Персанальная выстаўка мастачкі Хелены-Александры Рэут, першая ў Вялікабрытаніі, адбывалася 20-27 лютага ў King's Art Centre у Кэмбріджы. Паказ пад назвай «Беларусь? Што гэта?», стаўся таксама першай у Вялікабрытаніі незалежнай мастацкай выстаўкай, якая прысвечана тэме Беларусі і беларускасці.
Цэнтральным матывам паказа стала адсутнасць Беларусі ў супольным уяўленні як брытанскага грамадства, так і заходняга грамадства ў цэлым. Праз містычныя і казачныя вобразы ў сваіх карцінах мастачка імкнецца супрацьстаяць гэтай бездані ў ведах - бо калі людзі пра штосці не ведаюць, то гэта проста не існуе. Мастачка распавядае пра гэтую нязведаную зямлю, аб краіне свайго нараджэння, выкарыстоўваючы мастацкія сродкі. Яна выклікае гледача на размову, але калі ў гэты момант яе суразмоўца паціскае плячыма, усё знікае: руйнуюцца будынкі, знікаюць вуліцы, яе стары дом згасае ў нябыце.
Хелена-Александра насельвае сваю казачную краіну аморфнымі персанажамі, напаўпразрыстымі з-за туману, але якія з няўпэўненай надзеяй цягнуцца адзін да аднаго. Усе гэтыя характары - які самотна паліць на кухні ці спакойна спіць у ложку - аказваюцца не такія ўжо і містычныя, а Беларусь не такая і далёкая, каб не існаваць зусім. На карцінах мы бачым душы людзей, якія жывуць сваё жыццё там. Па сутнасці, гэтак жа, як і тут.
Карціны Хелены-Александры Рэут з'яўляюцца элегіяй у гонар беларускай культуры і прыгажосці прыроды, і становяць ствярджэнне пра гэтую невядомую тэрыторыю і людзей, якія там жывуць, вучацца, працуюць, улюбляюцца, хвалююцца.