Кіно і Немцы, ЮННРА, Рут Уолер і Лошыца / Успаміны жывой сьведкі

Jul 16, 2014 10:23




Тацяна Грачанікава ля магілы Рут Уолер, Вайсковыя могілкі, 2013. Фота P.S.

З Тамарай Хведараўнай Місейчык на тэму вайны й пасьляваеннай дапамогі амэрыканскай я размаўляў апошні раз летась, па тэлефоне, на ўгодкі памяці амэрыканскай місыянэркі Рут Уолер, калі яе (Тамары Хведараўны) дачка, Тацяна Грачанікава, прыходзіла перадаць ад яе паклон. Сёлета Пані Тамара сама прыехала ў Менск, бо адзін фонд, назавем яго вельмі ўмоўна "Салідарнасьць", дакляраваў дапамогу (штопраўда, нешта там раптом не заладзілася, але не аб тым гаворка пойдзе). Таму, карыстаючыся выпадком, я вырашыў працягнуць нашую цікавую размову, што называецца, ужывую.



Пані Тамара, Серабранка, 2014. Фота P.S.

Пані Тамара, аці памятаеце Вы, як Немцы напалі на Савецкі Саюз?

Натуральна, мне ўжо было 9 гадоў, даволі дарослай дзяўчынкай была (сьмяецца). Раньнім браньскім (Браньск зараз Польшча / заў. кар.) ранком нас без рэчаў, пад гул самалётоў і выбухі зэнітак, пасадзілі на грузавік і павезьлі прасёлкамі на ўсход у калёне іншых машын, якія йшлі вельмі шчыльна, ледзь не датыкаючыся адна да днэй. З намі разом ехалі й пілёты, якія не пасьпелі ўзьляцець - ня быў гатовы СС да вайны. Укрутцы грузавік наш разбамбавалі й надалей мы дабіраліся ў рожны спосаб: на калёсах, пешкі, нат на параходзіку. Да Менску дапялі, калі ён ужо палымнеў. Казалі, што добра паддалі вагню савецкія падпальшчыкі - каб Немцом нічога не пакідаць.



Тамара Місейчык, 1941, 1946. Фота зь сямейнага архіву.

Гэна адзінае вашае даваеннае фота?

Ну так. Усё-ж пакінулі ў Браньску. Іншыя людцы нават і дакумэнты не пасьпелі схапіць. А гэнае фота захавалася, бо было дасланае ў лісьце сваяком як раз перад нападом.

Яшчэ траплялі пад бамбаваньне па дарозе?

Асабіста нашая сям'я - не. Быў выпадак, калі здавалася - усё, сьмерць, але пілёт спусьціўся ніска-ніска, паглядзеў, што жанкі й дзеці - і адляцеў.

А баяліся Немцоў? Дарэчы, падчас акупацыі сёнешняй Серабранкі не было, а Немцы жылі тут побач, празь Сьвіслач, у Лошыцкай сядзібе, дзе пасьля вайны месьцілася Вашае ЮННРА. Гэныя фота я адкапаў у архівох, калі шукаў матэрыялы пра Лошыцкую аўтарыю Панны Марыі:



Нямецкая акупацыя, 1941-1944. Фота архіўныя.

Неяк ня дужа. Ведаеце, у дзяцінстве ўсё па-іншаму. Ды й стасаваліся мы зь імі ня так ужо й часта. Пасьля таго, як уся нашая сям'я (бацька тады ўжо загінуў у цяжкіх баёх пад Смаленском / заў. кар.) правяла некалькі тыдняў у паліцыі, маму й брата Лёню, як партызаноў, забралі ў канцлягер, а мяне Немец завеў у сям'ю паліцая, няшчаснага чалавека, у якога была куча-мала галодных дзяцей, і прыгразіў кулаком. Але ў іх саміх не было чаго пад'есьць, таму мы часта бегалі да цягнікоў з нямецкімі жоўнэрамі, прасіць ў іх, лазячы пад вагонамі й хаваючыся ад патруля. Немцы дзяліліся. Потым мама й брат уцяклі з канцлягеру, знайшлі й забралі мяне ў партызанскі атрад. Маці распавядала, што начальнік лягеру, калі не дасылалі вязьням ежы, езьдзіў сам на асабістыя грошы набываць для іх каровіны маслы, кроў і вантробы.



Кадры пасьляваеннай кіна-фотакронікі.

А другое фота, пасьляваеннае, таксама адзінае?

Так, неяк ня ладзілася ў мяне з фота) Недзе ў 46-м. Гэна якраз тады, калі мяне ўладкавалі ў санатор, які паставіў мяне на ногі. 14 мне было, вучылася ў беларускай школе. Сэрца вельмі кволае было. Галодная вайна, доўгі час без бацькоў, пасьля жылі ў напаўпадвальным памяшканьні блізу Нямігі, ды й тады ня шмат было наедкоў - вось і захварэла на сэрца. Зусім слабáя была.

А што яшчэ яскравага запомнілася з тых часоў?

Трахвэйнае кіно - прыгожае, цікавае, каляровае. Яшчэ - як у выходныя мы штурмавалі "Першы" (кінотэатар / заў. кар.), каб паглядзець кіно задарма, хоць стоючы. Шмат паказвалі пра Тарзана, потым - "Багдацкі злодзей", здаецца, "Зора", "Зялезная маска", музычныя стужкі.



Кадры з "трахвэйных" кінастужак.

Дык гэна-ж не "трахвэйныя", а пірацкія)))

Так было напісана на ахвішах і ў тытрах. А ў працоўныя дні мы перапрадавалі квіткі.

А калі-б ня здолелі перапрадаць?

Такога не было) Квіткоў ніколі не хапала. Бывала, кіно пускалі нават ў напаўразбураных дамох. Праробяць вакенца ў сьцяне - і прадаюць зтуль квіткі. Яшчэ любілі бегаць па руінох, па горадзе. Праўда, там, бывала, і людзей забівалі. І чорную кошку малявалі - знак такі.
А на лячэньне Вас сама Рут Уолер уладкавала?

Аці-ж я яе ведала? Мама рупілася, а дзе вадзілі-каму паказвалі - Бог бацька! Так, каб асабіста - ня памятаю. Гэна потым ужо мама прыводзіла на яе магілу й казала, тут, маўляў, ляжыць пахаваная твая выратавальніца.

А гісторыю пра хлопчыкоў, якія тапіліся, распавядала?

Як Рут палезла ў возера іх ратаваць, пасьля захварэла - запаленьне лёккіх, мэнінгіт - і памёрла? Не, пра гэнае ўжо я нашмат пазьней даведалася, тады пра тое не казалі)



Тэд і Рут. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.

Раскажэце, калі ласка, пра лячэньне.

Санатор быў у Астрашыцкім Гарадку, яшчэ царскі, напэўно. Туды хворых дзяцей зьвязьлі. 5-разовае сілкаваньне, клапатлівы пэрсонал, гулялі ў лесе, у вялікай залі сьпявалі песьні. Пад канец у мяне адкрылася яшчэ й сьвінка, і ўсіх пакінулі ў карантыне. Сястра ля мяне і дзень, і ноч дзяжурыла. Усе былі радыя.)

Што там больш за ўсё ўразіла?

А ўсё было смачнае) Есьці ўжо ніколі болей не хацелася. Памятаю малако й рыбны тлушч, узвары з сухой садавіны, ігруш, рызынак, чарнасьліву. Самае галоўнае - штодня давалі вялікую шклянку чакаляднага напою. На гэнае забыцца ніяк не выпадае - такая смаката) І яшчэ я там упершыню пакаштавала жоўтыя й памаранчавыя фрукты. Пра тое, што гэна былі апэльсыны й мандарыны, я даведалася значна пазьней)



Лошыцкі маёнток. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.

А амэрыканскую дапамогу Вы атрымлівалі?

А хіба ГЭНАЯ была не амэрыканская?) Усе ведалі, што ў нас у крамах нічога свайго няма, апроч хлеба, карамелек ды, можа, бачкавых селядцоў, ды й наконт таго  вялікі сумніў маю.

Аці было ўвогуле што ў тых крамах?

А, ці ведаеце, былі такія крамы, "ліцерныя" называліся? - Мы туды бегалі "пазырыць". Там было ЎСЁ. Толькі нас задтуль выганялі. Дома ў нас такога не бывала.

З амерыканскай дапамогі сям'і Тамары Хведараўне больш за ўсё запомніліся вялікія кардонныя скрынкі, хутчэй за ўсё, "рацыёны", зь невялікімі, мабыць, парцыённымі, упакоўкамі; у слойках большага памеру - мясныя кансервы, мяккія, хутчэй за ўсё, сьвіныя; гароднінныя кансервы ў высокіх банках - нешта "нязвычнае й нясмачнае" кшталту спаржы (Пані Тамара чамусьці лічыць, што гэна былі нейкія зялёныя несалодкія бананы); лярд і цёмнае масла, хутчэй за ўсё, арахісавае. Як дзіця, яна запомніла больш прысмакі: вялікую плітку чакаляды, згушчанае малако, фруктовае павідла альбо джэм у рожных невялічкіх пакункох, печыва-галеты; а таксама маркізэтавую дзявочую сукеначку й сьветлыя адкрытыя пантофлі на невысокім абцасе.

Сыр, рыбныя вырабы й кансервы, бабы і гарох, садавіна-гароднінныя сокі, крупы розныя, какава- і кава-бабы, чай, фруктовы парашок, сырная паста, масла,сухое малако, цёплая вопратка - гэнае, відаць, да іхняе сям'і не даходзіла.



Дзейнасьць ЮННРА. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.

Партызанская даведка: Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН - Адміністрацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтоў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР. Улічваючы вельмі цяжкае эканамічнае становішча Беларусі пасля вайны, і было прынятае рашэньне аб аказаньні ёй дапамогі. У сьнежні 1945-га ў Вашынгтоне было падпісанае Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавароў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх дáлероў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945-1946 гг. Гэтыя сродкі вылучаліся на абнаўленьне гаспадаркі, забеспячэньне насельніцтва самымі неабходнымі сродкамі існаваньня: ежай, адзеньнем, абутком, лекамі і г.д. Гэная падтрымка беларускаму народу была надзвычай неабходная. Савет рэспублікі выказаў падзяку на адрэсу ААН.

Дапамога была даволі істотнай - з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезенае звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу-ж трапіла пад кантроль Бюро ЦК КПБ, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузоў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш. Бюро тады фактычна зьяўлялася вышэйшым ворганом улады ў БССР.

Аднак гэная гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархоў была пахаваная на доўгія гады - яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946-га Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладох і гутарках прыводзіць будзь-якія лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытаньні дапамогі з боку ЮННРА”.

http://www.belaruspartisan.org/blogs/navicki/16547/

Тамара Місейчык, Тацяна Грачанікава, амэрыканская дапамога, ЮННРА, Рут Уолер

Previous post Next post
Up