Незаконныя затрыманьні
2010/12/19. я быў адвольна затрыманы невядомымі амапаўцамі (без бэджаў) каля ганка левага крыла (глядзець плян на Скарга 1.1.) Дома Ўрада (па адрэсе вул. Савецкая, д. 11.), дзе выконваў свой абавязак законапаслухмянага грамадзяніна па абароне дзяржаўнай уласнасьці, а менавіта - вышэйазначанага будынка. Будучы журналістым і блёгэром, я прыйшоў туды разам з жонкай, Грачанікавай Тацянай Анатолеўнай (глядзець Фота 1.), узяўшы з сабой фотакамэру й дыктафон, з мэтай асьвятленьня ў СьМІ выбарчай кампаніі. Там мы й знаходзіліся, спачатку - у групе гэнткіх-жа журналістых, фотакарэспандэнтоў і відэёапэратароў.
Аднак, падчас пагрому Дома Ўраду правакатарамі ці грамадзянамі, незадаволенымі фальсыфікацыяй вынікоў выбароў (у далейшым тэксьце я буду называць іх коратка - правакатары), я змушаны быў скласьці зь сябе свае журналісцкія абавязкі і, як мужчына і грамадзянін, ахоўваць і абараняць левы фланг, што дастаўся мне, ад непрадуманых дзеяньняў вышэйазначаных незадаволеных, бо гэныя дзеяньні маглі пацягнуць за сабой ня толькі нанясеньне матэрыяльнага ўрону дзяржаўнай, то бок маёй, маёмасьці, але й неабгрунтаваныя гвалт, разгон і зьбіцьцё многіх тысячаў невінаватых мірных грамадзянаў (што ў далейшым і адбылося, бо дружыньнікі не здолелі адбараніць ад правакатараў франтальны ўваход).
Убачыўшы, што правакатары пачалі грукаць кулакамі па шыбах і зь сілай тузаць плястыкавыя дзьверы левага крыла, за якімі знаходзіліся работнікі міліцыі (глядзець Скарга 1.2.), я перашкодзіў іх дзеяньням, заявіўшы, што зьяўляюся дружыньніком (з гэнай мэтай я накінуў на плечы нацыянальны, гістарычны і дзяржаўны 1991-1995г.г. сьцяг) і не дазволю ім наносіць шкоду дзяржаўнай маёмасьці. намовамі, гвалтом і пагрозамі зьняць на фота й перадаць матэрыялы унутраным ворганам, разом з маладым хлопцам, які прыйшоў мне на дапамогу, і жонкай, мне ўдалося спыніць правакацыі. Аднак на месца тых, што сыйшлі, празь некаторы час прыйшло цэлае адзьдзяленьне пераапранутых ў грамадзянскую вопратку агентоў, якіх я адпачатку прыняў за правакатараў (глядзець Фота 2.). Таму не сышоў з ганку сам і не даў сыйсьці жонцы - баяўся паўторных правакацыяў. Час ад часу я ўключаў камэру (глядзець у Відэё 1.).
Калі нас сагналі з ганка для пагрузкі ў МАЗы-"аўтозакі", я, схаваўшы сьцяг, працягнуў здымку (глядзець Відэё 2.), мяне нечакана ўдарыў нагой нейкі міліцэйскі камандзер (уся міліцыя была без бэджаў). У мой адсутнасьць іншы амапавец у чорнай масцы напаў на маю жонку, зьбіў яе і адабраў шалік з надпісом "Беларусь", сарваўшы яго з шыі жонкі разам са скурай. Яе, заплаканую і зьбітую, я ўбачыў толькі на наступны дзень у РУЎС, дзе таемна перадаў ёй апаратуру ў надзеі, што хоць цяжкахворую жанчыну (з дыягназам "рак") не асудзяць. Для гэнага мне прыйшлося зрабіць цэлы шэраг дзеяньняў, апісваць якія ў цяперашні час няма магчымасьці.
З часу затрыман ьня, якое суправаджалася абразамі з боку амапаўцаў і масавымі зьбіваньнямі затрыманых (у нашай каморы на 10 чалавек, напрыклад, зьбітыя былі пяцёра, з іх 3 чалавекі атрымалі траўмы галавы, (глядзець Дзёньнік, тэкставая вэрсыя)), і да моманту расьсяленьня па каморах раніцой 2010/12/21., то бок больш за суткі, нас марылі голадом і не давалі магчымасьці спаць, бо ўвесь гэты час мы стаялі ў МАЗох (Фота 3.), калідорох, падвалох і на дварох, сядзелі толькі ў судзе перад працэсамі. І падчас затрыманьня на плошчы, і ў РУЎСе, я чуў жаночыя крыкі. У РУЎСе мне прыйшлося заступіцца за калеку, якога абражалі міліцыянты, хоць таму гэна мала й дапамагло, і паскандаліць за вывад у прыбіральню. Вадой там таксама не паілі й не кармілі. Аб тым, што я не ўдзельнічаў у мітынгу, а знаходзіўся на адлегласьці ад яго, ахоўваючы й абараняючы Дом Ураду, я даваў тлумачэньні пры складаньні пратаколу аб адміністрацыйным затрыманьні. Тое-ж, як выявілася пазьней, сьведчыла жонка. Нас абшукалі, адабралі рэчы, двойчы вадзілі на відэёздымку і адзін раз на дактыляскапаваньне. Сядзець не давалі.
Судовы канвэер і абскарджаньне прысудоў
Суды 2010/12/20. праходзілі вельмі хутка, без сьведак і адвакатаў, на падставе напісаных пад шаблён пратаколаў затрыманьня. Праваабаронцы, якія знаходзіліся ў будынку суду, гэнтак-жа ня былі дапушчаныя. Тэлефоны ад нас былі адабраныя, таму паведаміць родным, праваабаронцом, адвакату або прадстаўніку магчымасьці ня мелася. На мае пярэчаньні па сутнасьці абвінавачаньня і працэдуры с удовага працэсу судзьдзя Завоцкага р-ну г. Менску Лапцева А.У. прыстрашыла мяне павелічэньнем тэрміну пазбаўленьня волі. Дала 10 сутак арышту. На пярэчаньні жонкі, Грачанікавай Тацяны Анатолеўны, судзьдзя Завоцкага р-ну г. Менску Някрасава Е.Т. адмерала ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На працэсе ў мяне адсутнічалі абодва сьведкі абвінавачаньня, у Тацяны - адзіны(!). Сьведкі абароны наогул не былі дапушчаныя. Не было паведамлена ў абодвух выпадкох, што за абскарджаньне трэба будзе плаціць падаток. Прысуды у частцы абвінавачаньняў абсалютна ідэнтычныя, як і тыя, зь якімі мне ўдалося азнаёміцца пазьней ў турэмнай каморы, адрозьніваюцца толькі тэрмінамі арышту (глядзець Пастановы 1.1., 1.2., 2.1., 2.2.). Тацяна й я, седзечы ў турмах рожных гарадоў, абскардзілі гэтыя пастановы (глядзець Скаргі 1.1., 1.2., 2.1., 2.2.). Абедзьве скаргі былі пакінутыя без разгляду (глядзець Адказы 1., 2.), прычым мая йшла да суду 9(!) дзён, а Тацяніна - 6. Прычына адмовы была адна: нявыплата падатку за падачу скаргі. Ні Тацяна, беспрацоўная (глядзець Пастанова 2.), ні я (звольнены пасля сутак) ня мелі магчымасьці аплаціць гэныя скаргі, бо нам было ў парушэньне Правілаў (глядзець Умовы ўтрыманьня ў турме і катаваньні) забароненае карыстацца тэлефонам для сувязі з роднымі, праваабаронцамі, адвакатом або прадстаўніком (глядзець Адказ 3.). Мне не была выдадзеная даведка аб тым, дзе я знаходзіўся 2010/12/20. (г.зн. у РУЎСе, у судзе, у жодзінскай турме), што ў далейшым паслужыла адной з прычынаў майго звальненьня з працы па артыкуле за прагулы (глядзець Звальненне з працы па артыкуле "за прагулы"). Усім, хто даводзіў судзьдзям сваю невінаватасьць (акрамя мяне) тэрміны арышту сапраўды дадаваліся. Напрыклад, у каморы № 6 Т-8, дзе я сядзеў, Дзьмітрыю Мікішыну далі ня 10, а 11 сутак. Усе пастановы напісаныя ў сьпешцы, па шаблёне. У многіх стаяць няправільныя даты. Напрыклад, у маёй пастанове чатыры разы згадваецца не 2010 год, а 2009(!). Акрамя таго, судзьдзя ў пастанове піша пра мяне ў жаночым родзе: "выкрыквала лозунгі".
Умовы ўтрыманьня ў турме і катаваньні
У жодзінскай турме нас расьсялілі па каморах толькі раніцой 2010/12/21, таму дзень, вечар і ноч пасьля суду 2010/12/20 мы ўтрымоўваліся ў набітых МАЗох-"аўтозакох", стаялі на вуліцы і ў калідорах турмы, чакаючы прыняцьця. Нас не кармілі і не давалі вады. Падчас ператрусоў я чуў крыкі зьбіваных. Нас прымушалі голымі прысядаць, а сьцягі ада ўсіх адабралі без вопісу. Пры спробе с
гвалтом адабраць сьцягі (асабіста ад мяне), як то: нацыянальны сьцяг і сьцяг Эўрозьвязу, я запатрабаваў выкліку начальніка СІЗА, якому аргументавана давёў, што яны ёсьць маемі асабістымі рэчамі. Таму я стаў адзіным, ад каго сьцягі не адабралі. Па калідорох мы павінныя былі перасоўвацца толькі бегам. 2010/12/22 аднаму з затрыманых давялося спаць на стале, бо на 10 ложкаў там знаходзілася 11 затрыманых. Памыўкі былі настолькі кароткімі, што ў першы раз я проста не паспеў памыцца. У наступны раз мы проста мыліся пад адным душам ўтрох адначасова. Парушаліся Правілы ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў ўнутраных справаў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту і ў частцы штодзённых шпацыраў, парушэньне было ліквідаванае толькі пасля майго асабістага звароту да начальніка СІЗА. У пачатку арышту арыштаваным не перадаваліся папера, асадкі, капэрты, што гэнтак-жа было ліквідаванае толькі пасьля майго асабістага звароту да начальніка СІЗА. Ежа была мярзотнай па якасьці, ледзь цёплай, таму многія адмаўляліся есьці, хоць нам былі забароненыя прадуктовыя перадачы. З-за забароны карыстацца тэлефонам нашы з жонкай, ды і іншых арыштантаў, сваякі ці знаёмыя не здолелі даведацца, што мы сядзім у турме. Таму мы ні разу не атрымалі перадачаў ад родных або бліскіх. Пасьля выхаду на свабоду я не змог перадаваць хворай жонцы неабходнае, бо з працы мяне не адпускалі нават па пісьмовых заявах (глядзець Заява для перадач). Па сьценах бегалі прусакі. Пашкоджаны рукамыйнік і забіты ўнітаз нам давялося рамантаваць самем. Пітной вады спачатку (да перадачаў) у нас не было, як не было і туалетнай паперы. Пачак міліцэйскіх пратаколаў, скрадзены мною ў РУЎСе (там таксама не было туалетнай паперы), ужо скончыўся, калі ахоўнік даў нам палову кніжкі "Як гартавалася сталь" (глядзець Фота 4.). У просьбе даведацца пра лёс маёй хворай і зьбітай жонкі мне было адмоўлена. На другую падобную просьбу мне было прапанаванае напісаць ліст на адрэсу менскага СІЗА (глядзець Фота 5 (копія ліста).). Аднак адказу я не атрымаў, як роўна майго ліста не атрымаў і адрэсат. Пасля доўгай адсутнасьці выніку я вымушаны быў абвесьціць сухую галадоўку, якая працягвалася трое сутак, пакуль начальнік СІЗА не паведаміў мне, што жонка сядзіць у менскай турме, прысуд - 15 сутак арышту. Падчас сухей галадоўкі я штодня выклікаў лекара, але медыцынская дапамога мне не аказвалася або ўрач навогул не зьяўляўся. Яшчэ раз хачу адзначыць, што на мае заўвагі начальнік СІЗА рэагаваў адэкватна, і ўсе, акрамя адсутнасьці тэлефона, прычыны скаргаў выпраўляў. Навалачка падушкі была йрванай і залатанай абы-як. Але больш за ўсё нязручнасьцяў дастаўляла сьвятло па начах: дрэнна засыпалася, дрэнна спалася і па раніцах рэзала ў вачах. У парушэньне Правілаў нікому не выдаваліся настольныя гульні. З-за адсутнасьці тэлефона якая-кольвечы юрыдычная дапамога або спатканьні былі немагчымыя, не кажучы аб аддаленасьці ад Менска, якая абцяжарвала аказаньне дапамогі навогул.