ў памяці.
Раніца выдалася ня вельмі: дзьмуў сьцюдзёны вецер і пачынаўся дождзж. Завёўшы машыну, бацька спытаў мяне: ”Гатоў?”,- на што я адказаў: ”А як жа!”. І мы паехалі…
Прыпыніліся мы каля кальца, бо тут я павінен сысьці, каб аднаму працягваць сваё падарожжа. Бацька зьнік, а я адзін пачаў чакаць машыну. Счакаўшы паўгадзіны, я прыпыніў ”Масквіч”.
Кіроўца толькі спытаў мяне: ”Куды?”, а потым увесь час маўчаў. Вось і Сарочына. Спытаўшы ў “абарыгенаў”, я даведаўся, што аўтобус на Вушачы будзе праз 15-20 хвілін.
Аўтобус спазьніўся. Тым ня менш, я даехаў да Вушач і пайшоў браць білет. Прыпынка “Бычкі” ня існавала, г.зн. трэба ехаць да Кубліч.
Шаша, шаша… Колькі дзіўных назваў вёсак я пазнаў за гэты тыдзень: Старае і Новае Сёлы, Арэхава, Ваўчкі, Бычкі і г.д. Ня магу сказаць, што яны спрадвечнабеларускія, але ж і ня запазычаныя. Вось і Кублічы- маленькая вёска, якая дажывае свае апошнія гады у лясах Вушаччыны. Ад Кубліч да Бычкоў тры кілямэтры. Як пісаў Быкаў: “Родная мая мясьціна, мабыць, ня надта тыповая для раўніннай поўначы Беларусі- дужа зрыты рэльеф, пагоркі і лагчыны, раўкі, балацявіны і азёры. Азёраў дык нават зашмат- палявых і лясных, круглых, крывулястых, часам з голымі, а ў большасьці з аброслымі трысьнягом берагамі. Ну і, вядома, лясы. Чырнавокіх бароў, праўда, засталося няшмат- бары высякалі, асабліва пасьля войнаў- на будоўлю, дровы, на продаж…” Сапраўды, ідучы ў Бычкі, я ўбачыў гэтыя “краявіды”, а на лапіках палёў, пад лесам, рассыпаліся вёскі- невялікія з крывымі вуліцамі.
Вось і Бычкі. Дом-музэй Васіля Быкава стаіць там, дзе раней стаяў падворак- на самым краю вёскі. Абышоўшы яго з розных бакоў, я ўпэўніўся, што музэй зачынены, аб чым сьведчыў вялізарны замок. Старожку я знайшоў у асобе нявесткі Быкава- Быкавай Антаніны Аляксандраўны. Ад яе я і пачуў шмат новага і цікавага…
Ранейшую хату разбурылі, а новую рабілі аж у Вушачах. Самым цяжкім было класьці падмурак. Рыгор Барадулін, блізкі сябра Быкава, прыязжаў зь Менска, каб сваімі вачыма паназіраць за будаўніцтвам. Дарэчы, аднаўлялі ня толькі хату, а яшчэ пуні і хлеў. Праект адпавядаў тагачаснаму разьмяшчэньню пабудоў, але былі і недахопы. Напрыклад, будаўнікі, калі клалі печ, зрабілі яе меншай, чым яна была на самой справе,- і таму з’явілася адлегласьць паміж печчу і сьцяной. Сапраўдных рэчаў засталося няшмат: ложак, верацёны, посуд ды жорны. На сьцяне вісіць фатаграфія Быкава, дзе яму сямнаццаць з паловаю гадоў; у чырвоным кутку вісяць абразы ў просьценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары сьвятых угоднікаў. Між тым, картак Быкава у Антаніны Аляксандраўны увогуле ня захавалася- прыязжаюць карэспандэнты, абяцаюць адскаваць ды вярнуць, а потым бяруць лахі падпахі і зьнікаюць разам з карткамі. Я ж зрабіў шэсьць-сем здымкаў, якія планую разьмесьціць на сайце Лепельскага возера.
Між тым Антаніна Аляксандраўна расказвала аб тых, хто наведвае гняздо народнага пісьменьніка Беларусі. Тут былі і дзеці з Кублічскай школы, і сябры пісьменьніка зь Менска, і энтузіясты з Гародні. Ня усе ей падабаюцца. Мяне яна увогуле прыняла за журналіста і супакоілась толькі тады, калі я ей сказаў, што я наведваю месцы нараджэньня беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў.
Вельмі ўразіла тое, што у нявесткі Васіля Быкава няма ні
адной яго кнігі, таму я паабяцаў прывезьці ей апошнюю кнігу Быкава “Доўгая дарога дадому”, калі буду ехаць у Пуцілкавічы, на радзіму Пятруся Броўкі. Напрыканцы размовы я спытаў: “А якім Вы бачылі Васіля Быкава?”. На што Антаніна Аляксандраўна мне адказала: ” Для мяне ён быў простым вясковым хлопцам…” На гэтым наша размова скончылася: Антаніне Аляксандраўне трэба было йсьці ў аўталаўку, а мне плясьціся дахаты.
У Кублічах я сеў на “папутку”, якая ехала да Лепля. Пашанцавала дык пашанцавала! Едучы у машыне я разважаў: ” Бычкі наведаў, Воршу-там нарадзіўся Уладзімір Караткевіч-таксама, засталіся Пуцілкавічы; а у пачатку верасьня наведаю і Акіньчыцы з Вязынкай, веску Нізок, Уздзенскага раёна. А гэта толькі маленькая частка тых месцаў, якія я зьбіраюся наведаць! Толькі б хапіла моцы. Я засыпаў, а перад вачыма паўставаў надпіс, які я пакінуў ў хаце Быкава, у гасьцявой кнізе:
“ 10.07.2004 г.
Стваральнікам музея зычу усяго лепшага, каханьня, шчасьця, незалежнасьці!
Андрэй Лепель ”