Прадмова да Выставы салідарнасьці

Feb 04, 2011 12:59


Некалькі словаў перад уваходам
(аўторка прадмовы - адна з укладальніц Выставы й валянтэрка arlona)


Ідэя зладзіць "Выставу Салідарнасьці" узьнікла ў валянтэраў блізу сусьветнага, ці як яшчэ яго ў нас на Беларусі называюць, каталіцкага, Раства (Сьвята Хрыстовага Нараджэньня). Неверагоднае мноства людзей выявіла пасьля падзеяў на Плошчы сваю салідарнасьць з пацярпелымі: сотні(!) чалавек, пераламаўшы свой страх перад рэпрэсіямі ўлады, ня проста прыходзілі са словамі падтрымкі,  але і прыносілі неабходныя рэчы для сядзельцаў, дапамагалі зьбіраць і адвозіць па турмах перадачкі, падпісвалі паштоўкі ды інш. Вельмі хацелася хаця б у фотаздымках паказаць нашым героям, калі яны выйдуць з-за кратаў, як гэта ўсё адбывалася. Да таго ж людзі панадпісвалі вялічэзную колькасьць паштовак, канвэртаў, абразкоў і лістоў (значна больш нават, чым было арыштаваных), а хацелася, тым ня менш, каб яны не засталіся непрачытанымі - усе яны цёплыя, шчырыя, эмацыйныя і, нярэдка, мастацкія.

А яшчэ ў вітальні памяшканьня Управы БНФ былі вывешаныя вялікія чыстыя аркушы ватману, з просьбай да наведнікаў пакідаць словы падтрымкі вязьням, і яны за кароткі час цалкам запоўніліся гарачымі словамі людзкой салідарнасьці. Вось з тых аркушоў і пачалася Дошка салідарнасьці. Гэта яшчэ болей умацавала ў нас упэўненасьць, што выстава абавязкова мае адбыцца. Былыя арыштанты, трошку ўдыхнуўшы свабоды, пачалі прыносіць свае турэмныя малюнкі,  дзёньнікі, успаміны,  вершы,  ліставаньні паміж камэрамі, цыдулкі, турэмны посуд. А проста салідарныя - уласную творчасьць на тэму Плошчы, журналісты дадалі фотахронікі дзеля экспазыцыі.

Асабліва нас усіх уразіла вялізарная карціна, выгляд якой кожны дзень можа зьмяняцца, бо на ёй ёсьць магчымасьць кожнаму наведвальніку дамаляваць сябе. Ну а цьвіком выставы, зразумела, сталася зробленая ў натуральны памер акрэсьцінская камэра, над якой валянтэры працавалі і аздаблялі экспанатамі колькі дзён. Атрымалася цэлая экспазыцыя, якую мы адзінагалосна назвалі Выставай салідарнасьці. Падаецца, што ўва ўсіх нас разам атрымалася - паказаць грамадзе моц салідарнасьці, а вызваленым вязьням  - зрабіць прыемны падарунак на знак нашай падтрымкі)))

турма, тюрьма, салідарнасьць - гэна..., prison museum, тюремный музей, jail, , прадмова, турэмны музей, arlona, укладальніца Выставы, Выстава Салідарнасьці

Previous post Next post
Up