ланцугі

Jun 17, 2010 18:06



Частка І

Як зняволіць чалавека, прымусіць яго жыць так, як гэтага хоча хтосьці іншы? Можна накінуць на яго ланцугі забаронаў і абмежаванняў, стварыць атмасферу страху, гвалтоўна насадзіць звышасабовыя каштоўнасці і мэты, упэўніць ў мізэрнасці чалавека ў параўнанні з вялікай Дзяржавай, Нацыяй, Ідэяй. Але, як паказала гісторыя, метад гэты не надта дзейсны. Хтосьці будзе супраціўляцца. І такіх, адчуўшых сваю залежнасць і не жадаючых ёй скарыцца, будзе ўсё болей і болей. Ні якая, нават самая дасканалая, сістэма непрыхаванага прыгнёту не зможа пратрымацца доўга.

Таму прагрэсіўныя грамадствы вынайшлі іншы метад зняволення. Каб чалавек застаўся на пэўным месцы, яго можна прыкаваць ланцугамі да слупу ці то сцяны, а можна зрабіць так, каб чалавек сам не пажадаў зрушыцца з месца. Можна стварыць вакол слупу невялічкую прастору, дзе чалавеку будзе цёпла, утульна, бяспечна, і дзе ён будзе верыць, што ўсё гэта ён абраў сам. І яшчэ ўпэўніць вязня ў тым, што за мяжою гэтай прасторы яго чакаюць цемра, холад і немінучая смерць. Ланцугі застаюцца, але толькі як страхоўка на выпадак непрадбачаных падзей - ўсё роўна амаль ніхто не захоча ўстаць і выпрастаць іх на ўсю даўжыню. Бо ланцугі моды, грамадскага меркавання, звычак і ляноты трымаюць не толькі моцна, але і прыемна. Гэта як быць прыкаваным да ложку ружовымі наручнікамі з сэкс-шопу, калі пад табой - шаўковая бялізна, у руцэ - бакал шампанскага, а вакол танчаць прывабныя дзяўчаты - ты, менавiта, не задумваешся над тым, што ўстаць немагчыма, бо не надта і хочацца.  А большасць з тых, хто усё ж такі зайшлі так далёка, што нацягнулі свае ланцугі, хутчэй за ўсё, вернуцца да слупу і паспрабуюць забыцца на тое, што бачылі там, на краі сваёй свабоды. Бо непрыемна ўсведамляць, што тое, ва што ты верыў, на сам рэч апынулася хлуснёю, што твае самыя лепшыя памкненні былі выкарыстаныя кімсьці іншым для дасягнення яго мэтаў, што тое, дзеля чаго ты зруйнаваў гады сваёй маладосці, у лепшым выпадку не мае ні якай каштоўнасці, а часам нават з’яўляецца шкодным для цябе самога і для наваколля. І калі нават прызнацца сабе ў гэтым, што рабіць тады? Адмовіцца ад цёплага месца каля слупу і пайсці ў цемру насустрач невядомаму? Той, хто паспрабуе гэта зрабіць, адразу адчуе на шыі пятлю кахання і адказнасці за блізкіх. Калі ты скінуў кайданы са сваёй рукі, але моцна трымаеш у далоні руку каханага чалавека, на якой блішчыць металічны бранзалет, ты далёка не сыдзеш…

Але гаворка не пра тое, што рабіць з ланцугамі: ірваць іх, скарыцца, альбо ўспрыняць іх як неабходнасць, як ўласны свядомы выбар. Гаворка пра тое, што сама магчымасць нацягнуць ланцуг, адчуць яго і самастойна вырашыць, што з ім рабіць - гэта ўжо вялікая свабода. Пазбавіць чалавека менавіта гэтай магчымасці - самы надзейны спосаб яго падпарадкаваць. Бо лягчэй за ўсё кантраляваць таго, хто жыве ў ілюзіі ўласнай свабоды.

P.S. Мне здаецца, нам вельмі пашчасціла жыць у краіне, дзе ланцугі досыць кароткія, каб іх лёгка было адчуць.

Частка ІІ

Я заўсёды была прыхільнікам асабістай свабоды кожнага. Але апошнім часам я чула, як некалькі не самых дурных людзей выказваліся ў сваёй прыязнасці да фашызму. І сапраўды, што бывае, калі свабоду, прынамсі свабоду адчуваць свае кайданы і абіраць, што з імі рабіць, атрымлівае той, хто гэтага не варты, ці, больш дакладна, да гэтага не гатовы? Жорсткасць. Тады можа мы зараз і маем грамадства ідэальнага фашызму, дзе тыя, вызваленне якіх было бы небяспечным для іх саміх і навакольных, нават не адчуваюць сябе зняволенымі. І не трэба нікому расплюшчваць вочы, бо гвалтоўнае асветніцтва, гвалтоўнае вызваленне - гэта ўсё роўна перш за ўсё гвалт. Да таго ж гэты гвалт можа мець непрадказальныя наступствы. Той, хто таго варты, сам знойдзе свой шлях. Астатнім лепш заставацца ля слупу?

белорусы, политика

Previous post Next post
Up