Я ведаю, КАЛІ І ЧЫМ УСЁ ГЭТА СКОНЧЫЦЦА (дачытайце тэкст да канца!).

Sep 28, 2020 16:34



Я не стаўлю смайлік. Калі я напішу, што я аптыміст, таму што я РАЗУМЕЮ ПРЫРОДУ РЭЧАЎ і ў тым ліку тое, што за фэномен уяўляе сабой “Беларусь лета 2020", не-гуманітарыі, як у савецкі час казалі, - “фізікі”, скептычна ўсміхнуцца.

Прапаную: вярніцеся да майго рамантычнага паста на ФБ ад 19.08. Ён называецца “Будзьце аптымістамі : дыктатар хутка застрэліцца…”. Там я дзялю партфелі будучага урада Беларусі. Паглядзіце, наколькі мая віртуальная феерыя наблізілася за паўтара месяца да рэальнасці. Чытайце той доўгі тэкст ад пачатку толькі да абзаца, які пачынаецца словамі: “Для азнаямлення маладых змагароў …” . Гэта старонкі паўтары.

Чаму я аптыміст?

На апошнім маршы пратэсту маладыя айцішнікі, аднагодкі майго большага ўнука з Новай Баравой, які ўчора разам з усёй фірмай вымушана прызямліўся ў Кіеве, бо ў арэндных памяшканнях пачаліся маскі-шоў, падчас якіх граміліся і soft- і hard ware, дык вось гэтыя маладыя пратэстоўцы, бачачы маё шкандыбанне ў калоне, казалі мне з сяброўскай усмешкай “Спасибо!”.
Мае мілыя хлопчыкі, яны думаюць, што з іх усё пачалося! Я не крыўдую, я цешуся, што за 25 гадоў з-пад асфальту выраслі кветкі. Як мог, далікатна, каб не пакрыўдзіць, я патлумачыў ім, што наш марш - частка нашай беларускай гісторыі, якая - кантыніум даўжынёй на паўтары тысячы гадоў. Пасля Полацка, ВКЛ, БНР, БелЛіт, БССР было і ціхае і гучнае беларускае дэсідэнцтва: “Паддашак”, “Майстроўня”, “Талака”, БНФ (перапоўнены стадыён ДЫНАМА на 150 тысяч з мікрафонамі і спевам Сяргея Сокалава-Воюша), РБ, 25 жніўня 1991 г. (канстытуізацыя Дэклярацыі аб ДзС), галадоўка дэпутатаў БНФ супраць крымінальнага рэферэндуму 11-га красавіка 1995 г. (200 гарыл з удзелам пецярбурскіх спецпадраздзяленняў білі 19 беларускіх парламентароў) …

Гэтым летам, як і на пачатку 90-х, подых свабоды не зваліўся нам на галаву, як любяць штампавана пісаць незычліўцы беларускага. Ці ж бы маглі адбывацца маршы гэтым летам без БЧБ-сцягоў і Пагоні? Вы помніце, як развіваліся пратэсты. Не магло ж стаць сімвалам пратэсту нешта кшталту газавай гарэлкі …

За сімаваламі стаіць гісторыя. Нацыянальная гісторыя. Усякая гісторыя ведае ВЯЛІКІ ЗБЕГ АБСТАВІНАЎ ды народны розум і фатальныя памылкі нелюдзяў. Няважна, хто што задумваў. Няважна, на якія грошы. Атрымалася тое, што атрымалася.

Учора ў Серабранцы жанчыны на прыпынку аўтобуса чыталі з улёткі на слупе ўголас на расійскай мове (і гэта добра!) тэкст пра БЧБ-сцяг, пра расійскі трыкалёр і генерала Ўласава. Радасна. Перамагаем тупую кадэбэшную прапаганду.
Я разумею, што не можа быць канчатковай развязкі беларускага вузла ТУТ І ЦЯПЕР. Мне 80 гадоў, але я вясёлы і шчаслівы. Столькі працы наперадзе! Я - па свойму містык. Я ведаю, што праз некалькі дзён я пайду з сябрамі ў “Галерэю Ў” на Кастрычніцкай. Для мяне там містычным чынам, як ікона з рачной плынню., з’явілася на “трамвайных шпалерах” мая фізіяномія з “камароўскім” вазком. Там будзе наш беларускі легальны “паддашак” 2020-га года. Мы --наведвальнікі кавярні. У інтэр'еры і на пленэры. Там мы будзем рабіць беларускія перформансы “Трамвай жадання”. Тэнесі Вільямс прабачыць нам плагіят.


У мяне добрая сям’я. Жонка мая, ужо нябожчыца, ляжыць на вясковых беларускіх могілках. На магіле на гранітнай стэле побач з прозвішчам і датамі жыцця “лірычнымі” літарамі надпіс”: “Нарадзілася ў Маскве, любіла Беларусь”. Яна была добрая. Яна пісала па-беларуску добрыя дзіцячыя вершы для ўнукаў. Мая дачка - годнае дзіця. Яна ўмее шыць, вязаць, лячыць хворых, іграць на ф-на па нотах і без нотаў, гаворыць па-італьянску. Памагае мне, ужо не маладому. У мяне двухмятровыя ўнукі-беларусы. Бачылі іншыя краіны. Таму - інтэлігнентныя нацыяналісты. Я сябрую з іхным бацькам. У мяне цудоўныя сваты. Мае пляменніцы і пляменнікі, дваюрадныя ўнучкі ды ўнукі - не нацешышся! У мяне не вельмі шмат, але ёсць сябры, якім я веру, як самому сабе. Я дагэтуль з замілаваннем гляджу на жанчын. У жыцці яны мне больш памагалі, чым мужчыны. Гэта таксама надае мне аптымізму і натхняе напісаць лірычныя замалёўкі пра апошняе каханне ўжо немаладога мужчыны.

За маладых я не баюся. Яны перамелюць тырана. Тым, хто толькі першы раз праз крыўду і несправядлівасць адчуў сябе часткай грамадзянскай супольнасці і грамадзянінам, асабліва жанчынам сярэдняга ўзросту, кажу: шукайце апору ў блізкіх, сустракайцеся з сябрамі, спявайце, не бойцеся змяніць працу, не спяшайцеся мяняць сябра, прыгледзьцеся да таго, што маеце. Шукайце ў ім добрае!

Расейцы не здолеюць утрымаць доўга хворага тырана. Ім самім хутка будзе не да нас. Кітайцы паводле спецыфічнай кітайскай ментальнасці не здольныя нават у прапагандысцкім фармаце на "братэрскі альтруізм". Яны --агромністыя і самадастатковыя.

Паслухайце Латушку, як ён звяртаўся да беларускіх амбасадараў. Сталее Святлана Ціханоўская. Паслухайце споведзь-заклік старшыні райвыканкама, які перанёс дзве клінічныя смерці. Можна быць аптымістам, радасна жыць і думаць пра смерць, каб годна памерці..

Смейцеся з прапагандыскага енку Лу-кі (“Бедны амапавеці, які ратаваў Беларусь ад катастрофы, збіты ардой пратэстоўцаў так, што не можа дапаўсці да сваёй жонкі, а другога кабета укусіла за мезяны палец, а трэцяму парвалі калашыну форменнага адзення …”). Звярніце ўвагу на экзэмпляры кшталту выкладчыка канстытуцыйнага права БДУ, які даносіць па тэлефоне на суседзяў з БЧБ-сцягамі і скардзіцца на песні ў двары і сумесныя пасядзёнкі з гарбатай. Глядзіце на яго, як на пустое месца, не пішыце няшчаснаму крыўдных эсмээсак. Не трацьце энергію ўзлосці, лепш іранізуйце.

Мы бяромся за рукі, “чтоб не пропать по одиночке”. Гэта Булат Акуджава. сын армянкі, па характару вельмі “беларускі” рускамоўны маскоўскі паэт. Вельмі не-расейскі. Гэта я для маладых.

Мы шмат на што маем права як на ПРАВА НЕАБХОДНАЙ АБАРОНЫ. Нас гвалцяць. Хвала прагарамісту, які зрывае маскі з абліччаў гарыл. Прабачым дробны вандалізм таму, каго пакалечылі на Акрэсціна, і ён вялікімі літарамі напісаў на сцяне ў пад’ездзе: “У кватэры … жыве амапавец…, які здзекваўся з пенсіянера …”.

Закончу палітычным прыкладам. 2001 год, прэзідэнцкія выбары. Я - афіцыйны назіральнік у гімназіі на вул Чэхава . на другім баку вуліцы ад стэлы. Падлік галасоў. Міліцыя адцясніла нас да лесвіцы. Бачым толькі спіны членаў камісіі. Я загадзя дамовіўся з нямецкім журналістам, што прыйдзе на падлік галасоў. Прыйшоў. Мы сядзім блізка. Дыхаем у патыліцы падліковай камісіі. Вынік: Ганчарык - 47%. Лукашэнка - 41% , Гайдукевіч - 2, 8. супраць усіх - 8,5, доля адсотка - несапраўдныя. Пратакол камісія не падпісала. Карэспандэнт пайшоў. Міліцыя нас выцесніла з будынку. На прэсавай канферэнцыі заўтра на пытанне, ці перамог Ганчарык у Мінску на якіх участках, адказ быў адмоўны. Закончылася мая гісторыя аж ў Рэспубліканскай пракуратуры. Мяне павінны былі судзіць за паклёп. Па сямейных абставінах у турму не захацеў пайсці.

Дык як жа мне не быць аптымістам?! Праўда на маім баку.

Тэкст мой закончаны. Дык калі ж усё гэта закончыцца? Як толькі мы настроімся на марафон. Так месяцаў на восем. І будзе наш месяц травень. І будзем мы спяваць шылераўскую Ode an die Freude, якая стала гімнам Еўразвязу. У наступным тэксце я напішу, як узнікла гэтая песня. Вы не паверыце …
Previous post Next post
Up