"Гэна трэба ня мёртвым. Гэна трэба жывым."/ Юбілейная Талака ў Курапатох

Jun 03, 2013 01:51


И пусть - по христианским канонам - «мертвые сами хоронят своих мертвецов». "Советская Белоруссия" пра Мэмарыял "Курапаты", 2009.

Завяршыўся І-ы этап Талакі ў Курапатах, прысьвечаны  25-годзьдзю адкрыцьця "Курапатаў" (публікацыі артыкула З. Пазьняка й Я. Шмыгалева ў ЛіМе “Курапаты - дарога сьмерці” 3.06.1988.), распачаты 25-га траўня. Прыйшоў час падвесьці рахунак, распавесьці грамацтву, якія мэты ставіліся, што зробленае, чаго хацелася-б яшчэ, якія цяжкасьці былі, якія адметнасьці акцыі. Дамо слова каардынатарцы ініцыятывы "За ўратаваньне Мэмарыялу "Курапаты"", грамацкай актывістцы Ганьне Шапуцьцы:

- Папярэдне, хто быў арганізатарам і якія мэты акцыі, калі ласка, Ганна.



- Талаку заарганізавала ініцыятыва "За ўратаваньне Мэмарыялу "Курапаты"". Мэтай акцыі было, па-першае - прыцягнуць увагу грамадства (высілкоў адной партыі КХП-БНФ яўна не хапае) і, галоўнае, дзяржавы - да стану, у якім апынуўся  Мэмарыял "Курапаты". Асабліва з боку “БульбашЪ-холу”- там наўкол сьмецьце, шашлыкі, выгул сабак, п’яныя кампаніі й іншыя вычварэнствы: шпрыцы, бутэлькі... Усе парасло хмызьняком, кустоўем, вакол выкіненая мэбля, будаўнічыя блёкі, горы асфальту і г.д. Нават ня бачна магіл-ямін! І гэнае нягледзячы на тое, што "Курапаты" - помнік Першай катэгорыі міжнароднай значнасьці! Дзяржава за 25 год існаваньня Мемарыялу не зрабіла НІЧОГА дзеля упарадкаваньня "Курапатаў", быццам там не замардаваныя сотні тысячаў нашых суайчыньнікоў! І гэнае негледзячы на тое, што яшчэ ў 1989-ым была прынятая Пастанова Савета міністроў Рэспублікі Беларусь “Аб увекавечваньні памяці ахвяраў масавых рэпрэсыяў 1937-41 гадоў ў лясным масыве "Курапаты"".

Па-другое - прыцягнуць увагу грамадства да падзеяў, якія адбываюцца вакол Мэмарыялу "Курапаты". Гэна - злачыннае будаўніцтва ў ахоўных зонах Мэмарыялу, якое вядзецца забаўляльным комплексом “БульбашЪ-хол”. Гэна ёсьць парушэньнем заканадаўства, парушэньнем ўсялікіх нормаў  маралі.

Ну і трэйцяе - практычная задача: выдзяліць частку Курапацкага лесу й упарадкаваць яе з дапамогай дзяржавы й грамацтва.

- Што вы прадпрынялі для гэнага, Ганна?




- Папярэдне мы з У. Раманоўскім  дамовіліся зь лясьніцтвам аб тым, што лясьніцтва будзе рэзаць кусты й дрэвы, а мы будзем выцягваць і выграбаць. Перад Талакой адбылося две сустрэчы зь лясьніком і быў узгоднены плян дзеяньняў. Але ў апошні момант лясьніку сьпецслужбы забаранілі. Меліся сарваць Талаку. Але-ж мы вырашылі зрабіць сваімі намаганьнямі тое, што зможам, і зрабілі нават болей, як чакалі. У рэшце рэшт, пад канец акцыі улады ўсе-ж-такі далучыліся да нас і дапамаглі вывезьці з тэрыторыі Мэмарыялу вялізныя горы кустоўніка, сьмецьця, сухастою, гальля.

- Як ішоў працэс, якія падзеі адбываліся падчас Талакі? Якія вынікі акцыі, Ганна?




- За тыдзень удзел у Талацэ прынялі больш за 120 чалавек, як проста неабыякавых грамадзян, так і сябраў розных партыяў, арганізацыяў: "Малады Фронт", "Альтэрнатыва", "Эўропейская Беларусь", ОГП, БХД, "Гавары Праўду" і яе моладзевае крыло "Зьмена".  Група "За Волю" прыняла актыўны ўдзел, бо ўзьнікненьне й існаваньне сёньня палітвязьняў ёсьць працягом рэпрэсыўнай палітыкі камуністычнага рэжыму Савецкага Саюзу. Кожны дзень працавала блізу 20 чалавек, а першы дзень нават каля 50. Былі хлопцы, якія працавалі штодня.

Падпісалі  Адкрыты Зварот да тых, хто дазволіў і ажыцьцяўляе будаўніцтва “БульбашЪ-холу” (накіравалі уладальніком “БульбашЪ-холу”, інвестаром, заказчыкам, міністру культуры Б. Сьвятлову, старшыні менскага аблвыканкама Б. Батуры, Генпракурору А. Канюку). Адбыліся сустрэчы ўдзельнікоў Талакі з архэёлягом М. Крывальцэвічам і краязнаўцом-этнографам, бардом А. Галічам. Аб’яўлены ёсьць збор ахвяраваньняў  на крыжы, якія плануецца усталяваць у Мэмарыяле з боку “БульбашЪ-холу”. Сустрэліся з прадстаўнікамі менскага райвыканкама й дамовіліся аб супольных далейшых дзеяньнях па ўпарадкаваньню Мэмарыялу. Расчысьцілі ад кустоўя, гальля, смецьця вялікую частку тэрыторыі Мэмарыялу, з аднаго боку нават дайшлі амаль да Крыжовага Шляху. Мы рэзалі, зьбіралі, зносілі, складалі ў вялікія гурбы, а вывозілі ўжо без нас. Частку мы спалілі, натуральна з дазволу лясьніцтва. Яшчэ пасадзілі кветкі.




Падчас Талакі было некалькі кур'езных момантоў: напрыклад, нехта патэлефанаваў у міліцыю й паведаміў, што мы займаемся лесанарыхтоўкай. Вось каб усе былі такімі дбайнымі, калі справа тычыцца Мэмарыялу! Міліцыянты прыехалі, паглядзелі на горы сьмецьця й хмызьняку, пажадалі нам добрай працы, а адзін зь іх падпісаўся пад Зваротам супроць "БульбашЪ-холу".

Хочацца сказаць усім удзельніком Талакі вялікі дзякуй. І асабліва вялікі дзякуй хлопцам, якія не прапусцілі аніводнага дня Талакі і дзякуючы якім у нас атрымалася так хутка й якасна расчысьціць тэрыторыю Курапацкага лесу. Ну й лясніцтву асаблівы дзякуй!

І яшчэ. Мы зьвяртаемся да ўсіх, хто ня здолеў па тых ці іншых прычынах узяць удзел у І-м этапе Талакі: працы на Мэмарыяле працягваюцца - мы чакаем на вас кожны аўторак а 17:00. Далучайцеся!

- Дзякуй і вам, і за працу, і за цудоўнае інтэрвію, Ганна. Абяцаю выбраць дзень, каб таксама прычасьціцца да гэнай пачэснай справы.




Так выглядае ўчастак Мэмарыялу пасьля Талакі.

Куропаты, Курапаты, Мэмарыял, турэмны музей, дэнацыфікацыя, турма, тюрьма, prison museum, тюремный музей, музэй турмы, міністэрства культуры, , jail, таталітарызм, дэсавецізацыя, Талака, Ганна Шапуцька, гэстапа-нквд, Museum of Тotalitarianism and Solidarity

Previous post Next post
Up