Будзьце аптымістамі.

Aug 19, 2020 13:23

19/08/2020
Мілыя патрыёты-нацыяналісты, крытыкі майго запісу "Будзьце аптымістамі ..."! Я гуляю ў шахматы, а не ў шашкі. Герменэўтыка, звыштэкст і звышфразавае адзінства застаецца ў сіле не толькі пры чытанні Святога пісьма і мастацкіх твораў, але нават і ў шчабятанні твітэр-рэплік ... Плённасць тэксту вызначаецца вынікам дасягнення не той мэты, якая адлюстраваная ў літарах, а таго, што можа істотна паўплываць на трансфармацыю калектыўнай свядомасці нават на абмежаваны адрэзак часу. Спецыфіка медыяўздзеяння ў інтэрнэце трошкі іншая, чым нейкіх пастулатаў. надрукаваных на паперы. Вінцук, ты мяне здзіўляеш. Спецыфіку мыслення Міколы Бамбізы я слаба ведаю. Чытай загаловак ... Які там пасыл?

Будзьце аптымістамі: дыктатар хутка застрэліцца! Не дапамогуць ніякія шматхадовачкі. Аншлюс не адбудзецца. У другой частцы сённяшняга запісу дам спіс ягоных злачынстваў.
У першай частцы -- спіс кіраўніцтва новай Беларусі. Не ўсміхайцеся, якія пасады я прыдумаў. Мы, беларусы -- пішам свой сцэнар гісторыі.



Святлана Ціханоўская, --пажыццёвая Ганаровая прэзідэнтка Беларусі, старшыня Рады беларускіх жанчын.
Сяргей Ціханоўскі -- першы Дзяцюк Беларусі (па аналогіі з "першай лэдзі" і Кастусём Каліноўскім), старшыня Рады беларускіх прафсаюзаў (рабочыя выберуць:свой чалавек, і Сяргей будзе пачувацца ў сваёй талерцы).
Віктар Бабарыка -- прэм'ер-міністр з шырокімі паўнамоцтвамі, ён жа міністр фінансаў. Пра маё успрыманне ягонай асобы я пісаў раней на ФБ.

А хто ж Прэзідэнт? Паглядзеў учорашнюю прэсавую канферэнцыю яшчэ няўтворанай Каардынацыйнай рады. Вось яно!
Павел Латушка -- Прэзідэнт (наш Вацлаў Гавел! "Павел -- наш Гавел" -- гатовы кліч для новых прэзідэнцкіх выбараў).Тут не сорамна быць асацыятыўна другасным. Ён жа -- старшыня Канстытуцыйнага суда.

Адукацыяй, досведам працы і грамадзянскай пазіцыяй Павел засведчыў адданасць беларускай нацыянальнай ідэі. За яго не будзе сорамна. Ён будзе не проста беларускай англійскай каралевай. Учора ён прамаўляў як грамадзянін, юрыст-міжнароднік і старшыня канстытуцыйнага суда. Перадаю сэнсоўна. "Я даўно перастаў баяцца, не Караеў павінен вызначаць, калі пачнецца следства. У нас ёсць пракуратура і следчы камітэт. потым будзе суд. Нашай краінай правіць КДБ, Усе гэтыя 26 гадоў выбары праводзіць КДБ, а не ЦВК... Нашы суседзі на Захадзе і Расія на Ўсходзе арганічна зацікаўлены ў свабоднай паспяховай Беларусі. Мы будзем імкнуцца атрымаць гарантыі Еўрасаюза, каб мы змаглі правесці мірныя рэформы. Не трэба верыць хлусні КДБ, які выцягнуў з інтэрнэта праграму нейкай грамадскай групы і паклаў на стол Лукашэнку. Нібыта гэта праграма дзянняў народнага руху. Забарона рускай мовы, разрыў эканамічных сувязяў з Расіяй, НАТА, Еўрасаюз... -- гэта правакацыя спецслужбаў ці прыдумка самога Лукашэнкі...

Не магу сцвярджаць, можа мне толькі падалося (толькі слухаў, не запісваў) што Латушка яшчэ адзначыў, што гульня ў манеўры на заходняй мяжы пачата Лукашэнкам для стварэння правакацыйнага прэцэдэнта, каб юрыдычна абставіць законнасць увода войскаў АДКБ. што фармальна магчыма пры АГРЭСІІ ЗВОНКУ. У нас такой пагрозы з Захаду няма. Гэта -- мроі Лукашэнкі. ..
Калі Латушка гэтага не гаварыў, значыць. гэта сказаў я, Пётра Садоўскі, былы старшыня камісіі замежных справаў і знешнеэканамічных сувязяў ВС 12-га склікання.
Марыя Калеснікава -- міністар культуры.

На Дзень вызвалення/Дзень нацыі -- дату вызначым усім народам -- яна сыграе сола на флейце Ode an die Freude у суправаджэнні ДАНА імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца на плошчы Кастуся Каліноўскага (цяпер Кастрычніцкая). Гэта будзе адпавядаць характару нашай народнай рэвалюцыі. Міхаіл Казінец упісваецца семантычна з сваім народным аркестрам у новую Беларусь.
Уяўляеце карціну: свабодныя людзі Беларусі на плошчы Каліноўскага, трансляцыя urbi et orbi, на трыбунах -- госці з усяго свету, Расія часова прыпыніла народную рэвалюцыю, слухае Беларусь, нашы памежнікі не спяць. Нават нашы зоры не спяць, Яны глядзяць на нас ... Уладзімір Някляеў чытае верш-оду Кастусю Каліноўскаму , напісаны 22-га лістапада ў Вільні падчас пахавання паўстанцаў 1863-64 гг.: "І расступілася зямля ... І выйшаў Першы -- гэта я!" Мы -- гістарычна шчаслівыя. Я хмельны ад шчасця і спяваю купалаўскую "А ў бары-бары тры дарожанькі" ... Спяваю ўжо ў свабоднай Беларусі. Сем месяцаў таму суддзі Цэнтральнага раёна г. Мінска Іван Касцян і Т. У.. Акавітая прысудзілі мне за спеў на Кастрычніцкай плошчы на мірным сходзе грамадзян някляеўск'ага верша і купалаўскай песні 60 базавых велічынь, тады -- 1800 руб. Мне 80 год. Пенсія была тады 560 руб., цяпер -- без аднаго рубля 600.
Для азнаямлення маладых змагароў за свабоду і Беларусь падрабязны спіс відавочных злачынстваў постсавецкага дыктатара Лукашэнкі (папулярна, па простаму, з элементамі прыблізнай тэрміналогіі) будзе змешчаныны на маёй старонцы у ФБ праз некалькі гадзін.

Тут такія пазіцыі: праз невуцтва і хамства разбурэнне Боскай веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў, фактычна выхаванне непрыязні да праваслаўнай веры ў рэфлексіўнай часткі вернікаў-беларусаў праз уцягванне кліра ў антынацыянальныя акцыі свецкага побыту, раскол грамадства паводле нацыянальнай прыкметы, знявага роднай мовы карэннага насельніцтва, здзек з дзяржаўных сімвалаў і каштоўнасцяў, "пратуберанцы" публічнага антысемітызму, забойствы, крымінальныя ўказы і рэферэндумы, палітычная хлусня і шальмаванне апанентаў, паталагічная публічная хлусня з карыслівымі намерамі, арышты, давядзенне да смерці праз маральны ціск, фізічныя катаванні праз фашысцкія фармаванні, публічны панегірык Гітлеру, сэксісцкія публічныя учынкі на вербальным узроўні з адначаснай гендэрнай знявагай жанчын і асабістай сямейна-маральнай распустай, маральны ўціск непаўналетняга ўласнага дзіцяці праз "комплексы падзішаха", бескантрольнае разбазарванне дзяржаўных сродкаў на ўласныя забавы і хобі свайго атачэння, будаўніцтва рэзідэнцый, вываз валютных запасаў за мяжу для фармавання свайго "прэзідэнцкага" фонду, бескантрольны продаж зямлі замежным "сяброўскім" партнёрам і г. д.
Previous post Next post
Up